Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма прычынаў бегчы ў банкі і забіраць свае грошы»


На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканаміст Зьміцер Крук і старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Цыганкоў: Нацыянальны банк Беларусі ад 26 чэрвеня адклікае ў ЗАТ «БСБ Банк» ліцэнзію на шэраг банкаўскіх апэрацыяў зь фізычнымі асобамі. Рашэньне прынята з улікам выяўленых падчас праверкі банку «парушэньняў і недахопаў у яго дзейнасьці». «БСБ Банк» зьвярнуўся да кліентаў, каб тыя да 25 чэрвеня паздымалі грошы з усіх сваіх платных картак і рахункаў. Пасьля гэтай даты фізычныя асобы змогуць атрымаць свае сродкі ва ўпаўнаважаным банку.

Ці зьяўляецца гэтая навіна асобным эпізодам альбо яны сьведчыць пра нейкую тэндэнцыю?

Іосуб: Асноўная праблемы ў тым, што сытуацыя непразрыстая і незразумелая для большасьці назіральнікаў. Нацбанк не паведаміў, за якія менавіта парушэньні адклікалі ліцэнзіі, і сам БСБ не сказаў пра гэта нічога. Ня ведаючы сапраўдных прычынаў, цяжка рабіць высновы, наколькі гэтая сытуацыя крытычная, ці ёсьць тут пагроза ўсёй банкаўскай сыстэме.

Вадзім Іосуб, архіўнае фота
Вадзім Іосуб, архіўнае фота

Цыганкоў: Але калі Нацбанк пайшоў на такі радыкальны крок — чаму ён не ўлічыў магчымую рэакцыю людзей, іхнія пэсымістычныя настроі наконт беларускай банкаўскай сфэры?

Іосуб: Пакуль няма ніякіх панічных настрояў, якія б распаўсюджваліся на ўсю банкаўскую сыстэму, бо для гэтага няма прычынаў. Якія ёсьць праблемы ў банкаўскай сфэры — добра вядома, працэнт кепскіх даўгоў і гэтак далей. Але нічога прынцыпова новага не адбылося, каб трэба было хвалявацца і забіраць з банкаў грошы.

Банкаўскі крызіс як этап эканамічнага

Больш за тое, укладчыкі і фізычныя асобы, якія пакінуць БСБ, проста прыйдуць у іншыя беларускія банкі. Так што іншыя банкі, сыстэма ў цэлым нават ад гэтага выйграе.

Крук: Мяркую, што гісторыя з БСБ радыкальна не паўплывае на ўсю беларускую банкаўскую сыстэму, бо роля БСБ была даволі сьціплай. Як мне падаецца, калі б такая сытуацыя склалася ў большым па памерах банку, то Нацбанк паводзіў бы сябе больш асьцярожна.

Я таксама не валодаю ніякай інсайдэрскай інфармацыяй, што ж стала падставай для такога рашэньня Нацбанку. Але калі Нацбанк так пачаў дзейнічаць, то мне падаецца, там даволі цьвяроза ацанілі абстаноўку, вырашылі, што гэты крок ня створыць падмурку для нейкай панікі і нэгатыўных тэндэнцыяў. Таму сытуацыя тут нават менш крытычная, чым некалькі гадоў таму была з «Дэльтабанкам», які быў больш значным для ўсёй банкаўскай сыстэмы.

Зьміцер Крук, архіўнае фота
Зьміцер Крук, архіўнае фота

Цыганкоў: Мы, сапраўды, ня маем ніякай інфармацыі. Але ёсьць жа нейкія правілы, інструкцыі, паводле якіх можна меркаваць, за што пакаралі Белсьвісбанк?

Крук: Варта адзначыць, што Нацбанк ня ўвёў часовую адміністрацыю, не пазбавіў БСБ права на вядзеньне ўсіх банкаўскіх апэрацыяў. Апэрацыі з фізычнымі асобамі не былі галоўнай часткай дзейнасьці БСБ. Таму, я магу дапусьціць, што цяперашняе рашэньне — гэта нейкі прамежкавы крок Нацбанку і, магчыма, паміж бакамі ідуць нейкія перамовы.

Цыганкоў: У іншых краінах увесь час адбываюцца нейкія зьліцьці, куплі, банкруцтвы банкаў. Але ў Беларусі нічога гэтага няма, мы назіраем «стабільнасьць». Гэта правільная стабільнасьць ці яна сьведчыць пра неразьвітасьць рынку, або занадта моцную яго рэгуляцыю з боку дзяржавы?

Іосуб: Банкаўскі рынак у нас моцна зарэгуляваны. Апошнія гады колькасьць банкаў была значна меншая за ўкраінскую ці расейскую, калі глядзець на адносіны банкаўскіх актываў у дачыненьне да ВУП.

Наколькі стабільная беларуская банкаўская сфэра?

Асаблівасьць нашай банкаўскай сыстэмы ў поўнай гарантыі з боку дзяржавы вяртаньня ўкладаў грамадзянаў, у любой валюце і з усімі працэнтамі. Такога няма нідзе ў сьвеце. Але гэта мае і другі бок — такая гарантыя дастаткова дэкляратыўная. Мы бачым, што такія гарантыі добра спрацавалі ў выпадку «Дэльтабанку». Але калі, ня дай Божа, пачнуцца праблемы ў нейкага сыстэмаўтворнага банку, то гарантыі вяртаньня могуць застацца дэкляратыўнымі. Бо няма такой крыніцы, з якой можна вярнуць усе ўклады буйнога беларускага банку.

Цыганкоў: Але ў любой краіне, калі ўсе людзі раптам паспрабуюць забраць усе свае грошы ў банкаў — то ў іх столькі грошай няма. Вадзім, тое, што вы казалі пра Беларусь — гэта чыста тэарэтычная пагроза ці вы бачыце нейкі рэалістычны варыянт, пры якім беларуская банкаўская сыстэмы ня можа гарантаваць уклады?

Віталь Цыганкоў, архіўнае фота
Віталь Цыганкоў, архіўнае фота

Іосуб: Розьніца Беларусі ад іншых краінаў — там дзяржавы не спрабуюць гарантаваць вяртаньне ўсіх укладаў у любой суме. Шмат дзе існуюць падобныя сыстэмы гарантыяў, але яны маюць нейкую столь, абяцаюць вярнуць ня больш за нейкую суму. Унікальнасьць беларускіх гарантыяў у тым, што абяцаюць вярнуць усё, але магчымасьці такой няма.

Зараз сур’ёзных пагрозаў для беларускай банкаўскай сыстэмы не відаць, нагодаў, каб бегчы ў банкі і забіраць свае грошы — няма. Год таму было прынятае вельмі граматнае рашэньне перафарматаваньня, калі ўвялі сыстэму неадклікальных дэпазітаў. Калі ўкладчык пажадае забраць грошы раней часу, то гэта па неадклікальных дэпазітах фактычна немагчыма зрабіць. Па адклікальных гэта азначае страту амаль усіх налічаных працэнтаў. Дзякуючы гэтаму памяншаецца магчымасьць і жаданьне людзей забраць грошы з банкаў. Таму патрэбныя нейкія вельмі сур’ёзныя прычыны, каб людзі пабеглі забіраць свае грошы — пакуль такіх прычынаў не відаць нават за даляглядам.

Крук: Стан банкаўскай сыстэмы выклікае занепакоенасьць. Асноўны выклік — гэта якасьць актываў. Па большай частцы гэта не праблема саміх банкаў, але адлюстраваньне скажонай ролі банкаўскай сыстэмы ў беларускай эканоміцы, калі банкі падштурхоўваюцца да празьмерна актыўнага крэдытаваньня прамысловасьці.

Другая вельмі істотная рызыка, зьвязаная зь першай. Апошнія некалькі гадоў значна павялічылася залежнасьць банкаўскага сэктару ад якасьці дзяржаўнага доўга. Сытуацыя нагадвае ў нечым перадкрызісны стан некаторых краінаў Лацінскай Амэрыкі, калі банкі былі галоўнымі трымальнікамі дзяржаўнага доўгу. І сытуацыя, калі дзяржава будзе не ў стане абслугоўваць дзяржаўны доўг — гэта стане істотны выклікам для банкаў. Гэта можа адбыцца ня сёньня-заўтра. Але ў пэрспэктыве некалькіх гадоў гэта вельмі істотны выклік.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG