Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў расказаў БелТА аб прагнозах на разьвіцьцё беларускай эканомікі.
Паводле сцэнару, які Кабякоў называе «кансэрватыўным» і які ўзяты як аснова для разьліку бюджэту на 2018 год, у Беларусі чакаецца рост ВУП на 1,1–1,2%.
Аптымістычны сцэнар (ён жа — мэтавы) такі:
- рост валавога ўнутранага прадукту на 3,4%;
- рост прадукцыйнасьці працы на 2,8%;
- рост рэальных даходаў насельніцтва на 7%;
- рост экспарту на 6%;
- рост даходаў бюджэту на 6,2%;
- інфляцыя ня болей за 7%;
- замежныя інвэстыцыі на 1,45 млрд даляраў;
- балянс экспарту і імпарту;
- стварэньне новых працоўных месцаў.
Такія парамэтры, кажа Кабякоў, дазволяць забясьпечыць рост эканомікі, прадугледжаны абяцаньнямі Лукашэнкі на «пятую пяцігодку». Мінулая «пяцігодка» была праваленая, Кабякоў такімі вынікамі быў задаволены.
Пры гэтым сам Кабякоў прызнаў, што той жа рост экспарту на 6% — «вельмі няпростая задача». Той рост плянуецца забясьпечваць за кошт нарошчваньня колькасьці тэхнікі і прадукцыі аграпрамысловага сэктару і сэктару паслугаў. Але раней Кабякоў казаў, што верыць нават у магчымасьць зьнізіць інфляцыю да 5%.
Міжнародныя ж прагнозы для Беларусі значна меней аптымістычныя за «кансэрватыўны» сцэнар беларускіх уладаў. Так, МВФ прагназуе Беларусі ў 2018 годзе рост ВУП толькі на 0,6%, а інфляцыю — на 8,7%. Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця прагназуе рост ВУП на 1%, Усясьветны банк — на 0,7%. Moodyʼs прагназуе, што Беларусь застанецца ў рэцэсіі па выніках бягучага году і кажа пра пастаянную вонкавую ўразьлівасьць беларускай эканомікі.
Новыя працоўныя месцы сапраўды ствараюцца ў Беларусі, але старыя губляюцца значна хутчэй. За першую палову 2017 году арганізацыі Беларусі звольнілі на 37 205 работнікаў больш, чым прынялі на працу, а за цэлы мінулы 2016 год аналягічная розьніца склала каля 108 100 чалавек. За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных.
Пра плян на «пэсымістычны» варыянт разьвіцьця падзеяў не паведамляецца.