Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт Масквы і Кіева выгадны для Беларусі?


Сытуацыю вакол паставак расейскага газу на тэрыторыю Ўкраіны сёньня абмяркоўвалі на ўзроўні прэзыдэнтаў.


Віктар Юшчанка прыляцеў у Маскву, дзе сустракаўся з Уладзімерам Пуціным. Ці могуць украінска-расейскія газавыя дачыненьні паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць: газавы канфлікт Кіева і Масквы зьвязаны “з жаданьнем Юліі Цімашэнкі зьмяніць сілавыя палі ў транспартаваньні і пакупцы газу”:

“Таму гэта канфлікт унутраны, там шмат розных удзельнікаў. А для Беларусі гэта нават і выгадна. Хутчэй за ўсё, яе пазыцыя станоўча паўплывае на Крэмль. Бо калі Беларусь будзе маўчаць, весьці сябе спакойна, дык для добрага саюзьніка, які — што тычыцца газу — маўчыць, можна і не трымаць высокіх тарыфаў”.

Экспэрт у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч таксама мяркуе, што сёньняшняе маўчаньне Беларусі падвышае яе рэйтынг ня толькі ў вачах Масквы, але і Эўропы як надзейнага транзытнага калідору. Але гэты выйгрыш – часовы. Калі б Беларусь разам з Украінай супольна выступілі на перамовах з “Газпромам”, яны б мелі ад гэтага куды большыя дывідэнды, — падкрэсьлівае спадар Мацкевіч:

“Ніколі ні беларускі ўрад, ні сам Лукашэнка не дамаўляліся з Украінай пра сумесныя дзеяньні. Гэтага не было ні ў часы Кучмы, ні ў часы Януковіча, пагатоў цяпер — пры Юшчанку ды Цімашэнцы.
Зьвярніце ўвагу, можна колькі гадоў сачыць — і ніколі не пабачыш, каб у адзін час адбывалася напружанасьць у газавых пастаўках і з Украінай, і зь Беларусьсю.


А калі б да Беларусі і Ўкраіны яшчэ далучыліся балтыйскія краіны і скаардынавалі сваю дзейнасьць, дык іхная сумесная праграма проста не дазволіла б Расеі дзейнічаць такім чынам. Зьвярніце ўвагу, можна колькі гадоў сачыць — і ніколі не пабачыш, каб у адзін час адбывалася напружанасьць у газавых пастаўках і з Украінай, і зь Беларусьсю”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі цьвердзіць: існаваньню альянсу перашкаджае несумяшчальнасьць палітычных рэжымаў.

“Імпульсы той ідэі, што трэба супольна супрацьстаяць, умоўна кажучы, ціску энэргетычнай імпэрыі, гучалі і з Кіева, і зь Менску. У свой час, прынамсі, была прэсавая канфэрэнцыя афіцыйнага беларускага лідэра для ўкраінскіх журналістаў, на якой гучала такая думка. Я згадваю і канфэрэнцыю ў Вільні, дзе такую ідэю праводзіў прэзыдэнт Адамкус.

І калі рэзюмаваць, чаму гэтыя ідэі не рэалізаваліся і дагэтуль нічога не атрымалася, — я думаю, справа ў несумяшчальнасьці палітычных рэжымаў. Гэта ж, зразумела, ня толькі эканамічны альянс, але і палітычны ў пэўнай ступені. І тут трэба, каб лідэры размаўлялі на супольнай мове, то бок прызнавалі супольныя каштоўнасьці, у тым ліку і дэмакратычныя. Калі ж гэтага няма, дык усе добрыя пачынаньні будуць развальвацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG