І хай сабе многія скажуць – «дый гэта ўсё шоў», у адказ думаеш – «нам бы такое шоў».
У Беларусі выбараў няма даўно, цэлае пакаленьне ня ведае, што гэта такое. Цяпер выбараў няма ўжо і ў суседняй Расеі, палітыкі якой у Беларусі былі больш вядомыя, чым свае, бо большасьць беларусаў звыкліся глядзець у сьвет праз расейскае тэлевізійнае акно.
І таму, нават калі вы не фінансавы геній Уол-Стрыту і ў вас няма ніякай матэрыяльнай зацікаўленасьці ў тым, хто пераможа ў ЗША, вы ня можаце застацца абыякавым да гэтай захапляльнай гонкі. Дый увогуле ў нашых людзей шырокі кругагляд -- памятаю, як гаравала адна пэнсіянэрка з-за таго, што французы выбралі «праамэрыканскага», як яна сказала, Сарказі.
Які ж канкрэтны інтарэс беларусам у амэрыканскіх выбарах? Традыцыйна лічылася, што дэмакраты больш ідэалістычныя ў зьнешняй палітыцы, рэспубліканцы больш прагматычныя, схільныя да “рэальпалітык”. Самы яркі прыклад з блізкага да нас часу – рэспубліканец Рычард Ніксан, які ў пачатку 70-х пайшоў на разрадку ў адносінах з СССР і наладзіў стасункі з камуністычным Кітаем.
Але цяперашні прэзыдэнт ЗША рэспубліканец Джордж Буш, здаецца, паводле ступені ідэалягізаванасьці пераўзыйшоў усіх папярэднікаў. Знакаміты гісторык Артур Шлезінгер адзначыў, што Джордж Буш-малодшы – першы амэрыканскі прэзыдэнт, які ў сьвецкіх рашэньнях кіруецца рэлігійнымі матывамі.
Той самы Шлезінгер у сваёй галоўнай працы -- кнізе «Цыклы амэрыканскай гісторыі» -- аналізуе зьмену палітычных пэрыядаў у гісторыі ЗША і адзначае, што, як правіла, кансэрватыўны цыкль цягнецца даўжэй чым цыкль пераменаў – адпаведна рэспубліканцы, якія ўвасабляюць кансэрватызм, кіруюць у сярэднім у два разы часьцей, чым дэмакраты. Ага, кажа ўважлівы чытач, -- значыць пасьля двух тэрмінаў дэмакрата Клінтана і двух тэрмінаў рэспубліканца Буша цяпер зноў мусіць быць рэспубліканец.
Тэарэтычна гэта так, і я асабіста думаю, што на гэтых выбарах зноў перамогуць рэспубліканцы. Але… але ці можна адназначна 8 гадоў прэзыдэнцтва Буша назваць кансэрватыўным цыклем? Калі часопіс Time ў 2004 годзе назваў Буша чалавекам году, то артыкул пра амэрыканскага прэзыдэнта (як і сёлетні артыкул пра “чалавека году” Уладзімера Пуціна), быў хутчэй крытычным, чым апалягетычным. А заканчваўся ён наступнымі словамі – “Буш, сапраўдны рэвалюцыянэр”. Тут і крыецца загадка наступнага прэзыдэнтства – якія ідэі запатрабуе грамадзтва, ці захоча яно адпачыць, агледзецца вакол, заняцца сабой, ці ўжо гатовае рвануць наперад, да новых грамадзкіх вяршыняў?
Варта адзначыць, што амаль кожны з існуючых кандыдатаў – ня толькі дэмакраты, але і рэспубліканцы – гаворыць пра перамены, гэта слова адно з самых распаўсюджаных сярод выбарчых слоганаў. Аднак ці настолькі амэрыканцы прагнуць пераменаў, што гатовыя прагаласаваць за чарнаскурага Барака Абаму (дарэчы, калі тата ў яго чорны, а мама белая – чаму ўсе называюць яго чарнаскурым? З тым жа правам -- 50 на 50 -- мы можам называць яго белым)? Варта нагадаць, што афраамэрыканцы і так на ўсіх апошніх выбарах традыцыйна працэнтаў на 90 галасуюць за дэмакратаў – фактычна незалежна ад таго, якую кандыдатуру тыя выстаўляюць. Так што ў гэтым сэнсе Абама дэмакратам галасоў не дадасьць. Ці гатовае амэрыканскае грамадзтва прагаласаваць за жанчыну, незалежна ад яе палітычных і чалавечых якасьцяў? Калі ж гаварыць пра канкрэтную Гілары Клінтан, то ў яе, паводле апытаньняў, адмоўны рэйтынг перавышае станоўчы.
А зь іншага, рэспубліканскага, боку? Джуліяні? Італьянец і -- былы мэр Нью-Ёрку?? Няўжо раптам амэрыканская глыбінка палюбіла Нью-Ёрк? Мармон Мітт Ромні? Are you kidding?
Так і хочацца жартаўліва спытаць -- дзе яны, слаўныя WASPы (White Anglo-Saxon Protestant), якія заўсёды кіравалі Амэрыкай? Ёсьць такія сярод галоўных прэтэндэнтаў! Гэта былы губэрнатар Арканзасу Майк Гакабі і 71-гадовы сэнатар Джон Маккейн.
Маккейн -- магчыма, адзіны з кандыдатаў, які даўно ўжо ведае, як вымаўляецца Belarus і дзе яна знаходзіцца на мапе. Дастаткова ўзгадаць гістарычную канфэрэнцыю ў Вашынгтоне ў лістападзе 2002 году пад назваю "Вось зла: Беларусь - прапушчанае зьвяно", шэраг заяваў, сустрэчаў зь беларускай апазыцыяй і падтрымкай законапраектаў. Так што дэмакратычным беларусам, здаецца, не застаецца выбару, за каго аддаваць свае сымпатыі. Джон Маккейн – наш кандыдат!