Цягам тыдня ў ранішнім эфіры – гутаркі з грамадзкай рэдактаркаю пра розныя грані сацыяльнага партрэту сучаснай беларускі. Гэтым разам размова пра тое, у якой сацыяльнай ролі бачыць грамадзтва сваю сучасьніцу.
Стужынская: “Калі размаўляць зь любым прадстаўніком нашага грамадзтва, незалежна ад яго ўзросту, статусу, ён скажа, што найперш жанчына запатрабаваная грамадзтвам як маці. Другая запатрабаванасьць – гэта жанчына-жонка. Абсалютна станоўча разглядаецца грамадзянскі шлюб – каханак і каханка. Такім чынам, нашае грамадзтва разглядае жанчыну ў абсалютна традыцыйных ролях: як было сто год таму... Паглядзіце на прыклады сусьветныя: калі дзеці вырасьлі, жанчына рэалізуецца як палітык. Шмат прыкладаў...”
Уліцёнак: “Давайце назавем...”
Стужынская: “Мадлен Олбрайт. Дзеці вырасьлі, яна зрабіла кар’еру выкладчыка ВНУ... І аднойчы зранку муж ёй сказаў: “Слухай, ты мне надакучыла... Я знайшоў іншую...” Пасьля гэтага пачынаецца зусім новая старонка ў яе жыцьці. Гэта быў гэткі штуршок, ведаеце, яна як быццам з касьмічнага карабля – у палітычную прастору!”
Уліцёнак: “А што вынікае з гэтага досьведу для жанчыны беларускай? Жанчыны, якая таксама вылецела з аднаго жыцьця ў другое...”
Стужынская: “А ведаеце, я вам скажу гэтак: адны дзьверы ў жыцьці зачыняюцца, а новыя двое, а можа й трое – адчыняюцца. І жанчына павінна гэта ведаць. У беларускім грамадзтве – шмат самотных жанчын. Высьпявае праект “Я ў сябе адна”.
Уліцёнак: “Досьвед нашых суседзяў, якія прайшлі гэткі самы шлях – прыкладам, палякі. Развалы сем’яў, злом укладаў жыцьця... Што там цяпер? Выкараскалася гэтая самотная жанчына?
Стужынская: “Польская жанчына заўсёды вызначалася самастойнасьцю. Полька не здаецца – гэткая прымаўка ёсьць. Але тамака традыцыі крыху іншыя”.
Уліцёнак: “А наша жанчына? Пасьля вайны, пасьля 1945-га году яна ж таксама засталася адна і на сабе цягнула траіх, чацьвярых, пяцярых дзяцей”.
Стужынская: “І разбэсьцілі настолькі мужчыну, што ён дагэтуль ня можа адысьці ад той ласкі і стацца самастойным...”