Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся за беражлівасьць, а пасьля адляцеў на верталёце. Мы ведаем цану палёту


Прэзыдэнцкі верталёт
Прэзыдэнцкі верталёт

За кошт паліва для палёту на верталёце зь Менску да Слуцку можна было б набыць прыкладна 12,5 тон кукурузы, ці 10 тон пшаніцы.

Лукашэнка сёньня наведаў Слуцкі раён, дзе ня толькі вырашаў пытаньне з дарогамі, але і адзначыў нягаспадарлівасьць, а менавіта стан палёў і затопленай кукурузы. Свабода падлічыла, што можна было б набыць за кошт аднаго толькі паліва, неабходнага на такі палёт.

Увогуле, кіраўнік краіны выкарыстоўвае два вялікіх верталёты, і адзін меншы. Тая «птушка», на якой Лукашэнка, хутчэй за ўсё, прыляцеў да Слуцка — «Ми-172». Яна фактычна зьяўляецца мадыфікацыяй больш старога «Ми-8МТВ». Адна гадзіна палёту на такой машыне, без уліку амартызацыі, заробкаў пілётаў, напрамку ветру ды загрузкі, каштуе каля 2500 рублёў. Гаворка толькі пра паліва. Сам Слуцк знаходзіцца на поўдні ад Менску, на адлегласьці 105 кілямэтраў.

Калі ўлічваць, што сярэдняя хуткасьць гэтай мадэлі верталёту складае 220 км/г, а ляцець давялося супраць ветру і, як мінімум, разам з аховай са Службы бясьпекі, атрымаем наступнае. Увесь палёт (зь невялікім аблётам па раёне) заняў прыкладна 1 гадзіну і 20 хвілін, умовы для палёту былі не найлепшыя.

Толькі кошт за паліва ў такой трасе склаў каля 3200–3500 рублёў. Што можна набыць за гэтыя грошы? Згаданая Лукашэнкам кукуруза, якую нібыта змарнавалі негаспадарлівыя кіраўнікі, каштуе каля 260–280 рублёў за тону, а пшаніца — 310–340 рублёў.

Такім чынам, толькі частковы кошт палёту Аляксандра Лукашэнкі ў Слуцкі раён склаў 12,5 тон кукурузы, або 10 тон пшаніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG