Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калавур, ратуйце! або Нечаканыя вынікі палянізацыі беларускіх прозьвішчаў


Беларускія прозьвішчы, як і імёны, цягам гісторыі зазнавалі зьмены і пад уплывам заходніх суседзяў. Піша Вінцук Вячорка.

У папярэдняй нататцы я пісаў пра русіфікацыю прозьвішчаў. Разам з тым беларускія прозьвішчы, як і імёны, цягам гісторыі зазнавалі зьмены і пад уплывам заходніх суседзяў. Палянізацыя выяўлялася празь перанос націску на перадапошні склад: Каваль станавіўся Ковалем, Казёл – Козелам. (Хаця і тут магчымы ўплыў расейскага імкненьня адрозьніваць прозьвішча ад звычайнага слова.). Відаць, таму таксама Горбач, Толкач, Борыс, Пéтух і нават Пётух. Або ў імёнах: Уладзіслáў ператвараўся ва Ўлады́слава, Міхáл – у Мíхала, Вацлáў – у Вáцлава. Але калі прозьвішча вядомага беларускага спэцыяліста ў энэргетыцы, аўтара канцэпцыі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара Станіслава Гусака іншыя часам вымаўляюць Гýсак, сам ён трымаецца традыцыі радзіннага найменьня Гусáк (а паходзіць з украінамоўнай вёскі на Данеччыне).

Станіслаў Гусак
Станіслаў Гусак

Пэўны час шляхта былога ВКЛ пераймала моду ад шляхты польскай – падвойваць зычныя ў звычайных тутэйшых прозьвішчах на ўяўна лацінскі/італьянскі ці то нямецкі лад. Як Lucullus, Sulla, Crassus; Grimm, Bopp, Gott, Knuppe; ці той самы Otello. Не зважаючы на рэальнае вымаўленьне, бо ў беларускай мове, як і ў польскай, літоўскай, украінскай, у такіх пазыцыях (у корані і наагул не на сутыку марфэмаў) зычныя ў вымаўленьні не падаўжаюцца. Адсюль шматлікія выпадкі напісаньняў накшталт

Radziwiłł, Skirmuntt, Усс, Котт, Лаппо, Шуппо, Стомма, Груммо, Гастелло, Забелло, Бирилло, Шипилло
(Радзівіл, Скірмунт, Вус, Кот, Лапа, Шупа, Стома, Грума, Гастэла ці Гасьціла, Забела, Бірыла, Шыпіла)

і нават Kołłupajłło. Як быццам апошні праз двойчы падвойнае лл пераставаў быць нашым свойскім Калупайлам.

Беларускі актор тэатру і кіно Зьдзіслаў Стома (сярод іншага, здымаўся ў “Чорным замку Альшанскім”)
Беларускі актор тэатру і кіно Зьдзіслаў Стома (сярод іншага, здымаўся ў “Чорным замку Альшанскім”)

І назвы нашых сьвятаў, бывала, ушляхотнівалі вось такім чынам:

Палескае шляхоцкае прозьвішча Бут-Гусаім пісалі ў польскамоўных дакумэнтах Butt-Hussaim, некаторыя яго носьбіты ў сучаснай Беларусі пішуцца праз два т. (Зрэшты, тут магчымы ўплыў усходніх моваў.) І яшчэ на адным аналягічным прозьвішчы спынюся адмыслова.

КАЛЛАУР / КАЛАВУР

У зьвязку зь фінансавымі землятрусамі загучала адметнае прозьвішча новапрызначанага старшыні Нацыянальнага банку – па-расейску Каллаур зь дзьвюма літарамі л. Па-беларуску яго цяпер спрабуюць вымаўляць рознымі спосабамі. Нават зьявіліся тэматычныя публікацыі, дзе прапаноўваецца пісаць па-беларуску “Калаўр”. На маю думку, памылкова. Выкладу свае мікрадасьледзіны – толькі таму, што за словам крыюцца цікавыя моўныя факты і каб натхніць кожнага ўведаць гісторыю свайго радзіннага імя.

Прозьвішча гэтае палескае, яго носьбіты сканцэнтраваныя ў басэйне Гарыні. Паходжаньне, хутчэй за ўсё, цюрскае. Гісторыкі палескай шляхты Станіслаў Дзядулевіч і Раман Гарашкевіч сьцьвярджаюць, што род Калавураў, як і тамтэйшыя Бут-Гусаімы, Орды, Багатырэвічы – татарская шляхта. Іхныя продкі – крымскія татары, якім шляхоцтва пачаў надаваць яшчэ Вітаўт Вялікі. Многія беларускія татары зазначыліся ў гісторыі годнасьцю, адвагай і патрыятызмам. Паводле Р. Гарашкевіча, пачынальнікам роду быў Хведзька Лянковіч Калавур, які жыў у пачатку XVI ст.

У беларускіх гаворках было і ёсьць слова калавýр. Яго фіксаваў Іван Насовіч у слоўніку 1870 году са значэньнем, якое супадала з расейскім "караул" – як 'варта' і як кліч па дапамогу: Калавур! Ратуйце!

Сучасныя дыялектныя слоўнікі таксама даюць гэтае слова. Калавýр, калавýрны – вартаўнік. Каля амбару калавур ходзіць (Курапольле Пастаўскага р-ну). Вядомае і на поўначы (Глыбоччына), і на поўдні (Капыль). Паходзіць ад агульнацюрскага слова са значэньнем “вартаўнік” – qaravul у крымска-татарскай, каравыл у татарскай, падобна ў нагайскай ці казаскай (дарэчы, у цюрскіх мовах бывае ўстаўны -v-). Але калі-нікалі задаюць пытаньне, ці гэты цюркізм прыйшоў у беларускую праз расейскую, ці ўсё ж наўпрост.

Украінскі дасьледнік Юры Радзько палічыў сынанімічнымі паміж сабою два ўкраінскія прозьвішчы, зьвязаныя з вайсковай службай: расейскай – Калавýр “перекручене з “караул”, і аўстрыйскай – Шельвах з Schildwache ‘варта, вартавы’.

Аднак украінскі аўтар, відавочна, ня ведаў паходжаньня роду Калавураў і матэрыялаў старабеларускай мовы, сабраных беларускім антрапанімістам Мікалаем Бірылам. Гэта імёны-мянушкі і прозьвішчы XVІ—XVII стагодзьдзяў, паміж іншым, з Попісу войска ВКЛ 1567 году. Иван, Пронко Денисович, Федор Калаур зь Пінскага павету былі ў мабілізацыйным сьпісе нашай дзяржавы.

М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мн., 1966
М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мн., 1966

Ясна, што калі прозьвішча ўжывалася ў XVI ст., яно ня мае дачыненьня да расейскай вайсковай тэрміналёгіі.

М. Бірыла. Беларуская антрапанімія, вып. 2. (Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі.) Мн., 1969
М. Бірыла. Беларуская антрапанімія, вып. 2. (Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі.) Мн., 1969

Бачым, што ў гаворках слова калавур ужываецца з націскам на апошнім складзе (як у бальшыні цюркізмаў) і з устаўным гукам [в]. Таму М. Бірыла пашырае такое вымаўленьне і на прозьвішча. У тэкстах на старабеларускай мове націск у сучасным сэнсе ня ставілі ды прыстаўнога в не пазначалі, але пісалі адпаведнае прозьвішча ў тры склады. Калі б яно вымаўлялася з ў нескладовым – "Калаўр" – то яго пісалі б паводле старабеларускай нормы "Калавръ" – як "мавръ" (вымаўляецца [маўр]), але такога няма. І ў польскіх, і ў расейскіх дакумэнтах так не пісалі. Грэцкае прозьвішча Калавріос, спатыканае ва Ўкраіне, зусім іншага кораню. Яно паходзіць ад гр. Καλαβρία – паўднёвая Італія.

Такім чынам, прозьвішча Калавур супадае з агульным назоўнікам беларускай дыялектнай мовы і мае тры склады.

Наступнае пытаньне – ці абгрунтавана ўжываць у ім устаўны гук [в].

Герб Калавураў – Астоя
Герб Калавураў – Астоя

У родных мясьцінах Калавураў, у вёсцы Белавуша, на месцы прыстаўнога (устаўнога) [в] можа быць гук [г]: [гулыця], [Бэлогуша]. Так мне цытаваў аўтахтонную назву гэтай гіганцкай вёскі мой бацька, які рос па другі бок Гарыні.

Тыя райцы, што прапанавалі беларускамоўным мэдыям пісаць “Калаўр” праз ў нескладовае, не ўлічылі, што гук [у] тут утварае і пачынае склад, а значыць, перад ім у літаратурнай мове патрабуецца [в] незалежна ад націску. Гэта не адзінае такое прозьвішча ці проста слова. Першы міністар абароны Рэспублікі Беларусі быў Пётра Чавус, ня Чаўс. Таксама шматлікія Рэ́уты/Рэвуты (і адсюль Равуцкія) – ня Рэўцкія. (І Ржавуцкія маюць беларускі адпаведнік найменьня Равуцкія, як Пржавальскія й Кржыжаноўскія – Перавальскія і Крыжаноўскія.)

Конь Перавальскага
Конь Перавальскага

Навум – Навумовіч, аналягічна як пабачыў павукá, а не паўкá. А вось літаратурныя расейская і польская мовы прыстаўных і ўстаўных гукаў ня ведаюць, і беларусы часта-густа іх пазбываліся ў сваіх імёнах і прозьвішчах пад чужым уплывам.

Зрэшты, другі варыянт прозьвішча разгляданых намі носьбітаў гербу Астоя і паводле польскамоўных шляхоцкіх гербоўнікаў – Калувур.

“У адносінах да прозьвішчаў – напісаньне, вымаўленьне – часта назіраецца самачыннасьць з боку іх носьбітаў і рэгістратараў (у загсах, пашпартных сталах) і проста моўная недасьведчанасьць. У выніку прозьвішча набывае форму, якую цяжка ўзгадніць з законамі беларускай мовы, напрыклад: Астраух, Белаокая, Белаусаў, Ляошка, Углік, Крупеніо (мабыць, з Крупеня), Сухій (ад прыметніка Сухі), Кяшко”.
Алесь Каўрус. Шануйма сваё імя і род

Знаўца культуры мовы меў на ўвазе, што адпавядаюць беларускім фанэтычным законам формы Астравух, Белавокая, Белавусаў, Лявошка, Вуглік, Крупеня, Сухі, Кешка. Відавочна, Калавур з гэтага шэрагу.

І ўрэшце – куды падаў націск у прозьвішчы Калавур? У бальшыні цюркізмаў ён прыпадае на апошні склад. Успомнім словы базар, расейскія сундук, казна. Гэтаксама і каравýл-калавýр.

Але найбольш пераканаўчае сьведчаньне першароднага націску прозьвішча Калавур – назва паселішча: Калавýравічы. Заснаванае кімсьці з гэтага роду. У такіх тапонімах націск імя ці мянушкі заснавальніка зьберагаецца: Анíсім – Анíсімавічы, таксама Дарапéевічы, Каладзéевічы, Мікалáевічы, Паўтарáнавічы. Усе прыклады падабраныя зь Берасьцейскай вобласьці, каб было недалёка.

Вядомы лінгвіст Вячаслаў Вярэніч, сам родам з-над Гарыні, сабраў унікальны Палескі архіў – з узорамі дыялектнага маўленьня. Крыніца надзейная. Фанэтычная транскрыпцыя прафэсійная, з націскамі. Вось як гучыць назва вёскі ў вуснах яе жыхароў: Kałavúrovyčy, w Kałavúrovyčax, s Kałavúrovyč. Назвы жыхароў: kałavúrovec, kałavúrowka, kałavúrowcy.

Але націск прозьвішча ў розных паселішчах розны:

Вёска Лазічы, Барычавіцкі сельсавет. Тут…жили дворяне (Шоломицкий, Горегляд), мещанские (Лозицкий, Шпаковский, Каллаýр).
Полховскый Мыхáл – Калавýровыx; в. Полхава
Kałavúrows’ka – сенакос; в. Відзібарэц:
Осовцы были фольварком помещика Каллáура. Каллауры происходят из татарского рода, считали себя поляками, дома и со службой разговаривали по-польски.

Такім чынам, менавіта абшарнік, які гаварыў па-польску, і называў сябе як бы на польскі лад Калáур. Звычайныя мяшчане ж часьцей заставаліся з націскам на апошні склад – Калавýры.

КОЖНЫ ВЫРАШАЕ САМ

Вядома, прозьвішча – гэта асаблівае слова, на яго ёсьць пэўная прыватная ўласнасьць. Разам з тым прозьвішча – спосаб сацыялізацыі асобы, сям’і, роду ў пэўнай нацыянальнай супольнасьці. У Беларусі прозьвішчы (як і імёны) апошнія колькі стагодзьдзяў запісваліся паводле правілаў іншых моваў – расейскай і польскай, і гэта заклала памылковае ўяўленьне пра тое, што ў іх “правільна”, а што “няправільна”.

А націск хай самі носьбіты прозьвішча вызначаюць. Справа мовазнаўцаў – падказаць ім, як гэта будзе больш па-беларуску. Захочуць – прыслухаюцца.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG