Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шрэк-3”: цяпер і па-беларуску


Сёньня ў Менску прэзэнтавалі дубляваны на беларускую мову мультфільм “Шрэк-3”.


Кароль-жаба памірае. Шрэк перад выбарам: заняць месца Караля альбо паехаць шукаць сапраўднага нашчадка. Юнаку Артуру ня надта хочацца рабііцца каралём. У гэты час чароўны прынц будуе пляны, як захапіць уладу ў Трыдзясятым валадарстве.

Так пачынаецца трэці фільм пра прыгоды казачнай пачвары Шрэка і ягоных сябрукоў – Асьлюка і Ката-ў-ботах.

“Шрэк-3” выйшаў на экраны ў ЗША 18 траўня 2007 году. За першыя выходныя пракату ён сабраў 122 мільёны даляраў. Ён стаў самым касавым анімацыйным фільмам і трэцім паводле прыбытковасьці сярод паўнамэтраэных стужак.
Перакладчыкі Мікола Андрэеў і Тацяна Беланогая, выканаўца ролі Каралевы Іна Каляда

Пераклад “Шрэка Трэцяга” на беларускую мову зрабілі Мікола Андрэеў і бард Тацяна Беланогая:

Беланогая: “Мы стараліся знайсьці некія такія “фішкі”, агульнапрынятыя ў моладзевым асяродку”.

Андрэеў: “Адзін з такіх момантаў, што калі здараецца нейкае замяшальніцтва, то Шрэк выслаўляецца..., распавядзі”.

Беланогая: “Зялёнае пудзіла зь вялікімі вушамі і носам хру-хру. Гэтак казалі ў нашай вёсцы хлопцы, калі хацелі адзін аднаго пакрыўдзіць”.

Галоўнага героя Шрэка агучыў рок-музыка і шоўмэн Аляксандр Памідораў, а ягоную жонку Фіёну – актрыса Купалаўскага тэатра Сьвятлана Зелянкоўская.

Аляксандар Памідораў выступіў рэжысэрам дубляжу:

“Акторскі склад падабраўся файны. Цікавы выпадак здарыўся, калі мы агучвалі са Сьвятланай адзін з эпізодаў. Проста перапынілі працу хвілін на дзесяць, бо яна пачала сьмяяцца. У тэксьце была фраза “мая зелянушачка” і, як высьветлілася” менавіта гэтак, “зелянушачкай” Сьвятлану называлі ў школе”.
Сьвятлана Зелянкоўская з дачкой

Сьвятлана Зелянкоўская на прэзэнтацыю прыйшла разам зь сямігадовай дачкой Аксеняй.

“У нейкім сэнсе агучваньне стала для мяне добрым знакам: “зелянушка” знайшла сваё каханьне, і Зелянкоўская таксама. Мяне вельмі ўразілі некаторыя моманты, зьвязаныя з нашымі беларускімі рэаліямі, што гэта быў ня проста пераклад, а пераклад з гумарам. Да прыкладу, мы табе не сябры і не “Верасы”, “За Беларусь” і гэтак далей. І ўвогуле, тут сабраліся нармалёвыя людзі. Для каго, можа, і “ненармальныя”, а мне – нармалёвыя. Думаю, ад таго, што гэта было зроблена з задавальненьнем, гэта атрымалася добра. Галоўнае – рабіць гэтую справу шчыра, прытрымліваючыся сваіх прынцыпаў і свайго сэрца”.

“Шрэк-3” – гэта пятая па ліку стужка, якую на беларускую мову прадублявала творчая ініцыятыва “Беларусі Гальфстрым”. Кіраўнік праекту Франак Вячорка перакананы, што “Шрэк-3” стане папулярнейшым за папярэднія праекты.
Кінакрытык Максім Жбанкоў і кіраўнік праекту Франак Вячорка

“Не было шырокай рэклямы, не плянавалася публічнага прагляду. Але, я думаю, фільм зробіць сваё. Ён трапіць у гарадзкія лякальныя кампутарныя сеткі, ён трапіць у інтэрнэт, як бы мне гэтага ні не хацелася. І будзе даступны для распаўсюду сярод мільёнаў беларусаў. Сем’яў, якія будуць глядзець яго днямі і вечарамі, супакойваючы сваіх дзяцей, каб тыя ня плакалі, а паглядзелі на добрага зялёнага монстра Шрэка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG