Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год памяці завяршыўся ў Курапацкім лесе


Сёньня ва ўрочышчы Курапаты адбылася 12-я мэмарыяльная акцыя, якая завяршыла Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.


Год памяці з нагоды 70-й гадавіны піку рэпрэсій у Беларусі абвясьціў грамадзкі камітэт для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінізму.

Сёньня а 15-й гадзіне прадстаўнікі грамадзкасьці сабраліся ва ўрочышчы Курапаты. Яны запалілі зьнічы ля курапацкіх крыжоў, справілі малітву.


Сябра грамадзкага камітэту Вячаслаў Сіўчык сказаў:

“Гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства. 29-га кожнага месяца адбываецца ўшанаваньне ахвяр сталінскіх рэпрэсій, наогул, ахвяр усіх бальшавіцкіх рэпрэсій. Ужо са студзеня гэтага года такія акцыі праходзілі ў простым фармаце, людзі прыходзяць, ускладаюць кветкі, запальваюць сьвечкі і зьнічы ля крыжоў, сьпяваюць беларускія песьні, каб ушанаваць проста памяць тых страшных гадоў, тых ахвяраў нашага народа”.

29-е чысло абрана невыпадкова. Менавіта ў ноч з 29 па 30 кастрычніка ў Менску былі расстраляныя 52 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Пра гэта можна даведацца з ўлёткі, прымацаванай да курапацкага каменя.

Вячаслаў Сіўчык сказаў:

“Людзі заўсёды ходзяць. Натуральна, улічваючы нашу вельмі цяжкую сытуацыю, бо ідзе проста інфармацыйная блякада, грамадзтва шмат чаго не даведваецца, што зь ім робіцца. Перабольшваць вынікі нашай працы ня трэба. Але самае галоўнае, што ўшанаваньне памяці ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій адбываецца. І якраз насупраць нас стаяць прадстаўнікі розных сілавых структураў і гэта зноў такі паказвае, што мы правільна робім”.

Каля дзесяці супрацоўнікаў міліцыі прыехалі ў Курапацкі лес і назіралі за акцыяй, вялі відэаздымкі.

Гісторык Ігар Кузьняцоў згадвае, што ўсе звароты грамадзкага камітэту ва ўрадавыя структуры засталіся без адказу. Таму ўсе мэмарыяльныя акцыі цягам году праводзіла толькі грамадзкасьць, без аніякай фінансавай падтрымкі. Паводле спадара Кузьняцова, ніхто з уладных структураў, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, на гэтыя акцыя не рэагуе.

“І нягледзячы на тое, што былі неаднаразовыя спробы перашкодзіць, упершыню ў сьнежні ў Курапатах праводзіцца такая акцыя, нягледзячы на маючыя адбыцца навагоднія сьвяты. Гэта сьведчыць, што нам удалося гэты год правесьці. Мы ўшанавалі памяць сваіх суграмадзянаў. Няхай ня ў той колькасьці, у якой мы хацелі, але сюды прыходзілі людзі. Сёньняшняя акцыя ёсьць кульмінацыяй года памяці”.

Паводле спадара Кузьняцова, грамадзкасьць мае намер заснаваць арганізацыйны камітэт па ўвекавечаньні памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў, які мае працягнуць працу ў наступным годзе.

“Мы цяпер ня будзем праводзіць мяжу паміж тымі, хто загінуў да вайны і хто загінуў у пэрыяд акупацыі. Гэта ахвяры двух самых крывавых рэжымаў 20 стагодзьдзя. І адна, і другая бяда аднолькавыя для беларускага народу”.

Сярод удзельнікаў акцыі ва ўрочышчы Курапаты моладзевыя актывісты. Сакратар стваранай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі сказаў:

“Я прыйшоў сюды, бо я хрысьціянін, гэта боль, які кранае мяне асабіста, нават ёсьць крыж, на якім напісана прозьвішча Садоўскі. Гэты боль у маім сэрцы і прыйшоў сюды, каб у гэты дзень памаліцца тут, быць разам з усімі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG