Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шапікі ў Менску зачыняць?


Менскія ўлады абяцаюць цягам году зачыніць камэрцыйныя шапікі на транспартных прыпынках.


Яшчэ ў 2000 годзе ў Менску было спынена ўсталяваньне новых шапікаў, пакінулі толькі на прыпынках грамадзкага транспарту.

“Я супраць нагамі і рукамі”

На маленькім вакенцы шапіку надпіс: “Адчынена, ад сябе”. Гаспадыня так прыкрываецца ад ветру. Яна пусьціла мяне ў шапік. Тут на паліцах знаходзіцца тавар, уключаны абагравальнік, ёсьць лядоўня. Цесна, але ўтульна.

“Пакупнікоў даволі многа. Усё бяруць – і цыгарэты, піва, напоі... Мы працуем з 7 да 22 гадзінаў. Мы тут доўга не застанемся, бо нас хочуць прыбраць і лічаць, што наш бізнэс сябе ўжо вычарпаў. А хацелася б яшчэ папрацаваць”.

Каля шапікаў бачу пакупнікоў, якія толькі што набылі піва, кока-колу, цыгарэты, цукеркі, чыпсы. Як яны ставяцца да таго, што шапікі зачыняць?

“Я супраць нагамі і рукамі. Крамы ня ўсе працуюць, кіёскі працуюць і заўсёды пад бокам. Цыгарэты, піва без праблем. У мяне, да прыкладу, крама зачыняецца ў дзевяць, а да “начніка” ісьці невядома колькі”.

“Я, канечне, ж супраць, бо бізнэс мусіць разьвівацца ўсюды. І здаровая канкурэнцыя заўсёды для людзей”.

“Мы толькі з крамы, сумна стаяць на прыпынку – стаім і купляем чыпсы”.

“Я супраць, каб зачынялі. Гэта так зручна. Падышоў, узяў і пайшоў далей, ня трэба заходзіць у краму. У краме – чарга. Можа, эстэтычна аформіць шапікі – гэта іншае пытаньне”.

“Іх ужо дзесяць разоў мянялі, людзі за гэта грошы плацяць. І зноў зьнясуць, і зноў будуць плаціць. Хочуць, каб супэрмаркеты працавалі. Дык няхай іх паставяць на кожным рагу”.


“Гэта аўтарытэт нашай дзяржавы”

У Менску амаль 700 камэрцыйных шапікаў. Гарадзкія ўлады лічаць, што іх трэба зачыняць. Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Алег Табанюхаў сказаў:

“Шапікі зжылі сябе, і гэта беспэрспэктыўна. Пэрспэктывы іх разьвіцьця няма ў горадзе Менску і ня будзе. Як толькі мы вызначымся, што замест гэтага будзе, дык тут жа будзем прымаць нейкія рашэньні. Гэта будзе плянамерная праца праводзіцца, спачатку з цэнтральных вуліцаў, а потым ужо ... Гэта ўжо сышоў у нябыт гэты гандаль. Мы знаходзімся ў цэнтры Эўропы, у нас сталіца, гэта аўтарытэт нашай дзяржавы, і тут мусіць быць самае лепшае і перадавое”.

Паводле спадара Табанюхава, шапікі не адпавядаюць шэрагу патрабаваньняў – ад эстэтычнага выгляду да санітарных нормаў. У гэтым сэнсе, кажа спадар Табанюхаў, зжылі сябе і шапікі “Белсаюздруку”, і цяпер улады думаюць, чым замяніць і іх.

Прадпрымальніца зь Менску, сябра аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Марыя Іофэ мае камэрцыйны шапік на канцавым прыпынку на вуліцы Ясеніна, 131.

“Ён адзін застаўся гэты шапік. Вакол мяне пазачыняліся шапікі. Я лічу, што такія шапікі хоць бы на прыпынках павінны стаяць. Чалавек выйшаў з аўтобуса, я сама, часам, еду ў горад, часам, мне кепска, бо я хворы чалавек, я выходжу, мне трэба ў гэтую ж хвіліну папіць нешта ці кінуць у рот цукерку”.

“Запытацца ў народа – гэта для іх праблема”

Спадарыня Марыя хацела б мець яшчэ колькі шапікаў, бо ёсьць сілы і жаданьне працаваць. Яна нават зарэгістравала так званы “ЧУП” – прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Цяпер, аказваецца, і гэта не дапаможа.

“Ня хочацца проста дома сядзець, ня хочацца пабірацца. Ня хочацца, каб людзі, зь якімі я працую ўжо 15 гадоў, пакінулі працу. Як лічаць наверсе – гэта зусім ня так, як думае народ. Пра народ ніхто ня думае, не прыслухоўваецца да народу. Адзін чалавек вырашае, а дзесяць яго падтрымлівае. А запытацца ў народа – гэта для іх праблема”.

Шэраг шапікаў прадпрымальнікі вымушаныя былі зачыніць у зьвязку з прэзыдэнцкім указам №760, які не дазваляе мець найманых работнікаў, акрамя сваякоў. Спадарыня Марыя кажа:

“Як я назіраю ў сваім раёне, я жыву ў Малінаўцы, кожны чацьвёрты шапік зачынены. Настрою асабліва добрага да жыцьця ў людзей няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG