Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскоўскім судзе судзілі патаемна


У судзе Маскоўскага раёну Менску cудзілі дванаццаць затрыманых удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў. Суды адбываліся за зачыненымі дзьвярыма.


Фотагалерэя

Сваякам і журналістам адмаўляліся назваць, у якой судовай залі адбудзецца разгляд справы. Сярод прадпрымальнікаў, якіх пакаралі штрафамі, былі і затрыманыя паводле асабістага загаду міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

У судзе Маскоўскага раёну раніцай сабраліся некалькі чалавек, у асноўным сваякі і сябры затрыманых удзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Але ў канцылярыі і ў прыёмнай старшыні суду ім адмовіліся назваць прозьвішчы судзьдзяў, якія будуць разглядаць справы маніфэстантаў. Толькі дзякуючы таму, што некаторыя з затрыманых папрасілі адваката, людзі змаглі прысутнічаць на паасобных судах.

Нагадаем, 21 студзеня ў Менску на праспэкце Незалежнасьці адбылася дэманстрацыя прадпрымальнікаў, у якой удзельнічалі каля 2 тысяч чалавек. Падчас разгону акцыі спэцназаўцы, якімі кіраваў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, затрымалі каля двух дзясяткаў чалавек. Іх адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў. Міліцыянты не давалі ніякіх зьвестак пра колькасьць затрыманых. Толькі сёньня ў судах сталі вядомыя прозьвішчы ўсіх затрыманых.

Актывіста незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Ініцыятыва” Валянціна Сакалоўскага аштрафавалі на 700 тысячаў рублёў. Валянціна зь сябрамі затрымалі каля кнігарні “Цэнтральная”. Іх укінулі ў міліцэйскі “варанок” і адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.

Гаворыць Валянцін Сакалоўскі:

“Я не прадпрымальнік. Нават ніхто з маіх родзічаў не прадпрымальнік. Але гэты ўказ адаб’ецца перш за ўсё на нас, пакупніках. Гэта нас улада хоча пазбавіць выбару адзеньня, ежы, маршрутных таксі, вялікай колькасьці паслуг. Таму я ўчора і быў на мітынгу. Суды пераўтварыліся ў машыну. Таму сьведкаў нават ня сталі выклікаць у суд. Навошта, калі ёсьць рапарт, у якім усё напісана? 20 хвілінаў, і ўсё”.

Прадпрымальнікі муж і жонка Саўчукі былі затрыманыя на загад міністра Навумава, які кіраваў спэцназаўцамі падчас разгону акцыі.

Андрэй Саўчук апавёў:

“Калі я ўбачыў міністра Навумава, які аддзяліўся ад натоўпу, то падышоў да яго і сказаў: “Спадар міністар унутраных справаў, калі ласка, стаўцеся да людзей больш паважліва”. Ён адказаў: “Вось гэтага!” і паказаў на мяне пальцам... Усё. Больш нічога ня памятаю. Мяне пацягнулі кудысьці разам з маёй жонкай. Вось яна”.

Тамара Саўчук дадала:

“Ён сказаў усім разыходзіцца. Я яму адказала, што транспарт ня ходзіць і няма магчымасьці зьехаць. Гэта, відаць, яго раззлавала. Ён паказаў на мяне пальцам і сказаў: “Забраць!” Падышлі шэсьць чалавек і нас забралі”.

Саўчукоў пакаралі штрафамі на 550 тысяч рублёў кожнага.

Прадпрымальніка Віктара Бугаёва пакаралі штрафам на 800 тысяч рублёў. Міністар Навумаў затрымліваў яго асабіста. Віктар прадэманстраваў адарваны рукаў дублёнкі.

Віктара Кукрыша, Сяргея Шаўцова і Артура Піцько судьдзі Віктар Казак і Алена Шылько пакаралі арыштамі на 15 сутак, Аляксея Бондара – на 5. Андрэя Прэсьняка, які вучыцца ў Белдзяржунівэрсытэце, арыштавалі на 10 сутак.

Калі ўлічыць, што ў Цэнтральным судзе таксама арыштавалі некалькі чалавек, то колькасьць апазыцыянэраў за кратамі турмы на вуліцы Акрэсьціна складае ўжо больш за паўсотні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG