Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шакуцін: «У Чыжа грошай хапае, каб выкупіць усіх, хто хоча выйсьці на волю»


Аляксандар Шакуцін, архіўнае фота
Аляксандар Шакуцін, архіўнае фота

Аляксандар Шакуцін, кіраўнік рады дырэктараў ААТ «Амкадор», адзін з самых блізкіх да ўлады бізнэсмэнаў і нумар 5 у рэйтынгу ў кулюарах Усебеларускага нацыянальнага сходу распавёў журналістам пра прынцыпы свайго бізнэсу і пракамэнтаваў справу Юрыя Чыжа.

Радыё Свабода папрасіла Аляксандра Шакуціна пракамэнтаваць рацыянальнасьць правядзеньня такога маштабнага мерапрыемства ва ўмовах крызісу, які прызнае нават беларускі ўрад.

«Вы пераацэньваеце ўкладаньні, якія зробленыя ў гэты форум, — адказвае бізнэсмэн. — У пэрыяд крызісу якраз і павінны зьбірацца ўсе людзі, якія неабыякавыя да таго, што адбываецца ў эканоміцы сьвету. І агулам прымаць рашэньні, якія спрыяюць вывядзеньню галінаў з гэтага крызісу. Гэта вельмі важнае мерапрыемства. Вы яшчэ павінны ўлічваць псыхалягічны момант, бо ў кожнага ўдзельніка і напэўна ў народа, зьяўляецца другое дыханьне. Мы пачынаем шукаць новыя шляхі вырашэньня тых пытаньняў складаных, якія ёсьць у эканоміцы, шукаем разам і ўрэшце знаходзім».

Аляксандр Шакуцін лічыць, што праграма сходаў цалкам выконваецца, а правал выкананьня эканамічных паказьнікаў, прынятых на папярэднім сходзе, называе «невялікімі разыходжаньнямі»:

«Сёньня крызіс не ў беларускай эканоміцы, а гэта глябальны крызіс у сусьветнай эканоміцы. Я толькі прыехаў з Італіі, практычна палова вытворчасьці ўжо працуе на 50 працэнтаў. У гэтай складанай сытуацыі трэба шукаць альтэрнатыўныя спосабы вырашэньня праблемы».

Сытуацыя, пры якой буйныя бізнэсмэны адзін за адным трапляюць за краты, Аляксандра Шакуціна не палохае. У размове адчуваецца, што сымпатыі паміж Юрыем Чыжом, які за чатыры гады зь першага месца ў рэйтынгу апусьціўся да 12, і Аляксандрам Шакуціным, чые пазыцыі пасунуліся ня так прыкметна (з 2 пазыцыі да 5), няма. Бізнэсмэн кажа, што пра справу Чыжа ведае «больш, чым хто», але падрабязнасьці паведамляць адмаўляецца:

«Не магу сказаць, што Чыж быў калісьці маім калегам. Мы заўжды па-рознаму разумелі як вядзеньне, так і пабудову бізнэсу. Мы ніколі не былі людзьмі, якія падзялялі філязофію вядзеньня бізнэсу. [Яго] філязофія, дыямэтральна адрозьніваецца ад таго, што я раблю ў бізнэсе».

«Я ведаю, як працуюць мае структуры ў бізнэсе, ведаю, як працаваў Чыж. Нам, канечне, няма чаго баяцца. Першыя праверкі, якія прыйшлі — яны прыйшлі не да Чыжа, а ў нашы структуры. І калі пераканаліся праваахоўныя органы, што мы будуем бізнэс на сумленнай і канкурэнтнай аснове — мы сёньня заробленыя сродкі не выводзім за мяжу і ўкладаем у разьвіцьцё ўласнай эканомікі і бізнэсу, — праблемы былі зьнятыя. Я гэтыя праверкі прайшоў», — працягвае Аляксандр Шакуцін.

Ён кажа, што супраць яго было шмат «заказных» праверак, пра якія ён нават публічна распавядаў, называючы імёны. «Мы прайшлі праверак больш, чым было ў Чыжа, у 10-15 разоў, па-за ўсялякімі сумненьнямі», — зазначае ён. Але пабудова «цывілізаванага бізнэсу» здымае ўсе пытаньні праваахоўных органаў.

«Я прыхільнік таго, што калі людзі парушылі заканадаўства ці зрабілі парушэньне, мусяць кампэнсаваць тое, што яны ўзялі. Дапусьцім, аддаць грошы і выйсьці на волю ды працягваць працаваць. Тыя, хто не забіў, ня згвалціў, не зрабіў шкоды іншым людзям, а проста розуму не дабраўшы парушылі заканадаўства, то трэба быць ляяльным», — кажа Шакуцін.

Пра затрыманьне Юрыя Чыжа стала вядома 11 сакавіка 2016 году. Пазьней КДБ паведаміла, што Чыж абвінавачваецца ў злачынстве па артыкуле 243 КК ч. 2 (ухіленьне ад падаткаў і збораў у асабліва вялікім памеры).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG