Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пальчыс адказаў Статкевічу: Ніякай цэнзуры выканаўцаў на «Сьвяце незалежнасьці» не было


Афіша «Сьвята Незалежнасьці» ў Менску, фрагмэнт
Афіша «Сьвята Незалежнасьці» ў Менску, фрагмэнт

У камэнтары пра затрыманьне ініцыятараў забароненага ўладамі шэсьця 25 сакавіка Мікола Статкевіч заявіў, што сьпісы выступоўцаў на санкцыянаваным мітынгу-канцэрце 25 сакавіка ўзгадняліся з уладамі, была цэнзура. Арганізатары гэта абвяргаюць.

Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Адзін з арганізатараў канцэрту Эдуард Пальчыс некалькі раз перапытаў карэспандэнта Свабоды, што мелася на ўвазе.

«А каго маглі забараніць? — перапытваў Пальчыс. — Чорных сьпісаў даўно няма. У „Дзецюкоў“ былі вечныя праблемы, але яны ў нас выступаюць. Я ня ведаю, што ён там прыдумаў, якія там гурты могуць быць у чорных сьпісах.

Нам наогул ня трэба дазволаў на выступы гуртоў — „гастролек“. Нам сказалі, што гастрольныя пасьведчаньні на артыстаў нам не патрэбныя. А гэта якраз тая рэч, у якой апісваецца, што сьпяваць будуць, якія тэксты. Мы можам паклікаць каго заўгодна, выступіць можа хто заўгодна».

Пальчыс удакладніў, што на канцэрце ня змогуць выступіць хіба нейкія «супэрзабароненыя экстрэмісцкія гурты з сатанінскімі элемэнтамі», але ён ня можа прыдумаць, хто з пакліканых на канцэрт цяпер у «чорных сьпісах» уладаў.

Іншы арганізатар сьвяточных мерапрыемстваў 25 сакавіка — ініцыятар кампаніі #БНР100 Павал Белавус таксама заявіў Свабодзе, што арганізатары ні з кім не ўзгаднялі сьпіс выступоўцаў.

Арганізатары канцэрту-мітынгу выступілі з асуджэньнем затрыманьня ініцыятараў шэсьця і выказалі спадзяваньні на тое, што 25 сакавіка ініцыятары шэсьця сустрэнуць на волі.

***

Канцэрт-мітынг у Менску пачнецца а 13-й гадзіне ля Опэрнага тэатру. На яго правядзеньне праз сайт Talaka.by сабралі амаль 35 тысяч рублёў, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя, але будуць міліцэйскія кардоны.

На канцэрце маюць выступіць гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. Дачка Лявона Вольскага Адэля Вольская засьпявае песьні бацькі.

Асобныя выканаўцы ня выступяць на канцэрце ля опэрнага тэатру, але адзначаць 100 год абвяшчэньня незалежнасьці БНР іначай. Лявон Вольскі мае сьпяваць 25 сакавіка ў Беластоку (канцэрт там быў заплянаваны яшчэ мінулым летам, арганізатары вырашылі яго не пераносіць), але таксама выступіць на менскім канцэрце праз тэлемост. Зьміцер Вайцюшкевіч выступіць 24 сакавіка ў Менску, а 25-га будзе сьпяваць у Варшаве. У іншых гарадах на імпрэзах 25 сакавіка выступяць гурты :B:N:, Handmade, N.R.M., Re1ikt і іншыя.

Ад выступаў, зьвязаных з БНР, у жорсткай форме адмовіўся Аляксандар Кулінковіч, лідэр гурту Neuro Dubel​. Сяргей Міхалок — лідэр Brutto — ня даў ніякага адказу арганізатарам канцэрту ля опэрнага тэатру, але дырэктар ягоных гуртоў заявіў, што 25 сакавіка гурт «Ляпіс-98» зь Міхалком будзе граць на раней заплянаваным канцэрце ў Мазыры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG