Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прапанавалі падзяліць на 18 «цэнтраў эканамічнага росту». Гэта спрацуе?


Падзел Беларусі на рэгіёны вакол «цэнтраў эканамічнага росту», прапанаваны НДЭІ Мінэканомікі Беларусі
Падзел Беларусі на рэгіёны вакол «цэнтраў эканамічнага росту», прапанаваны НДЭІ Мінэканомікі Беларусі

У матэрыялах Кастрычніцкага эканамічнага форуму, які ў канцы вясны рушыў у рэгіёны, апублікаваная прэзэнтацыя дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі» (PDF).

Дасьледчыкі прапануюць глядзець на эканамічнае разьвіцьцё Беларусі не па абласьцях, у якіх утворацца эканамічна слабыя раёны-«дзіры», а разглядаць Беларусь як лучнасьць 18 рэгіёнаў вакол «цэнтраў эканамічнага росту».

Такі падзел не прыняты афіцыйна, расфармоўваць 6 абласьцей у 18 пакуль не зьбіраюцца. Але ці варты ўвагі такі падыход?

Чаму менавіта 18?

Увесну група палітыкаў і экспэртаў на чале зь Зянонам Пазьняком распрацавала праграму «Вольная Беларусь», у якой, сярод іншага, прапанавала новы адміністрацыйны падзел з 16 ваяводзтвамі і Менскам як асобнай адзінкай.

Мапа ў прапанове НДЭІ Мінэканомікі выглядае іначай, некаторыя межы не супадаюць, з «пазьнякоўскага» Бабруйскага ваяводзтва вылучанае ў асобную вобласьць Жлобінскае, з Полацкага — Глыбоцкае.

Дасьледчыкі падзялілі краіну на 18 рэгіёнаў, або «натуральна сфармаваных унутрыабласных сыстэмаў расьсяленьня» вакол «цэнтраў эканамічнага росту» — такіх гарадоў і раёнаў, вакол якіх канцэнтруюцца вытворчыя сілы, у якіх найбольшая інвэстыцыйная прывабнасьць і найлепшыя перадумовы для значных эканамічных эфэктаў.

Асобна адзначаюцца Крычаўскі, Касьцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Слаўгарадзкі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі раёны, у якіх дзейнічае ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 235, які надае раёнам ільготы і прэфэрэнцыі. Яны, як і паўднёвы ўсход Берасьцейскай вобласьці, пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а сытуацыя з эканомікай і дэмаграфіяй там ужо цяжкая. Але яны ўключаюцца ў Магілёўскую сыстэму расьсяленьня, асобнай Крычаўскай сыстэмы на мапе няма.

Выява з дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі»
Выява з дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі»

У 18 рэгіёнах прапануецца вызначыць пэрспэктыўную спэцыялізацыю з партфэлем праектаў і праграмаў. Напрыклад, у Полацка-Наваполацкім рэгіёне разьвіваць нафтахімію і мясамалочную галіну, якія там ужо ёсьць, ствараць мэталюргію, турыстычныя кластэры і цэнтры транспартна-лягістычных паслуг. А ў Аршанскім — да энэргетыкі, вытворчасьці абутку і оптавалакна дадаць ІТ-паслугі, вытворчасьць мэдычнай прадукцыі, турыстычныя і транспартныя абʼекты, а мо і вытворчасьць станкоў, дываноў ды электравымяральных прыбораў.

Іначай будуць «дзіры», а не краіна

Пакуль жа, пры цяперашнім падзеле на 6 абласьцей і раёны, дасьледчыкі канстатуюць, што паміж раёнамі існуюць значныя адрозьненьні ў эканоміцы і дабрабыце, структура эканомікі нестабільная, у бальшыні сельскагаспадарчых раёнаў няма дастатковых даходаў — хоць ёсьць нескарыстаныя рэсурсы, вольныя плошчы і нізкія цэны на нерухомасьць і працоўныя рэсурсы.

У малазаселеных раёнах адбываецца крытычная страта дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялу, паслугі ўсё больш аддаляюцца ад месцаў пражываньня сельскага насельніцтва, а разам з тым у Менску і цяперашніх цэнтрах эканамічнай актыўнасьці растуць сацыяльныя і экалягічныя праблемы.

Тэрытарыяльную неўраўнаважанасьць сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця называюць у працы абʼектыўнай заканамернасьцю, пераадолець якую надзвычай затратна, а выроўніваць штучна па вобласьці — неэфэктыўна. Прапануецца не скарачаць адрозьненьні, а кіраваць імі.

Выява з дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі»
Выява з дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі»

Калі гэтага не рабіць, вялікая частка краіны будзе ў раёнах-«дзірах» з малой шчыльнасьцю насельніцтва. Напрыклад, у Віцебскай вобласьці да 2030 году «дзірамі» (менш за 5 чалавек на 1 км²) стануць усе раёны, акрамя Віцебскага, Аршанскага (больш за 9 чалавек на 1 км²), Глыбоцкага і Лепельскага (7–9 чалавек на 1 км²) раёнаў. На 2015 год «дзірамі» былі толькі Расонскі і Гарадоцкі раёны.

Незалежнаму экспэрту спадабалася

Задуму падзяліць Беларусь на рэгіёны вакол «цэнтраў эканамічнага росту» ў камэнтары Свабодзе пазытыўна ацаніў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які ў 1990-х быў намесьнікам начальніка глаўка Міністэрства сельскай гаспадаркі, першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму і старшынём Менскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў.

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота
Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

Ён згадвае, што розныя праекты новага адміністрацыйнага падзелу ўзьнікалі ня раз, пасьля таго як Беларусь здабыла незалежнасьць. Савецкі падзел на буйныя вобласьці (у 1944–54 гадах іх было 12, плюс аддадзеная Польшчы Беластоцкая вобласьць, пазьней стала 6) рабіўся з улікам памераў і звышцэнтралізаванасьці СССР. І такі падзел сапраўды стварае «перакосы» і мноства эканамічных і дэмаграфічных праблемаў, утварае адзіны цэнтар — Менск — куды імкнуцца людзкія і эканамічныя рэсурсы, а рэгіёны спусташаюцца.

«У шэрагу запатрабаваных у Беларусі палітычных, эканамічных і адміністрацыйных рэформаў адной з, можа, самых простых выглядае рэформа адміністрацыйнага падзелу, — разважае Ярашук. — Тое, што прапанавана, — гэта, безумоўна, адказны крок. І гэта дае нейкую надзею, што нешта будзе адбывацца ў разьвіцьці тэрыторыяў».

Паводле Ярашука, экспэрты, якія займаюцца гэтымі праблемамі, прапануюць яшчэ драбнейшы падзел — цалкам адмовіцца ад абласнога падзелу і разьбіць краіну на тры дзясяткі адміністрацыйных адзінак вакол буйных эканамічных цэнтраў. Цяперашнюю чатырохступенчатую сыстэму кіраваньня — сталіца-вобласьць-раён-сельсавет — ён лічыць разумным зьмяніць на дзьвюхступенчатую: тры дзясяткі адзінак (якія можна назваць паветамі, ваяводзтвамі або іначай) падпарадкаваныя цэнтру.

Чаму гэта проста так не спрацуе

«Галоўнае, чаго я ня ўбачыў у дасьледаваньні, — гэта неабходнасьці самакіраваньня, бо калі ня будзе самакіраваньня, гэта ўсё будзе манілаўшчынай, — кажа Ярашук. — Гэта аснова асноваў, адсутнасьць якой і прывяла рэгіёны да такога заняпаду. А што тычыцца самакіраваньня, паўстаюць адразу і пытаньні палітычнай рэформы: крыж ставіцца на вэртыкалі ўлады».

Выява з дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі»
Выява з дасьледаваньня НДЭІ Мінэканомікі Беларусі «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі»

Паводле Ярашука, цяперашняя вэртыкаль улады не падсправаздачная насельніцтву, ніяк перад ім не адказвае, старшыняў выканкамаў насельніцтва не абірае, а атрымлівае «зьверху». Мясцовыя саветы тым часам ня маюць паўнамоцтваў і рэсурсаў, каб вырашаць мясцовыя пытаньні, у тым ліку эканамічныя. Таму мясцовае насельніцтва не прызнае іх за органы кіраваньня.

Каштоўнасьць самакіраваньня, кажа Ярашук, у наступным: тыя, хто працуе на адпаведнай тэрыторыі, адлічваюць падаткі, мясцовыя органы ўлады самі вырашаюць, на што накіраваць атрыманыя сродкі, пры гэтым застаюцца зацікаўленымі ў тым, як менавіта на гэтай тэрыторыі будзе разьвівацца эканоміка.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі перад працаўнікамі «Магілёўліфтмашу», архіўнае фота
Выступ Аляксандра Лукашэнкі перад працаўнікамі «Магілёўліфтмашу», архіўнае фота

«Размова пра тое, што піраміду ўлады трэба перакуліць і пакласьці ў яе аснову тэрыторыі і рэгіёны. Калі ня будзе разьвіцьця тэрыторыяў і рэгіёнаў, то марная праца разважаць пра разьвіцьцё краіны, — рэзюмуе Ярашук. — З майго пункту гледжаньня, адміністрацыйная рэформа — адна з самых запатрабаваных, але яна немагчымая без сыстэмных рэформаў наогул, рэформаў палітычнай сыстэмы зь пераходам да дэмакратычнага выбраньня органаў кіраваньня зьнізу даверху, эканамічнай рэформы і пераходу да рынкавай эканомікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG