У міністэрстве з такім падыходам пагадзіліся і паабяцалі, што найбліжэйшым часам кантроль за гандлёвымі апэрацыямі празь сеціва будзе ўзмоцнены, а мэханізм падаткаабкладаньня – упарадкаваны. Экспэрты прагназуюць такі варыянт разьвіцьця падзеяў, пры якім інтэрнэт-гандаль увогуле зьнікне, а спажыўцы паедуць штурмаваць маскоўскія рынкі бытавой тэхнікі.
Прадстаўнік Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шкут кажа, што чакаць абвяшчэньня вайны інтэрнэт-гандлю ня варта. Аднак выконваць патрабаваньні фіскальных органаў гандляры мусяць дакладна. Пра гэта на калегіі міністэрства 1 лютага казаў і старшыня ўраду Сяргей Сідорскі:
“Ён выказаўся, што трэба ўзмацніць кантроль у гэтым кірунку, паглядзець, што там увогуле адбываецца. Але ў любым выпадку такая праца даўно вядзецца падатковымі органамі. Проста ён акрэсьліў кірункі, кантроль за якімі трэба найбольш узмацніць у 2008 годзе. Пытаньне па інтэрнэт-крамах перадусім у тым, на якую юрыдычную асобу крама зарэгістраваная, ці выконваецца норма касавага абслугоўваньня. Адпаведна, калі зарэгістравана на юрыдычную асобу, то ідзе пэўная аплата падаткаў. Калі гэта індывідуальны прадпрымальнік – значыць, у іх тры парадкі падаткаабкладаньня: ці выконваюцца гэтыя патрабаваньні? Ці выконваецца парадак прыёму наяўных грашовых сродкаў, якім чынам ён ажыцьцяўляецца? Ці ідзе аплата падаткаў з выручкі за гэтыя тавары, ці прадаецца якасны тавар, ці рэалізуецца тавар маркіраваны? Самі разумееце, што ў інтэрнэт-крамах і тэлевізары прадаюць. То бок ці падлягаў тавар маркіроўцы і ўвогуле ці легальна ён увезены ў краіну”.
Ці фармуюць інтэрнэт-крамы ценевы бюджэт?
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі працуе больш за 600 віртуальных крамаў. Штомесяц іх наведвае амаль 2 мільёны чалавек, а тавараабарот перавышае 16 мільярдаў рублёў. Пры гэтым дзяржаўныя экспэрты прыйшлі да высновы: парушэньні заканадаўства ў сфэры інтэрнэт-гандлю маюць масавы характар, бальшыня фірмаў працуе безь ліцэнзіі альбо зьмяншае сумы падаткаў з дапамогай так званых “шэрых схемаў”. Па ацэнках фіскальных органаў, аб’ём ценевай эканомікі ў Беларусі складае каля 10% валавога ўнутранага прадукту, з-за чаго ў бюджэт штогод не трапляюць 2-3 трыльёны рублёў.
1 лютага Сяргей Сідорскі заявіў, што хоць такі інтэрнэт-гандаль у Беларусі ўсё больш папулярны і яго ў пэўнай ступені трэба заахвочваць, але найперш неабходна глядзець на збор падаткаў.
Спроба абтэлефанаваць інтэрнэт-крамы, каб даведацца, як “віртуальныя калектывы” ўспрынялі намер ураду навесьці парадак з інтэрнэт-гандлем, вялікага плёну ня мела. Першая спроба – крама, якая гандлюе бытавой тэхнікай:
“Ведаеце, нічога не магу сказаць пэўнага з гэтай нагоды. Шчыра кажучы, ніхто не ўпаўнаважваў мяне даваць вось такія камэнтары, таму нічога не магу сказаць. Трэба яшчэ ўсё ўзгадніць, як кажуць, удакладніць пазыцыі...”
Набіраю нумар, па якім звычайна замаўляюць мабільныя тэлефоны. Зразумела, што чалавек на тым баку ў курсе апошніх урадавых ініцыятываў, але апярэджваць падзеі яўна не імкнецца:
“Вой, я з гэтым пытаньнем увогуле не знаёмы, ня ў курсе. Па інтэрнэт-гандлі нічога не скажу, бо ўвогуле ня ведаю, як яны там хочуць працаваць і якім чынам штосьці рэглямэнтаваць...”
Юры Зісер, старшыня Рады дырэктараў найбольшага беларускага інтэрнэт-парталу TUT.BY, празь які лёгка выйсьці на дзясяткі інтэрнэт-крамаў, вітае спробы навесьці парадак у інтэрнэт-прасторы. Але, кажа, парадак трэба наводзіць бяз гвалту і залішняй апантанасьці:
“Абсалютна згодны з тым, што трэба насамрэч узяць пад кантроль нашы інтэрнэт-крамы. Таму што многія працуюць вельмі дрэнна і без усялякай ліцэнзіі. А вось тое, што яны не плацяць падаткаў, – гэта няпраўда. Яны сплачваюць неабходныя падаткі; думаю, што можна казаць пра недаплату мытных збораў – вось гэта больш рэальна. А што да падаткаў, то мне здаецца, не зусім дакладна ўсё ж была думка сфармуляваная, можа прэм’ер не зусім у курсе справы”.
Лёс інтэрнэт-гандлю ў руках фіскальных органаў?
Як лічаць экспэрты, пільная ўвага да віртуальнага гандлю можа ня столькі прынесьці прыбытак, колькі мець зусім непажаданыя наступствы. Хтосьці перакананы, што варта чакаць скарачэньня колькасьці ўласна інтэрнэт-крамаў, іншыя ў татальную ліквідацыю ня вераць, але не сумняюцца ў падвышэньні цэнаў на тавары, якія заўсёды выгадна вылучаліся сваёй таннасьцю ў параўнаньні з рэальнымі крамамі. А вось што з гэтай нагоды мяркую Юры Зісер:
“Скарачэньня, я думаю, не адбудзецца. А вось падаражэньне, калі возьмуцца за растаможваньне, будзе абавязкова. Ня выключана, што інтэрнэт-гандаль можа і загінуць увогуле. Таму што ён квітнее толькі з-за абсалютна дзікага падаткаабкладаньня і мытных збораў, празь якія, прыкладам, легальны мабільны тэлефон каштуе ў 1,5-2 разы даражэй, чым увезены па-шэраму. Таму і квітнеюць інтэрнэт-крамы тэлефонаў, бытавой тэхнікі. Калі прыціснуць па-сапраўднаму, то яны ўсе зачыняцца, а людзі пачнуць езьдзіць за мяжу: будуць купляць бытавую тэхніку ў Расеі. То бок ізноў будзе ўвесь Менск у Маскве на рынку”.
Дзеля справядлівасьці, Сідорскі і сам папярэдзіў фіскальныя органы, каб тыя выяўлялі імпэт у разумных межах. “Падатковым органам трэба больш узважана падыходзіць да правядзеньня праверак. Комплексныя мерапрыемствы перадусім павінны праводзіцца там, дзе ўгоды напаўпразрыстыя”, – лічыць прэм’ер-міністар.
Кіраўніца Міністэрства падаткаў і збораў Ала Дзейка ўжо заявіла: адной з асноўных задачаў “апэратыўна-рэйдавай працы” падатковых органаў у 2008 годзе будзе спыненьне дзейнасьці незарэгістраваных прадпрымальнікаў, асабліва ў сфэры гандлю мабільнымі тэлефонамі і складанай бытавой тэхнікай.
“У гэтых сэктарах хуткі абарот сродкаў, што складае перадумовы для прыхоўваньня падаткаў”, – патлумачыла чыноўніца.
Тым часам на некаторых інтэрнэт-сайтах ужо зьявілася інфармацыя прыблізна такога зьместу: гэта не інтэрнэт-крама, а толькі інтэрнэт-старонка камэрцыйнай фірмы, гандлёвага прадпрыемства.