Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор грошай на #БНР100: Менск — 98%, Горадня — 24%, Берасьце — 22%, Слуцак — 11%


На плятформе Talaka.by ідуць некалькі кампаніяў збору сродкаў на імпрэзы ў гонар 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На менскае «Сьвята незалежнасьці» сабралі амаль поўную суму, у рэгіёнах сытуацыя горшая.

У кожнай з чатырох кампаніяў не прадаюць квіткі на імпрэзы — яны будуць бясплатныя. За ўкладаньне грошай абяцаюць перадусім падзяку, а таксама розныя сувэніры кшталту паштовак, значкоў ды іншай прома-прадукцыі.

Канцэрт-мітынг у Менску, што пачнецца а 13-й гадзіне ля Опэрнага тэатру, сабраў на Talaka.by на момант публікацыі 34,4 тысячы рублёў з патрэбных 35 тысяч, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі. На канцэрце маюць выступіць гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. Дачка Лявона Вольскага Адэля Вольская засьпявае песьні бацькі.

На сьвяточныя мерапрыемствы ў Горадні на Talaka.by сабралі толькі 2 тысячы рублёў, а трэба больш за 8. Грошы зьбіраюць таксама іншымі шляхамі, так набралася каля паловы патрэбнай сумы. Цэнтральным мерапрыемствам у Горадні стане канцэрт у Калоскім парку, які пачнецца 25 сакавіка а 13-й, там выступяць гурты Handmade, Harotnica, Tłusta Łusta, Helios. За два дні да таго ў Горадні прэзэнтуюць кнігу Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР».

Для імпрэзаў у Берасьці сабралі толькі 1125 рублёў з патрэбных 5000. Цэнтральнае мерапрыемства — «Фэст 100 год БНР» — пачнецца 25 сакавіка а 12-й на плошчы Свабоды. Там выступяць гарадзкі духавы аркестар, гурты :B:N:, Re1ikt, Cad Goddeu, Zolki Band і «Спрат».

На канцэрт у Слуцку пакуль сабралі ўсяго 170 рублёў з патрэбных 1500. Што менавіта будзе на канцэрце, пакуль невядома: не анансаваныя нават месца і час імпрэзы.

Розныя падзеі ў межах кампаніі #БНР100, а таксама зладжаныя сіламі незалежных актывістаў і часам нават беларускіх уладаў пройдуць яшчэ ў дзясятках месцаў на некалькіх кантынэнтах.

Колькасьць удзельнікаў і затрыманых на Дзень Волі ў папярэднія гады

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG