“Самае галоўнае, каб у наступныя гады гэтая праца працягвалася”
Ганна Соўсь: “Завяршаецца 2007-ы год, які беларуская грамадзкасьць абвясьціла Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Калі падсумоўваць тое, што было зроблена цягам году, як бы Вы маглі ацаніць працу грамадзкасьці ў справе ўшанаваньня памяці забітых у часы кіраваньня Сталіна”.
Васіль Якавенка: “Мне вельмі прыемна ўсьведамляць, што яшчэ жыве памяць народа, жыве душа. Без памяці душы адмерлыя. Аргкамітэт налічваў больш за 20 чалавек. Гэта была калектыўная праца. І за такую працу нікому не было і ня будзе сорамна. Мы пачалі з інфармацыйных напрамкаў, інфармацыйнымі і заканчвалі, безумоўна. На сёньняшні дзень вельмі важна даносіць людзям інфармацыю, тым больш маладым, якія па сутнасьці пра гэтыя сталінскія рэпрэсіі, палітыку камуна-бальшавізму нічога ня ведаюць.
Мы рабілі выезды на месцы з нагоды розных датаў (Галадамор, расстрэлы) ў Барысаў, Вілейку, на Гомельшчыну выяжджалі некалькі разоў. Думаю, што Вячаслаў Сіўчык на гэтым спыніцца асобна. Нельга не сказаць пра вялікую работу ў гэтай справе Леаніда Маракова – пісьменьніка, які прысьвяціў апошнія гады свайго жыцьця збору матэрыялаў пра рэпрэсаваных, зрабіў сыстэматызацыю гэтых матэрыялаў. Цяпер амаль што падрыхтавана ў яго 10-томнае выданьне. Апошняя яго кніга – пра ахвяраў і карнікаў.
Мы правялі шэраг навукова практычных канфэрэнцый, у тым ліку і канфэрэнцыю “Камунізм да міжнароднага трыбуналу”. Былі выдадзеныя зборнікі навуковых артыкулаў пра рэпрэсіі, якія рыхтавалі Ігар Кузьняцоў і Якаў Басін. Мы выратавалі, можна сказаць, ад вынішчэньня экспанаты бабруйскага мэмарыяльнага музэю, які быў створаны энтузіястамі яшчэ пры канцы 1980-ых гадоў. Зьбіралі мы кнігі з сэрыі “Памяць” з большасьці раёнаў. Калі будзе прыдатны для гэтага час, мы адкрыем мэмарыяльны музэй і гэтыя кнігі “Памяць” будуць вельмі дарэчы туды ўпісвацца”.
Вячаслаў Сіўчык: “Я вельмі станоўча ацэньваю ўсё, што рабілася сёлета. Вы ведаеце, што з тэмы пакаяньня, з тэмы праўды пра рэпрэсіі бальшавікоў практычна пачыналася навейшая гісторыя нацыянальнага руху Беларусі. Пасьля ўздымаліся іншыя тэмы. Канечне, зноў гэтая тэма стала вельмі актуальная, калі была абарона Курапатаў ў 2001-2002 гадах і сёлета. Гэта вельмі добра. Можна было б усе хвіліны, дадзеныя на нашу перадачу, выкарыстаць дзеля таго, каб расказаць, што мы рабілі ў гэтым годзе. Я спынюся толькі на вельмі кароткай ацэнцы, што праца праведзеная вельмі вялікая, і самае галоўнае, каб у наступныя гады гэтая праца працягвалася, бо яна патрэбная Беларусі”.
“На вялікі жаль, улады праігнаравалі Год памяці”
Соўсь: “Сёлета ў большасьці постсавецкіх краінаў ушаноўвалі памяць ахвяраў сталінізму, асэнсоўваліся ўрокі гісторыі, адбываліся шматлікія акцыі памяці ў тым ліку і з удзелам кіраўнікоў дзяржавы. У Расеі прадстаўнік спэцслужбаў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін асабіста ўшаноўваў памяць людзей, забітых карнікамі НКВД. Ва Украіне быў адкрыты музэй прамяці ахвяраў камунізму, адбыліся маштабныя жалобныя акцыі памяці ахвяраў Галадамору. Як бы вы маглі на гэтым тле ацаніць дзеяньні, дакладней кажучы фактычна бязьдзеяньне беларускіх уладаў ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій”.
Сіўчык: “Тут адказ вельмі просты. Генэзіс сёньняшняй ўлады ў Беларусі не дазваляе ёй па-людзку ставіцца практычна да любых пытаньняў. На вялікі жаль, улады праігнаравалі Год памяці. Васіль Цімафеевіч ужо казаў пра Гомель. Як раз сёлета раскрылася праўда пра гомельскія Курапаты, і ў нашых уладаў хапіла нахабства сьпісаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на нямецка-фашыстоўскую акупацыю. Прычым ніякіх сьведчаньняў акрамя палітычнай волі кіраўніцтва дзяржавы за ўсім гэтым не стаіць. Факт па Гомелю і паказвае сёньняшняе стаўленьне ўладаў, бо Лінія Сталіна, якая існуе ў нас, ня ёсьць выпадковай”.
Якавенка: “На мой погляд, гэта не бязьдзейнасьць уладаў у справе ўшанаваньня памяці, а наадварот дзейнасьць у супраць аднаўленьня гэтай памяці. Гэта тлумачыцца вельмі проста. У нашых уладаў няма такіх каштоўнасьцяў, як памяць аб трагічных старонках мінулага”.
“Мусіць, страх ужо пасяліўся ў генах нашых людзей”
Соўсь: “Па праўдзе кажучы, колькасьць людзей, якія бралі ўдзел у штомесячных акцыях у месцах расстрэлаў, не была вялікай – найбольш прыходзілі, можа, з паўсотні чалавек. І найчасьцей гэта былі тыя самыя людзі. Чым вы патлумачыце гэта? І якія ёсьць рэсурсы ў грамадзкасьці ў пашырэньні кола людзей у гэтай пачэснай справе”.
Якавенка: “Гэта ж невыпадкова і не таму гэта, што людзі ў большасьці забылі пра тое, што было. Многія, асабліва старэйшыя людзі, памятаюць. Але ,калі людзі прыходзяць на мясьціны расстрэлаў, а іх з усіх бакоў акружаюць кэдэбісты, шчоўкаюць фотаапаратамі і здымаюць на відэакамэры, то ствараецца псыхалягічна напружаньне. І ня ўсе хочуць перажываць такія вострыя эмоцыі. Амаль у кожным пакаленьні былі рэпрэсіі, а ў 1930-ыя гады былі масавыя рэпрэсіі. Мусіць, страх ужо пасяліўся ў генах нашых людзей”.
Сіўчык: “Я б вельмі станоўча ацаніў увогуле ўсе акцыі, якія праводзіліся грамадзкасьцю і ў Курапатах, і ў іншых месцах, дзе Беларусь губляла ў тыя страшныя гады сваіх сыноў і дачок. Праводзіліся ня толькі акцыі 29 чысла кожнага месяца, праводзіліся і іншыя акцыі, прымеркаваныя да той ці іншай даты. Я думаю, што тут ня самае галоўнае, колькі прыняло ўдзел людзей, бо заўсёды была вельмі прыстойная колькасьць людзей, і ўсе гэтыя акцыі вельмі добра выглядалі. Вельмі добра, што заклалася такая добрая наша традыцыя, ў тым ліку і па 29 чыслу.Самы сур’ёзны рэсурс, які ёсьць ў беларускай грамадзкасьці для таго, каб гэта рабілася больш масава, і каб гэтыя акцыі былі часьцей, гэта супраца з моладзевымі нацыянальнымі арганізацыямі, бо зараз вельмі шмат прыходзіць маладых патрыётаў у розныя арганізацыі, і, я думаю, што ў пэрспэктыве яны будуць браць больш шырокі ўдзел у гэтай пачэснай справе ўшанаваньня сваіх продкаў”.
Якавенка: “Варта дадаць, што гэтыя акцыі праводзіліся ня толькі ў Менску, яны ладзіліся паралельна і ў Берасьці, і ў Гомелі, Барысаве ды іншых гарадах. Апошнія нашы мерапрыемствы рабіліся з удзелам руху Мілінкевіча, партыі БНФ і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ”.
“Сама грамадзкасьць ня зможа змагацца з вандаламі”
Соўсь: “Цяпер я хацела б зьвярнуць увагу на такую прыкрую зьяву, як вандалізм на месцах расстрэлаў. Курапаты спазналі дзесяткі актаў вандалізму. Сёлета невядомымі вандаламі былі апаганеныя чарговым разам і “лава Клінтана”, быў паламаны і Крыжа пакутаў. Праўда, намаганьнямі актывістаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і скульптара Алеся Шатэрніка гэтыя памятныя знакі былі адноўленыя. Што, на Вашую думку, можна і трэба зрабіць, каб спыніць вандалізм у Курапатах ды іншых памятных месцах?”
Сіўчык: “На вялікі жаль, як паказвае наш досьвед, гэты вандалізм можна зьмяніць толькі памяняўшы ўладу ў гэтай краіне. Шмат чаго было за гэтыя гады. Арганізоўвалі мы там і дзяжурства. Цяпер, калі не было ніводнай нашай акцыі ў Курапатах, дзе б не прысутнічалі прадстаўнікі сілавых структураў, прычым не адной сілавой структуры, а некалькіх. Усё ўрочышча Курапаты было пры гэтым кантраляванае. Пасьля таго, як улады прапанавалі грамадзкасьці самім аплачваць паслугі аховы ў Курапатах, нават калі ў кагосьці і былі спадзяваньні на гэтую ўладу, што яна можа хоць штосьці зрабіць, то гэтых спадзеваў ужо і блізка няма. Сама грамадзкасьць натуральна ня зможа ў супрацьдзеяньні з сілавымі структурамі яшчэ змагацца з вандаламі”.
Якавенка: “Мой аналіз гэтых зьяваў прывёў на асабістага перакананьня, што некаторым паскуднікам ад улады належыць аўтарства гэтага вандалізму. Каб сьцягнуць той крыж і паламаць яго, патрэбная тэхніка. Гэта ўсё арганізавана. Вось улады і робяць гэта, каб людзі хадзілі не туды, каб не бачылі той высокі крыж, а каб яны ішлі на Лінію Сталіна”.
“Наперадзе ў нас апошняя акцыя ў гэтым годзе -- 29 сьнежня”
Соўсь: “І апошняе пытаньне – на пэрспэктыву. З завяршэньнем Году памяці, я так разумею, справа ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій не завершаная. Што надалей зьбіраецца рабіць грамадзкі аргкамітэт? Ці ёсьць ўжо канкрэтныя пляны, Васіль Цімафеевіч?”
Якавенка: “Мы прыступіла да складаньня зборніка, які адлюструе нашу працу ў гэты Год памяці. Калі атрымаецца, то будзем працягваць выпуск бюлетэня “Рэха ГУЛАГу”. Мы падрыхтавалі ўжо адкрыты сайт “Мы – ныцыя. Ягоны адрас: www.nacion-sos.info. Там асобы разьдзел будзе -- “Рэпрэсаваная Беларусь”, будуць зьмешчаныя творы пісьменьнікаў. Думаю, што тая праца, якая была распачата нашым аргкамітэтам, не павінна спыняцца”.
Сіўчык: “Яшчэ наперадзе ў нас апошняя акцыя ў гэтым годзе. 29 сьнежня ў Курапатах адбудзецца наша традыцыйная акцыя. Што тычыцца плянаў на наступны год, то ў Таварыстве аховы помнікаў гісторыі і культуры створаная мэмарыяльная сэкцыя, каардынаваць дзейнасьць якой буду я. Прынятыя канкрэтныя пляны на наступны год, і асноўнае – гэта захаваць найлепшыя напрацоўкі, якія былі зробленыя сёлета грамадзкасьцю. Абавязкова неабходна правядзеньне канфэрэнцыі, зьвязанай з савецкім таталітарызмам. У Беларусі гэта вельмі патрабуецца. Натуральна гэта будзе рабіцца ў супрацы з іншымі грамадзкімі арганізацыямі, якія маюць адпаведны досьвед і магчымасьці. Натуральна неабходна захаваць акцыі, як у Менску, так і ў рэгіёнах, і ўсталёўваць крыжы на месцах расстрэлаў”.