Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў «БСБ Банку» на шэраг апэрацыяў. «БСБ Банк» назваў гэтае рашэньне жорсткім і неадпаведным


Нацыянальны банк з 26 чэрвеня адклікае ў ЗАТ «БСБ Банк» ліцэнзію на шэраг банкаўскіх апэрацыяў зь фізычнымі асобамі. Рашэньне прынята з улікам выяўленых падчас праверкі банку «парушэньняў і недахопаў у яго дзейнасьці».

Пра гэта паведамляецца на сайце рэгулятара. «БСБ Банк» зьвярнуўся да кліентаў, каб тыя да 25 чэрвеня паздымалі грошы з усіх сваіх платных картак і рахункаў.

Пасьля гэтай даты фізычныя асобы змогуць атрымаць свае сродкі ва ўпаўнаважаным банку.

«Банк заўсёды ў поўным абʼёме выконваў свае абавязаньні перад кліентамі. І зараз, выяўляючы клопат, банк распачаў усе крокі, каб кліенты маглі бесьперашкодна зьняць грошы са сваіх рахункаў. Гэта магчыма зрабіць, зьвярнуўшыся ў касы банку і ў банкаматах любога банку — на цяперашні момант адмененыя ўсе камісіі за зьняцьце грашовых сродкаў на тэрыторыі Беларусі», — паведамляецца на сайце «БСБ Банку».

«БСБ Банк» дадаў, што працягвае ў поўным абʼёме працаваць зь юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

«Мэнэджмент банку запэўнівае, што банк знаходзіўся і знаходзіцца ва ўстойлівым стане, які забясьпечвае ўсе інтарэсы ўкладчыкаў. Банк зь перавышэньнем выконвае ўсе асноўныя нарматывы бясьпечнага функцыянаваньня, устаноўленыя Нацбанкам Рэспублікі Беларусь. ЗАТ „БСБ Банк“ падпарадкуецца рашэньню Нацбанку Рэспублікі Беларусь, але выказвае сваё зьдзіўленьне жорсткасьцю прынятага рашэньня і лічыць яго неадпаведным выяўленым парушэньням», — заявілі ў «БСБ Банку».

ЗАТ «БСБ Банк» працуе на беларускім рынку банкаўскіх паслугаў з 7 кастрычніка 2002 году. Яго заснавальнікі — тры швайцарскія кампаніі: акцыянэрнае таварыства «Swiss Investment Century», акцыянэрнае таварыства «Alpin Professional Investment» і акцыянэрнае таварыства «Profinvest Professional and Financial Investment».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG