Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоспадзі, рэбзя! або Дзеці рабоў на фудкорце


Гэтыя словы — зь беларускамоўных допісаў у сацыяльных сетках, а нават з паважных артыкулаў. Расейскія жарганізмы ў беларускай мове — крэатыў ці праява правінцыйнасьці?

О Госпадзе, што за „хоспадзі“?

Натрапляю ў сетках на эмацыйнае:

Хоспадзі, ну калі ўжо мы скончым ставіць воз наперадзе кабылы...

Чаму Хоспадзі ?! Хто так вымаўляе па-беларуску? Ды ніхто.

Затое ў расейскай інтэрнэт-прасторы такога дабра — „хосподи!“ — поўна. Іронія ў тым, што і расейцы так не вымаўляюць! А літарай Х перадаюць... акурат „украінскае“ ці „беларускае“ Г! У расейскай азбуцы літара Г абазначае выбухны гук [g], а для вельмі рэдкага там фрыкатыўнага (праточнага, шчыліннага, працяжнага) [h] літары няма.

Нормы расейскага літаратурнага вымаўленьня XIX–XX ст. рэглямэнтавалі шчылінны гук [h] у словах царкоўна-рэлігійнай сфэры: бог — бога, богу; господь, благо і вытворныя, некаторыя іншыя. У 1980-я гады вымаўленчая норма, кадыфікаваная Інстытутам расейскай мовы, дазваляла [h] у выклічніках ага, ого, гоп, господи (як выклічнік). Плюс бога, богу ўва ўскосных склонах.

Гэта ня ўплыў паўднёварасейскіх дыялектаў, а рэха аўтарытэту імпартаваных у Маскву ў XVII ст. украінскіх і беларускіх асьветнікаў і багасловаў — знаўцаў царкоўнаславянскай традыцыі (як Епіфані Славінецкі і Сімяон Полацкі — абодва выпускнікі Кіева-Магілянскай акадэміі), якія чыталі царкоўнаславяншчыну адпаведна фанэтыцы сваіх родных моваў. (Крыху па-рознаму: украінцы вымаўляюць Г як фарынгальны, глыбейшы гук, а большасьць беларусаў — як заднеязычны, але гэта тут непрынцыпова.)

У ХХ стагодзьдзі ў расейскай літаратурнай мове Г фрыкатыўнае дадае экспрэсіўнасьці.

„На фоне нарматыўнай расейскай фанэтыкі з выбухным [g] уключанае ў асобныя словы [h] надае ім асаблівую выразнасьць“,

пісала, спасылаючыся на фаноляга А. Рэфармацкага, расейская лінгвістка А. Суперанская. У 1950-я гады Рэфармацкі і С. Ожагаў заўважылі „паўторнае“ пранікненьне ненарматыўнага, бо ўзятага зь іншых моўных сыстэмаў, гуку [h] у мову тагачаснай расейскай моладзі. Зь ім выразы У, гад!, Хорош гусь!, Экая гадина! загучалі асабліва тэмпэрамэнтна.

Таму сучасныя расейцы эмацыйна кажуць [h]осподи, а ня [g]осподи. І нефармальна паказваюць гэта літарай Х, бо інакш няма як.

А беларусы, для якіх натуральна казаць менавіта [h]оспадзе (і адпаведна пісаць — Госпадзе!), правінцыйна калькуюць усходніх суседзяў. Не заўважаючы гука-літарнага абсурду.

Чэл.? Якое слова скарочана?

Ужо ня проста допіс у сетках, а эсэ:

...Што гэта за чэл, які ў ХІХ стагоддзі цікавіўся сівым мінулым супольнай беларуска-літоўскай гісторыі?

Аўдыторыю спакушаюць мадэрнізацыяй вобразу дзеяча беларускае клясычнае культуры праз жаргонны русізм — савецкага канцылярскага паходжаньня, ад скароту „(5, 10, 50) чел(овек)“. Ці дарэчна называць „чэлам“ шанаванага ў сьвеце творцу, якія непаўторныя нюансы ягонай постаці граюць новымі фарбамі — хай чытач вырашае сам. Але нават калі не зважаць на стылістыку, то ў беларускай мове „чэл“ у значэньні ‘чалавек’ наагул немагчымы. Чалавек і аднакаранёвыя толькі з А. На чэл- пачынаецца зусім іншае слова — чэлес.

Падобна абсурдны па-беларуску генсек: ад сакратара „сек“ ніяк ня можа ўтварыцца (ці мо генсек сячэ гены, як дрывасек дрэвы? Для маладзейшых патлумачу, што Генэральны сакратар — галоўны савецкі правадыр). „Генсек“ па-беларуску дарэчы хіба ў іранічных апісаньнях савецкае рэальнасьці.

Але такога гістарычна-стылістычнага (а ня толькі фанэтычна-графічнага) апраўданьня слову чэл у беларускай мове няма.

Прам, кароч, штот... Мы ў Менску ці ў Маскве?

Рэпартаж і рэклямны спокліч:

Цялесныя адчуванні [сьпявачкі] Русі звязаныя з сярэбранымі варсінкамі — яна прам фізічна адчувае ў момант выступу тое, што яна пакрытая чымсьці святлівым і іскрыстым.

Шчасце — гэта прам зараз!

Шчыра, не чакаў такога слоўца ў адказных тэкставых жанрах. Гэта ж расейскае „прям“. Узмацняльная часьцінка прямо, дэманстратыўна стылізаваная пад „мааскофскъй гваарок“.

Вельмі характэрная рыса расейскай мовы — рэдукцыя ненаціскных галосных. Яны моцна скарачаюцца і набываюць невыразны тэмбр. Наймацнейшая — нулявая рэдукцыя, калі ненаціскны галосны зьнікае (пжалста, какгрицца, фсётки, Мариванна ‘Мария Ивановна’). Артаэпічныя нормы нулявую рэдукцыю ня надта ўхваляюць, але ў расейскім размоўным (зьніжаным) маўленьні, у прыватнасьці маскоўскім, яна квітнее:

Погварите са мной))) Это я специально. Коренная, кореннее некуда. Мы не акаем, мы под-акиваем. И да. Редуцируем. Лотрея и шссе это уходящая Москва.

Мовазнаўца С. Кадзасаў заўважае, што слова з нулявой рэдукцыяй у расейскай вуснай літаратурнай мове надае выказваньню вульгарна-іранічнае адценьне або стварае камічны эфэкт (як у рэпрызе А. Райкіна „Меняться бум?“, г. зн. „будем“).

Беларускай жа мове — і літаратурнаму стандарту, і гутарковаму маўленьню, і дыялектнаму — рэдукцыя галосных чужая:

„Моцная рэдукцыя ненаціскных складоў, калі галосныя змяняюцца ў гукі няпоўнага ўтварэння (што характэрна для рускай мовы), беларускай і ўкраінскай мовам не ўласціва, а выпадкі поўнай рэдукцыі сустракаюцца вельмі рэдка. Галосныя ненаціскных складоў змяняюцца па сваёй працягласці і гучнасці, але не ў такой ступені моцна, як у рускай мове“, —

пісала фанэтыстка Лілія Выгонная ў акадэмічнай працы „Фанетыка беларускай літаратурнай мовы“ (1989).

Г. зн. у беларускай мове рытм маўленьня раўнамерны. Кажам выразна: мАлАкО, не [мълʌко], як патрабуе расейская артаэпія. Пагатоў не глытаем галосных у канцы слова. Гэтая рыса застаецца ў акцэнце беларусаў, што гавораць па-расейску.

У расейскай жарганізм прям кантрастуе зь літаратурным прямо, мае сваю дыялектную базу і калярыт. Нічога гэтага ён ня мае ў беларускай мове. Вырваны з кантэксту русізм. Бо нават слоўнікі савецкай пары пры ўсёй сваёй зрусыфікаванасьці перакладалі ўзмацняльнае слова „прямо“ як проста, проста-такі.

Бачу ў беларускіх сетках нямала аналягічных жаргонных русізмаў з нулявой рэдукцыяй: кароч, штот... Яны такія самыя чужародныя.

На фудкорце — дзеці рабоў?

...Чылавая зона ўздоўж берага Сажа разраслася да рэспубліканскіх маштабаў, бо на адкрыццё з’ехалася рабзя з усёй краіны.

Калярытнае суседзтва жаргонных англіцызмаў і русізмаў. „Чылавая“ ад chill— ‘асьвяжальны’, ‘лёгкі’ ці проста ‘cool’. Далей у допісе — пра „хіпі-джамп“ (я напісаў бы гіпі), фанбокс і, вядома, фудкорт: усе радасьці — дзеля драйву скейтбардыстых.

І сярод гэтага шабасу англіцызмаў — чыста расейская рабзя...

Хаця з рабзёй рэч яшчэ цямнейшая: няясна, дзе ў яе націск. Беларускія публіцысты пішуць і гэтак:

Але, рэбзя, калі ў маёй краіне натоўпы за сабой водзяць невядомыя хлопчыкі з закрытымі тварамі, з палымянымі сэрцамі (...)

Ребзя, ребя — расейскія жарганізмы зборнага значэньня, паходзяць ад літаратурнага ребята. Пра „рабят“ у беларускай мове мне ўжо даводзілася выказвацца. Нагадаю: у нас да гэтага слова нават адзіночнага ліку няма, бо яно жыўцом узята з расейскай (ребёнок ребята). Этымалёгія— ад старажытнага робъ, адпавядае стараславянскаму рабъ. Робенокъ, робята — літаральна „дзеці раба“. Тым ня менш менавіта ў савецкі час (букварнае „Мы не рабы, рабы не мы!“) русізм рабяты быў накінуты беларускай літаратурнай мове.

Што робіць „картоха“ ў краіне бульбы?

Асабліва бянтэжыць, калі ў беларускую мову ўстаўляюць (дзеля калярыту?) картоху. Гэта расейскі жарганізм з расейскіх жа гаворак (што зусім натуральна). Але ж маем свае дыялектызмы для сваёй татэмнай расьліны! ​

Сярод жаргонных барбарызмаў бачу яшчэ і паходу — слова такога шырокага і невыразнага значэньня, што часта выглядае лішнім устаўным словам-паразытам. А яшчэ дзьвіж. І г. д. Праблема ёсьць.

Паходу маркер. „Русскаго міра“

Іншамоўныя ўключэньні ў гутарковую (зьніжаную, сьленгавую) мову— рэч звычайная. Але аўтары беларускіх тэкстаў бяруць менавіта расейскія жарганізмы, стылістычныя адценьні якіх прачытваюцца выключна ў расейскім кантэксьце. Не задумваючыся, наколькі яны матываваныя і натуральныя зь беларускага гледзішча.

І гэта нават не імітацыя трасянкі. Натуральная трасянка расейскіх фанэтычных жарганізмаў ня мае. Гэта і ня моўная гульня на асаблівасьцях успрыманьня барбарызмаў (чужых неасвоеных словаў).

Магчыма, аўтар хоча даць сыгнал пэўнай аўдыторыі: маўляў, я свой/свая. Але ўсе гэтыя „хоспадзі“ ды „чэлы“, гэты гібрыдны жаргон можна патрактаваць інакш: беларуская мова ня мае лексычных рэсурсаў для эмацыйнай палітры, ня мае гутарковага стылю і ня можа стварыць моладзевага сьленгу.

(Хаця часам парадаксальна ў выглядзе расейскіх жарганізмаў і аргатызмаў да нас вяртаюцца свае ж словы:

капец, халява, зашквар ды іншыя беларусізмы, што трапілі ў расейска-савецкае крымінальнае арго).

„Хайповыя (гайповыя?) дэвайсы“ мяне таксама не захапляюць (я за ўласнабеларускае напаўненьне ўсіх моўных стыляў). Але тут a priori відаць чужамоўе, вакол яго пэўны бар’ер. Дый англіцызмы беларускай мове і моўнай ідэнтычнасьці сёньня не пагражаюць. Англіцызмы — глябальная зьява, яны часта парушаюць гармонію мовы-рэцыпіента, але не размываюць моўна-культурную ідэнтычнасьць.

Што ж да прам і хоспадзі — аматары ўжываць такія слоўцы ў беларускай мове шчыра бяруць іх за „свае“. А яны ж зьвязваюць нас толькі і выключна з прасторай „русскаго міра“.

***

Нехта спытае: а што ўжываць замест хоспадзі, прям ды чэла? А ня буду тут даваць парадаў. Калі аўтар (беларускамоўны аўтар у нашых умовах піша сьвядома, а не на аўтапілёце) гаворыць па-беларуску штодня і ў побыце, калі ўключае моўны самакантроль, то беларускае слова — традыцыйнае ці наватвор — знойдзецца само.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG