Радыё Свабода палічыла ўдзельнікаў вулічных акцыяў на Дзень Волі ў 2000-2017 гадах і затрыманых падчас іх. Зьвесткі сабраныя паводле справаздач праваабарончага цэнтру «Вясна» і публікацый на нашым сайце.
Упершыню Дзень Волі ў Беларусі публічна адсьвяткавалі ў 1989 годзе, калі студэнты Тэатральна-мастацкага інстытуту зладзілі ў Менску пэрформанс.
75-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску сьвяткавалі ўжо афіцыйна. У будынку Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўсіх прысутных павіншаваў тагачасны кіраўнік дзяржавы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.
Самыя масавыя акцыі
Найбольш масавай за ўсё гісторыю сьвяткаваньня ўгодкаў БНР лічыцца мітынг 1996 году, калі на пляцоўцы ля Опэрнага тэатру сабралася больш за 30000 чалавек. У міліцыю ў той дзень трапіла толькі тысячная частка ўдзельнікаў. Паводле публікацый газэты «Свабода», 25 сакавіка 1996 году затрымалі 30 чалавек.
Другое па масавасьці месца занялі Дні Волі ў 2000 і 2006 годзе — абедзьве акцыі сабралі каля 10000 чалавек. Колькасьць затрыманых у гэтыя дні была прыблізна роўнай — каля чатырох сотняў.
На Дзень Волі-2000 на вуліцы Менску зьявілася вайсковая тэхніка — вадамёты, бронетранспартэры, цэнтар гораду патрулявалі ўзброеныя салдаты з сабакамі. Па розных ацэнках, у той дзень затрымалі ад 200 да 400 чалавек, сярод іх 35 журналістаў беларускіх і замежных СМІ.
У 2006 годзе гадавіна абвяшчэньня БНР супала з пратэстамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 сакавіка. У дзень выбараў на вуліцы Менску выйшлі 30000 чалавек, на наступны дзень — 6000. На Кастрычніцкай плошчы ўтварылася намётавае мястэчка, якое разагналі 24 сакавіка. На Дзень Волі 25 сакавіка на вуліцы сталіцы выйшла 10000 чалавек. Пасьля мітынгу ў Купалаўскім сквэры частка дэманстрантаў на заклік экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна рушыла да ізалятару на вуліцы Акрэсьціна, каб патрабаваць вызваленьня затрыманых. У выніку затрымалі яшчэ 400 чалавек.
Па 5000 чалавек выходзілі на Дзень Волі ў 2001 і 2007 гадах — на наступны год пасьля найбольш масавых затрыманьняў на той момант. У выніку ў 2001 годзе затрымалі 6 чалавек, у 2007-м — 39.
Найбольш затрыманьняў было летась
Найбольшая колькасьць затрыманьняў за апошнія 17 гадоў прыпала на леташні Дзень Волі. Зь менскага «Маршу недармаедаў» 17 лютага 2017 году ў краіне пачаліся пратэсты супраць дэкрэту № 3 аб сацыяльным утрыманстве. Хваля пратэстаў прайшлася па гарадах Беларусі. Пасьля акцыі ў Маладэчне 10 сакавіка пачаліся масавыя затрыманьні па ўсёй краіне. Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра падрыхтоўку ў краіне «правакацый» і затрыманьні «дзясяткі баевікоў». З 21 па 24 сакавіка ў Беларусі затрымалі 86 чалавек.
Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў
Да пачатку прызначанага шэсьця 25 сакавіка ў зьняволеньні знаходзіліся ўсе апазыцыйныя лідэры. Паводле публікацый на Радыё Свабода агулам у розных частках Менску на акцыю ў Дзень Волі сабраліся да 1300 чалавек. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сьведчыў пра затрыманьні 25 сакавіка ад 516 да 700 чалавек.
3 самыя нешматлікія акцыі
Пасьля масавых затрыманьняў на Дзень Волі ў 2000 годзе колькасьць удзельнікаў акцый 25 сакавіка штогод падала. У 2002 годзе на Дзень Волі прыйшло 2200 чалавек. На 85-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2003 годзе на Дзень Волі адбылося дзьве акцыі: КХП БНФ 23 сакавіка і Партыі БНФ у дзень прыняцьця Трэцяй устаўной граматы. Агулам дзьве акцыі сабралі 300 чалавек, зь іх 55 чалавек затрымалі.
У наступным годзе на народныя гуляньні з нагоды Дня Волі на Кастрычніцкую плошчу ў Менску прыйшло толькі каля 100 чалавек — гэта антырэкорд 25 сакавіка за апошнія 17 гадоў.
Увесну 2011 году ў Беларусі праходзілі суды за пратэсты 19 сьнежня 2010 году. Пасьля разгону Плошчы-2010 ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў затрымалі 767 чалавек. На 7 з 9 кандыдатаў у прэзыдэнты завялі крымінальныя справы. У знак салідарнасьці з палітвязьнямі на Дзень Волі-2011 выйшлі 200 чалавек, затрымалі 65.
2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by сабралі на момант публікацыі 98% неабходнай сумы. Усе заяўкі на правядзеньне шэсьцяў Менгарвыканкам адхіліў.