Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава для народу



Як вядома, Лукашэнка абвясьціў кампанію дэбюракратызацыі, нават прыняў у канцы 2006 году адмысловую дырэктыву і заявіў, што ў Беларусі будзе пабудавана дзяржава для народу. Тут можна было б паёрнічаць наконт таго, дзеля каго ж гэтая дзяржава існавала дасюль, навошта было шмат гадоў будаваць бюракратычную дзяржаву, каб потым яе дэбюракратызаваць, і г.д.

Але давайце прымем на веру, што акрамя папулізму, гульні на публіку Лукашэнка шчыра імкнецца прымусіць дзяржаўныя органы, чыноўнікаў служыць народу, бо гэта працуе на ягоны імідж. І трэба сказаць, што ў гэтым кірунку былі зробленыя пэўныя крокі. У дзейнасьці ўстановаў быў уведзены прынцып “аднаго акна”. Узмоцнена адказнасьць чыноўнікаў за нядобрасумленны разгляд зваротаў грамадзян. Як і ў савецкія часы, ва ўсіх дзяржаўных і гаспадарчых установах уведзены кнігі скаргаў. Адменены прапіска, дазвольны штамп у пашпартах для выезду за мяжу. Спрошчана працэдура набыцьця зямельных участкаў, уведзены заяўны прынцып рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня.

Аднак нават пры моцным жаданьні і жорсткім ціску зь вяршыні адміністратыўнай піраміды на ўсе ўладныя інстытуты наўрад ці магчыма прымусіць бюракратычную дзяржаву працаваць дзеля народу. Калі дзяржаўная ўлада не падкантрольная грамадзтву, яна пачынае працаваць на самую сябе ў аўтаматычным рэжыме, незалежна ад імпульсаў зьверху. Гэта закон бюракратычнай сыстэмы. Некалькі прыкладаў апошняга часу.

Насельніцтву яшчэ давядзецца адчуць усе наступствы прэзыдэнцкага ўказу № 760. Бо ён ударыў ня толькі па прыватных прадпрымальніках, але і па спажыўцах, якія прызвычаіліся купляць тавары на рынках. А з наступнага году, калі прадпрымальнікаў абавяжуць падаваць дакумэнты на завезены ў Беларусь тавар, рынкавы гандаль можа ўвогуле зьнікнуць.

Не пасьпелі аціхнуць жарсьці па згаданым указе, як улады зрабілі новы падарунак прадпрымальнікам і спажыўцам: да канца гэтага году ў Менску павінны зьнікнуць усе кіёскі. І людзям давядзецца па кожную драбязу хадзіць у буйныя крамы.

У канцы мінулага году ўлады пастанавілі, што структуры, якія займаюцца рамонтам мабільных тэлефонаў, павінны атрымаць ліцэнзію. Дзеля гэтага ім трэба набыць дарагое абсталяваньне. У выніку большасьць пунктаў рамонту тэлефонаў зачынілася, адрамантаваць мабільнік стала немагчыма, узьніклі вялікія чэргі, тысячы людзей засталіся бяз сувязі.

Нечакана ўлады павялічылі падаткі на ўладальнікаў маршрутных таксовак. Шмат машын спынілі працу, інтэрвалы руху маршрутак павялічыліся, у Менску ўзьніклі чэргі на прыпынках.

А ДАІ прыдумала новую цудную вынаходку для пабораў з грамадзян — флікеры. Яно і някепска, калі б служба бясьпекі руху рэклямавала іх і заклікала людзей добраахвотна іх выкарыстоўваць. Але, як звычайна, добрая ідэя даведзена да абсурду. ДАІ пачало абавязваць грамадзян мець флікеры на адзеньні. Уяўляеце сытуацыю, калі чалавек вешае флікер на гарнітур, шубу ці бальную сукенку. І не запярэчыш, бо ўсё ж робіцца дзела нашай бясьпекі. Паводле апошняй інфармацыі, кожны дзень у Беларусі штрафуюць за адсутнасьць флікераў каля 700 чалавек! З улікам таго, што ў краіне пражывае каля 10 мільёнаў, лёгка сабе ўявіць, якая прастора адкрываецца для папаўненьня бюджэту і кішэняў даішнікаў. Міліцыянту, які прыдумаў гэта, трэба неадкладна даваць званьне Героя Беларусі.

Зьявілася чарговае паведамленьне, гэтым разам з Горадні, пра барацьбу са спадарожнікавымі антэнамі. Людзей прымушаюць іх ліквідаваць альбо атрымліваць афіцыйны дазвол, якога, згодна з правіламі бюракратычнай сыстэмы, ніхто не дае. Прычым робіцца гэта, як звычайна, пры поўнай адсутнасьці ўсялякіх прававых падставаў.

І апошні прыклад. Улады прынялі рашэньне гэтым годам ліквідаваць дамовыя кампутарныя сеткі. Аказваецца, яны ствараюць пагрозу камунікацыям у доме.

Застаецца толькі спытаць, як у тым анэкдоце: “А дустам не спрабавалі?”

Адсутнасьць адказнасьці ўлады перад грамадзянамі стварае сытуацыю ўсяўладнасьці дзяржапарату над бяспраўнымі людзьмі, якім застаецца толькі пісаць чалабітныя высокім начальнікам.

Дарэчы, усе гэтыя прыклады — гаручы матэрыял для апазыцыі. Улады падстаўляюцца на кожным кроку. Але апазыцыя рэагуе на гэтыя факты вельмі вяла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG