Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра міжнароднай камісіі Сяргей Касьцян на пералік тых фактаў, якія прыведзеныя ў дакладзе праваабарончай арганізацыі, адрэагаваў наступным чынам:
“Уся гэтая крытыка нас амаль ня тычыцца. Яна тычыцца тых краін, якія больш за ўсіх крычаць пра дэмакратыю і свабоду слова. Але на самой справе ў іх ніякай свабоды слова няма...
Што да Беларусі, то мы робім тое, што робіць увесь сьвет. І Інтэрнэт трэба кантраляваць. А што ж – парнаграфію дазволіць? Дазволіць выпады, якія разбэшчваюць душу і розум чалавека? Не, гэтага дазволу ня будзе. Ва ўсіх краінах існуюць законы, якія рэгулююць адносіны дзяржавы з мэдыямі, і ўсё гэта знаходзіцца пад вельмі жорсткім кантролем”.
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец разважае пра сёньняшні стан беларускай незалежнай прэсы і ацэньвае, які ўплыў маюць справаздачы міжнародных арганізацыяў:
“Заўважу, што сапраўды стан незалежных мэдыяў у Беларусі вельмі цяжкі, і з кожным годам ён пагаршаецца. Хоць самыя адмоўныя зьмены адбыліся яшчэ пару гадоў таму, калі былі выкінутыя з шапікаў і з “Саюздруку” незалежныя выданьні. Цяпер сытуацыя, на маю думку, стабільна дрэнная.
Што да ўплыву і дапамогі замежных праваабарончых і журналісцкіх арганізацыяў, то тут нельга адназначна рабіць высновы. Бо, з аднаго боку, дасягнуць нейкага посьпеху і выніку адразу – гэта вельмі цяжка, і такога амаль не здараецца. Зь іншага боку, сытуацыя захоўвацца няхай на дрэнным, але стабільным узроўні. Можа, якраз і таму, што зьяўляюцца такія справаздачы, і гэта дэманструе ўвагу міжнароднай грамадзкасьці да Беларусі”.