Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нам неабходна вырабіць збожжа, перапрацаваць і атрымаць гатовую мясамалочную прадукцыю»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Падчас паездкі ў Слуцкі раён Аляксандар Лукашэнка загадаў навесьці «жалезную дысцыпліну» на прадпрыемствах рэгіёну, перадае БЕЛТА.

Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў «безадказнае стаўленьне» асобных гаспадарак: праляцеўшы на верталёце, ён заўважыў, што шмат палёў з кукурузай затопленыя:

«Гэта сьведчыць пра тое, што мы часам ня думаем, дзе сеяць і як будзем убіраць, — абураўся Лукашэнка. — Там, дзе павінны быць травы, вы пасеялі кукурузу, і па калена вада. Вакол нізіна, вада нікуды ня сыдзе ўжо».

Ён распарадзіўся, каб страхавыя выплаты за збожжа, якое загінула празь нядбайнасьць кіраўнікоў гаспадарак, не выплачваліся.

Таксама Лукашэнка загадаў цалкам загрузіць магутнасьці прадпрыемстваў мясамалочнага комплексу, «дзе ёсьць такая неабходнасьць». А інвэстараў чакаць ня варта, мяркуе ён, бо тыя будуць імкнуцца як найхутчэй прадаць збожжа, каб атрымаць хуткі прыбытак:

«Але ж нам ня так трэба, — патлумачыў Лукашэнка. — Нам неабходна вырабіць збожжа, перапрацаваць і атрымаць гатовую мясамалочную прадукцыю».

Ён перакананы, што калі «ўсё прыватнае», як у Расеі, то прыватныя гаспадаркі не зацікаўленыя ў складанай вытворчасьці, якой ён лічыць мясамалочную:

«І будзем гэтую палітыку праводзіць, не дапусьцім таго, каб чалавек прыйшоў — „вы да мяне ня лезьце, я што хачу, тое і прадаю, на рынку ёсьць попыт“, — паабяцаў Лукашэнка. — Так, ёсьць попыт, але мы пакінем насельніцтва бязь мяса і малака».

Дарогі — палепшыць, лінейку дарожна-будаўнічых машынаў — пашырыць

Акрамя мясамалочнай, Лукашэнка згадваў і дарожную тэму: даручыў «мясцовую сетку дарог падняць да ўзроўню рэспубліканскіх». Паводле афіцыйных зьвестак, на новую дарожную праграму на 2017–2020 гады заплянавана патраціць 2,87 млрд даляраў, хоць мінулая праграма на 6,852 млрд не была выкананая цалкам і спынілася заўчасна.

Каля 29,7% мясцовых дарог на сёньня не адпавядаюць нормам, 30% цяпер патрабуюць рамонту, больш за 64% маюць абмежаваньне на вагу машын, 94% эксплюатуюцца «зь перавышэньнем міжрамонтных тэрмінаў».

Прадстаўнікам прамысловасьці Слуцкага раёну Лукашэнка загадаў пашырыць лінейку дарожна-будаўнічых машын. Тым часам машынабудаваньне Беларусі за апошнія 5 гадоў абвалілася па ўсіх пазыцыях — ад трактароў да ровараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG