Адзін з затрыманых, моладзевы актывіст Андрэй Кім, акрамя штрафу, пакараны арыштам на 10 сутак. Міліцыянты склалі на яго ажно тры пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах 10 і 21 студзеня, а таксама за тое, што ён нібыта лаяўся матам.
Супрацоўнікі міліцыі пры складаньні пратаколаў, калі мы хацелі зь імі азнаёміцца, ужывалі фізычную сілу
Яшчэ дзевяць чалавек, затрыманых учора, пакараныя штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Штраф у 20 базавых велічыняў (700 тысячаў рублёў) далі маладым актывістам беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Мікалаю Дземідзенку з Полацку, Аляксандру Любенчуку зь Пінску, сябру руху “За свабоду” Канстанціну Балагуру зь Берасьця, а таксама Вадзіму Бароўскаму.
Сябра Маладога фронту Алесь Круткін, а таксама Аліна Гладкая і Ліля Субач зь Менску аштрафаваныя на 30 базавых велічыняў.
Штрафам у 40 базавых (адзін мільён 400 тысячаў рублёў) пакараныя Юры Бакур зь Берасьця і былы прадпрымальнік Міхаіл Субач зь Менску. Яшчэ большы штраф, 50 базавых, атрымаў сябра руху “За свабоду” Андрэй Шарэнда зь Берасьця.
Некаторых затрыманых судзілі за ўдзел у дзьвюх акцыях адразу: 10 і 21 студзеня. Да прыкладу, муж і жонка Міхаіл і Ліля Субачы, аштрафаваныя агулам на 40 і 30 базавых велічыняў. За ўдзел у акцыі 10 студзеня яны атрымалі, адпаведна, 20 і 10 базавых. Іх затрымалі ў ГУМе пасьля ўчорашняй акцыі нібыта па падазрэньні ў выкраданьні мабільнага тэлефону.
На судзе над Міхаілам Субачам міліцыянты блыталіся ў паказаньнях, а
адвакатка прасіла вынесьці апраўдальнае рашэньне. Аднак судзьдзя вынесла пастанову аб штрафе.
Пасьля судовага пасяджэньня Міхаіл Субач сказаў:
“Супрацоўнікі міліцыі пры складаньні пратаколаў, калі мы хацелі зь імі азнаёміцца, ужывалі фізычную сілу, таўхалі, білі ў сьпіну”.
Затрыманыя скардзіліся на жорсткае абыходжаньне зь імі ў міліцыі. 18- гадовы Мікалай Дземідзенка сказаў:
Бальшыня міліцыянтаў вельмі злосна да нас ставілася. Яны наагул былі як зьвяры ў Цэнтральным РУУСе
“Калі разглядаць астатнія суды пасьля 10-га, то сёньня суд да нас ставіўся даволі ляяльна. Даў базавыя, а ня суткі. Я думаю, гэта зьвязана зь нейкімі палітычнымі матывамі. Зразумела, што гэта ўсё зьверху ідзе. Учора вельмі жорстка з намі абыходзіліся ў Цэнтральным РУУСе. Грубасьць, брыдкаслоўе, лаянка на кожным кроку”.
19-гадовы Аляксандар Любянчук, якога затрымалі пасьля акцыі на вуліцы Няміга нібыта па падазрэньні ў выкраданьні мабільнага тэлефону, апавёў:
“Бальшыня міліцыянтаў вельмі злосна да нас ставілася. Яны наагул былі як зьвяры ў Цэнтральным РУУСе. На Акрэсьціна, куды нас адвезьлі на ноч, параўнальна з Цэнтральным РУУСам было лепш. Мяне, як самага малодшага, амаль не краналі, а хлопцаў білі. Калі нас ужо прывезьлі ў суд і мы падымаліся, дык аднаго хлопца міліцыянт проста схапіў за горла і пачаў душыць. А калі яго жонка залямантавала, то міліцыянт адпусьціў”.
Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, які назіраў за тым, як судзілі затрыманых у Цэнтральным судзе, сказаў:
“Я бясконца зьдзіўляюся нашым уладам. Наколькі аднолькавыя прысуды мы бачылі пасьля акцыі 10 студзеня, і ў пераважнай большасьці гэта былі арышты на суткі, і тэрміны былі даволі суровыя. І сёньня мы бачым абсалютна іншую сытуацыю, калі, зноў жа пад капірку, усім удзельнікам акцыі 21 студзеня выносяцца штрафы. Відавочна, што самі суды тут нічога не вырашаюць. І сутнасьць справы выслухоўваецца чыста фармальна, а фактычна рашэньні прымаюцца ў іншых кабінэтах. А якія былі матывы, чаму іх цяпер не арыштоўваюць а штрафуюць, пра гэта можна толькі здагадвацца”.