Сябра аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель мяркуе, што 25 сакавіка ў Менску пройдзе і мітынг-канцэрт ля Опэрнага тэатру, і сьвяточнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ад плошчы Якуба Коласа.
Мітынг-канцэрт быў санкцыянаваны гарадзкімі ўладамі, ён мае пачацца а 14-й гадзіне на плошчы Парыскай камуны (збор а 13-й), у канцэрце маюць узяць удзел Лявон Вольскі, гурт «Крама» і іншыя (Сяргея Міхалка запрашалі, ён не адказвае). На канцэрце, кажуць арганізатары, будуць дазволеныя ў тым ліку бел-чырвона-белыя сьцягі.
Але раней гарадзкія ўлады адхілілі заяўку, якая прадугледжвала сьвяточнае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа. Перад тым, як пагадзіцца на новую заяўку з толькі канцэртам і бяз шэсьця, у аргкамітэце былі гарачыя дыскусіі. Частка чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце.
«Ніхто нам не забароніць адзначыць Дзень Волі, як мы хочам»
«25 сакавіка будзе і сьвяточны канцэрт, і сьвяточная дэманстрацыя, — пісаў Яўген Афнагель на Facebook. — І ніхто не забароніць кожнаму з нас адзначыць наш Дзень Волі так, як мы хочам. Рыхтуйце сьцягі і добры настрой!»
Як тлумачыць Афнагель Свабодзе, лёс шэсьця і магчымасьць падачы новай заяўкі будуць вырашацца ў найбліжэйшы час на паседжаньні аргкамітэту (магчыма, вырашыцца нават сёньня а 18-й).
«Рашэньне аб правядзеньні і шэсьця, і канцэрту было прынятае аргкамітэтам яшчэ ў студзені, — кажа Афнагель. — І рашэньне прымаць менавіта аргкамітэту, бо гэта дата, якая павінна яднаць усіх. Асобна рабіць нешта ня трэба, гэта павінна быць супольнае рашэньне. На сёньняшні дзень рашэньне аб шэсьці, якое пачнецца ад плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка, у сіле. Наколькі я ведаю, скасоўваць яго ніхто не зьбіраецца.
Я думаю, рашэньне пра новую заяўку будзе прынятае нацыянальным аргкамітэтам. Я дапускаю любыя варыянты, у тым ліку падачы заяўкі, бо мы — Беларускі нацыянальны кангрэс — і раней казалі, і цяпер кажам, што гатовыя да перамоваў з уладамі і заклікаем улады разам адзначаць гэтае сьвята».
Ён перакананы, што сьвяточнае шэсьце ў любым разе адбудзецца мірна. Шэсьце патрэбна, кажа ён, бо гэта «дэманстрацыя гатоўнасьці бараніць Радзіму», «дэманстрацыя прагі да сапраўднай незалежнасьці і свабоды», «дэманстрацыя, якую ўбачаць у іншых краінах». Паводле Афнагеля, 25 сакавіка мусіць яднаць усіх, у тым ліку апазыцыю і ўладу, бо БНР непарыўна зьвязаная з сучаснай Беларусьсю, «без БНР не было б сёньняшняй Беларусі».
Летась шэсьце незаконна «недазабаранілі», жорстка разагналі
Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.
«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.
Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>
Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>