Дакумэнт вызначае аднолькавыя ўмовы для навучаньня на бюджэтнай і платнай форме. Разам з тым скарацілася колькасьць катэгорый абітурыентаў, якія маюць права на пазаконкурснае залічэньне. Цяпер такая магчымасьць будзе ў сіротаў і ў дзяцей, якія засталіся без бацькоўскага дагляду, а таксама ў пераможцаў міжнародных і нацыянальных алімпіядаў.
Юрыст Павал Знавец выкладаў прадмет “міжнароднае права” на юрыдычным факультэце і факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Сярод ягоных студэнтаў быў і Віктар Лукашэнка, сын кіраўніка краіны. Знавец адзначае: у конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі па спэцыяльнасьцях, да якіх вылучаюцца асаблівыя патрабаваньні, цяпер маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі “прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе” або тэставаньне ў ВНУ ў парадку, вызначаным Міністэрствам адукацыі. А гэта значыць, што трапіць на гэтыя спэцыяльнасьці “з вуліцы” будзе праблематычна:
Сыходзіць пакаленьне
перабудовы...
перабудовы...
“Так званыя прэстыжныя дысцыпліны юрыдычнага факультэту, факультэту міжнародных адносінаў кавалі такія кадры. Раней — для Беларусі, для нармальнай эўрапейскай краіны, а цяпер — для дыктатуры, ізгоя. І таму ідзе такая палітыка з боку кіроўчага рэжыму. Дарэчы, учора сустрэў свайго калегу-выкладчыка, перамовіліся. Даведаўся, што атмасфэра ў ВНУ — тая ж, што была ў савецкі час, выкладчыкі баяцца выказаць свае меркаваньні, перакананьні на лекцыях. Зноў баяцца стукацтва. Усё вярнулася, на жаль. І цяпер гэта афармляецца ў такую прававую абгортку. Каб кантраляваць кадры, паступленьне студэнтаў. Каб не было там ненадзейных і г.д. І ўжо адчуваецца ў асяродку моладзі вось гэты канфармізм. Сыходзіць пакаленьне, як я называю, дзяцей перабудовы, і цяпер ужо ідуць кадры эпохі дыктатуры. І гэта сумна. Калі мы не пераможам у найбліжэйшыя гады 2—3, баюся, пэрспэктыва ў Беларусі страціцца цалкам”.
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, абітурыенты, якім раней давалася льгота на залічэньне, будуць карыстацца правам перавагі пры роўнай колькасьці балаў, набраных на ўступных іспытах. Дзецям-інвалідам 1 і 2 групы дадзена права ўдзельнічаць у конкурсе на завочную ці вечаровую форму вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі коштам бюджэту.
Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў схільны лічыць, што найперш ад запатрабаваных спэцыяльнасьцяў адсякаюцца патэнцыйна “небясьпечныя” кадры:
Усё аддалі на водкуп чыноўнікам...
“Кожны год нешта мяняецца, агідна пра гэта нават казаць... Вядома, дзяцей-сірот дзяржава павінна браць пад асаблівую апеку. Але ў цэлым для нармальнай сытуацыі падыход павінен быць адзін: хочаш вучыцца, здольны — наперад! Крытэр просты: узровень падрыхтоўкі, жаданьне і ўменьне працаваць. А тут усё робіцца з падтэкстам — надзець утаймавальную кашулю на бацькоў і дзяцей. Сказаў, што ня пойдзеш у БРСМ — на юрфак не паступіш. На ўроку гісторыі задаў ня тое пытаньне — мінус, і пайшло адно за адно чапляцца... У 1995-м пачыналі камісіі прысылаць: маўляў, выкладчыкі займаюцца пратэкцыяй. Але, дапусьцім, у БДУ плян на прыём быў 1860 чалавек. У найлепшым выпадку гэта магло тычыцца сотні. Усе астатнія дзеці паступалі самі, паводле сваіх ведаў. Бо выкладчык ВНУ зацікаўлены, каб прыйшоў мацнейшы, яму далей зь ім працаваць. Сёньня ўсё аддалі на водкуп чыноўнікам, якія ад адукацыі ўвогуле далёкія. А вось чыноўніку якраз на ўсё пляваць”.
Магчыма, неўзабаве рэвізія можа закрануць і сярэднія адукацыйныя ўстановы. Днямі зь Міністэрства адукацыі прыйшла навіна, што ня выключанае вяртаньне да 11-гадовага навучаньня. Перадусім гэта тлумачыцца неабходнасьцю ашчаджаць дзяржаўныя сродкі.