Летась пад Гомелем, на 9 кілямэтры Чарнігаўскай шашы, каля ўрочышчаў Бутылёўшчына і Горкі знайшлі масавыя пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У гомельскіх актывістаў Паўлюка Мацкевіча і Кастуся Жукоўскага ўзьнікла ідэя зьняць фільм, знайсьці сьведкаў расстрэлаў, нашчадкаў ахвяраў.
Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў у Шчакатоўскім лесе пад Гомелем было выяўлена месца масавых расстрэлаў, якія вяліся тут у 1930-я гады. У 1994 годзе там усталявалі мэмарыяльны крыж. Крыху пазьней высьветлілася, што стралялі яшчэ ва ўрочышчы Бутылёўшчына, у раёне вёскі Горкі. Летам у некаторых месцах зрабілі выбарачныя раскопы. Распавядае старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:
“Мы дамагаліся галоснасьці сьледчых дзеяньняў. Улады нам ва ўсім адмовілі. Эксгумавалі парэшткі 70 чалавек у чатырох могільніках. Татальнага дасьледаваньня ўрочышча не рабілася. З гэтых 70 чацьвярых ідэнтыфікавалі як чырвонаармейцаў. Іх пахавалі з ваеннымі ўшанаваньнямі. Астатніх проста пахавалі пад Гомелем на могілках як ахвяраў Другой усясьветнай вайны. Але ж дасьледаваньні пацьвярджаюць, што гэта ўсё – 1930-я гады, месца масавых рэпрэсіяў”.
На думку дасьледчыкаў, там пахавана некалькі соцень чалавек. Мясцовыя жыхары распавядалі, што сюды на расстрэл прывозілі людзей нават з Украіны. Гомельскі журналіст Паўлюк Міцкевіч разам з Кастусём Жукоўскім адшукалі мясцовых жыхароў, якія памятаюць пра масавыя расстрэлы, нашчадкаў ахвяраў. Распавядае Кастусь Жукоўскі:
“Агульны лёс ва ўсіх гэтых людзей – бацькоў расстралялі, а дзеці пакутуюць да гэтай пары. Слухаеш жанчыну – дзяржава адабрала ўсё, і бацькоў таксама, а цяпер яна жыве ў галечы. Абражае, што для ўлады быццам бы не існуе сталінскіх рэпрэсіяў і людзей, якія пацярпелі ад іх. Гэта абражае да сьлёз”.
Гамельчукі здымалі фільм на звычайны лічбавы фотаапарат, які меў функцыю відэазапісу. Яны зрабілі 49-хвілінную стужку, але тэхнічная якасьць была не найлепшая. І тут на дапамогу прыйшло Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у якога ёсьць свая тэлестудыя, прафэсійная апаратура. Антон Астаповіч працягвае:
“У кіраўніцтва таварыства ўзьнікла ідэя гэтыя матэрыялы апрацаваць і зрабіць больш-менш паўнавартасны фільм хвілін на 10—13. Мы заручыліся згодай на працу з адзьнятым матэрыялам у гомельскіх актывістаў. Мы перамантажавалі гэты матэрыял, зрабілі 10-хвілінны фільм з пазначэньнем гэтай праблемы. Мы гэта зрабілі менавіта для таго, каб прыватным чынам распаўсюджваліся гэтыя відэазапісы, каб людзям адкрываць праўду”.
На мінулым тыдні творчая група паказала фільм гомельскай грамадзкасьці, распаўсюдзіла сотню дыскаў. Месца масавых рэпрэсіяў ва ўрочышчы, дзе раней усталявалі памятны крыж і камень, айцец Леанід Акаловіч асьвяціў. Гомельская грамадзкасьць цяпер дамагаецца, каб тут былі праведзеныя грунтоўныя раскопкі і каб масавыя пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у гэтым лесе былі дасьледаваныя.