Дызайнэр Аляксандар Чабатароў прадставіў альтэрнатыву зацьверджанай Нацыянальным аргкамітэтам эмблеме сьвяткаваньня сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ідэя «Кропкі адліку» належыць менчуку Аляксандру Чабатарову, які раней распрацаваў плякаты да 80-годзьдзя сталінскіх рэпрэсій. Дызайнэр патлумачыў Радыё Свабода, чаму спыніўся на мэтафары «Кропка адліку».
«„Кропка адліку“ адлюстроўвае як пачатак сто гадоў таму, так і абноўлены пачатак зараз. Да таго часу, пакуль кніга ня скончана, пасьля кожнай кропкі ідзе новы сказ», — кажа Чабатароў.
Афіцыйную эмблему стагодзьдзя БНР Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні юбілею абвясьціў у лютым. На эмблеме зьмешчаны герб «Пагоня», які выкарыстоўваўся на пячатках, блянках і іншых дакумэнтах Рады БНР у эміграцыі. Ідэя сымболікі належыць бізнэсоўцу і сябру аргкамітэту Паўлу Белавусу, дапрацоўвалі лягатып графітыст Макс Пякарскі і мастак Алесь Марачкін.
Аляксандар Чабатароў кажа, што сымболіка сьвяткаваньня выклікала шмат спрэчак у сацсетках. Свабода запыталася ў дызайнэра пра недахопы лягатыпу.
«Зь ёю (эмблемай. — РС) усё добра. Яе хлопцы перапрацавалі, абнавілі стылістычна. Але гэта менавіта эмблема, гістарычная эмблема. А мы зрабілі лягатып, брэнд, гэта іншая адзінка сэнсу», — пракамэнтаваў сымболіку Нацыянальнага аргкамітэту Чабатароў.
Над брэндынгам «Кропкі адліку», акрамя Чабатарова, працавалі Юлія Ляшкевіч, Антон Матолька, Эдуард Пальчыс і Пятро Маркелаў. Ініцыятыўная група, як называе сваіх паплечнікаў Чабатароў, хацела стварыць «паўнавартасны брэндынг» сьвяткаваньня стагодзьдзя беларускай дзяржавы.
«Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг ніхто не адмяняў, гэта гістарычная сымболіка, яна павінна быць. Але мы хацелі стварыць менавіта брэндынг: стылёвы, сучасны, канцэптуальны і інтэлектуальны. У працэсе было шмат ідэяў, аднагалосна абралі лепшую, я яе распрацаваў», — сказаў Чабатароў.
Хто будзе выкарыстоўваць брэндынг сотых угодкаў БНР, Чабатароў пакуль ня ведае. Дызайнэр выклаў зыходнікі ў адкрыты доступ на сваім тэлеграм-канале.
На канцэрт #БНР100 сабралі талакой амаль палову сродкаў
2 сакавіка ўлады Менску дазволілі канцэрт і мітынг на Дзень Волі 25 сакавіка. Імпрэза пройдзе пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці». Збор ля Опэрнага тэатру прызначаны а 13-й гадзіне. Канцэрт-мітынг пачнецца а 14-й гадзіне, заканчэньне заплянавана на 19-ю гадзіну.