Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паддаецца рэформам беларуская мадэль?


Прамінулы 2007 год, акрамя ўсяго іншага, цікавы тым, што павінен быў даць адказ на пытаньне, якое моцна хвалюе беларускіх апазыцыйных палітыкаў і інтэлектуалаў: ці здатная беларуская сацыяльная мадэль да самарэфармаваньня ў блізкім часе?


Удзельнікі дыскусіі на гэтую тэму на сайце “Наше мнение” давалі на пастаўленае пытаньне хутчэй адмоўны адказ, чым станоўчы. Іх аргумэнты грунтаваліся на тэзісе, што беларуская сацыяльная мадэль даволі арганічная. Усе яе элемэнты — эканамічная сыстэма, сацыяльная палітыка, палітычная сыстэма, замежная палітыка — жорстка зьвязаныя, дапаўняюць і страхуюць адзін аднаго. У такой мадэлі выпадзеньне аднаго элемэнту, адной цагліны, можа хутка абваліць усю піраміду. Напрыклад, СССР пачаў развальвацца таму, што ў добра арганізаваную і наладжаную сыстэму былі запушчаныя два нявінныя, як на наш сёньняшні розум, вірусы: самаакупнасьць, самафінансаваньне прадпрыемстваў — у эканоміку і галоснасьць — у грамадзка-палітычнае жыцьцё. І праз тры гады магутная таталітарная імпэрыя распалася, як картачны дамок.

Акрамя таго, асноўныя сацыяльныя суб’екты (нават тыя, якія апазыцыя лічыла сваёй сацыяльнай базай) пасьпелі прыстасавацца, адаптавацца да наяўных правілаў гульні і мяняць іх ня надта імкнуцца.

І вось у 2007 годзе Беларусь апынулася перад выклікам вонкавых шокаў. Прычым ня столькі эканамічных (таму што пагрозы былі больш патэнцыйныя, чым рэальныя), колькі псыхалягічных. Перад беларускімі ўладамі паўсталі дзьве стратэгічныя альтэрнатывы: або курс на лібэральныя рэформы, або таталітарны трэнд у эканамічным і грамадзка-палітычным жыцьці.

Кіраўніцтва Беларусі выбрала трэці варыянт: балянсаваньне паміж дзьвюма гэтымі альтэрнатывамі. То бок, па вялікім рахунку, улады пайшлі тым шляхам, якім яны ішлі апошнія 10 гадоў. Але адметнасьць гэтага году палягае ў тым, што балянсаваньне адбывалася з ухілам у сацыяльна-эканамічную лібэралізацыю. Скасавалі прапіску, дазвольны штамп у пашпартах для выезду за мяжу, увялі больш лібэральны мэханізм ліцэнзаваньня відаў эканамічнай дзейнасьці і набыцьця зямельных участкаў. І самае галоўнае, дэкрэт № 8 спрасьціў рэгістрацыю суб’ектаў гаспадараньня ажно да заяўнага прынцыпу стварэньня бізнэсу.

Больш таго, кіраўнічая каманда прадэманстравала гатовасьць адмовіцца ад тых прынцыпаў, якія ляжаць у падмурку беларускай сацыяльнай мадэлі. Па-першае, зьмянілася стаўленьне да замежнага капіталу. Важна падкрэсьліць, што ўсе недэмакратычныя рэжымы інстынктыўна імкнуцца да самаізаляцыі, апоры на ўласныя сілы. І ў Беларусі стаўленьне да замежнага капіталу было ўзьведзена амаль у ідэалягічны прынцып. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі кшталту МВФ, як і расейскія алігархі, былі сымбалямі нечага варожага. Невысокая дагэтуль вонкавая запазычанасьць Беларусі была прадметам гонару, адным з прапагандысцкіх козыраў беларускага кіраўніцтва. Ал. Лукашэнка неаднойчы апавядаў, што нам прапаноўвалі грошы і Сорас, і Міжнародны валютны фонд, але мы з прынцыпу ня бралі, каб не апынуцца ў залежнасьці ад вонкавых сіл, як некаторыя нашы суседзі — мы не дазволілі накінуць на нас пазыковую пятлю.

І вось за кароткі час усё зьмянілася. Пачаўся ліхаманкавы пошук замежных крэдытаў, у які ўключыўся сам Лукашэнка. Перад замежным капіталам шырока расчынілі дзьверы. Беларусь атрымала краінавы рэйтынг. Пачалася прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў з удзелам замежных кампаніяў. Можна ўзгадаць продаж дзяржаўнага пакету акцый “Белтрансгазу”, заводу “Мотовело”, СП “Velcom”, двух банкаў, праекты з удзелам аўстрыйскага, расейскага, кітайскага капіталу і інш.

Улады ідуць на пэўную рызыку размываньня сваёй сацыяльнай мадэлі. Бо яна грунтуецца на жорсткім кантролі дзяржавы над асноўнымі эканамічнымі суб’ектамі, фінансавымі плынямі. І вось у гэтую зладжаную сыстэму, якая працуе параўнальна нядрэнна, трапляе вірус у выглядзе замежнага капіталу. Як гэта паўплывае на ўстойлівасьць беларускай мадэлі? Ці вытрымае яна ўдар іншароднага цела? Можа, яна, умоўна кажучы, эфэктыўна “асымілюе” замежны капітал, узмоцніцца, набудзе другое дыханьне? Ці, наадварот, замежны капітал стане штуршком для трансфармацыі беларускай мадэлі? Да таго ж, набраўшы замежных крэдытаў, краіна ўцягваецца ў фінансавую залежнасьць ад іншых дзяржаваў і іхніх банкаў.

Яшчэ адной зь “сьвятых кароваў” беларускай мадэлі была ідэя “сацыяльнай дзяржавы”, сацыяльная арыентаванасьць эканамічнай палітыкі. Лукашэнка неаднаразова выхваляўся гэтым і казаў, што мы, у адрозьненьне ад іншых посткамуністычных краінаў, у прыватнасьці ад Расеі і Ўкраіны, ня кінулі народ у “дзікі рынак”, абаранілі людзей, дзяржава захавала сацыяльную сфэру, якая засталася ад савецкіх часоў.

І вось у 2007 годзе па гэтай ідэалягічнай канцэпцыі наносіцца моцны ўдар. Большасьць сацыяльных льготаў касуецца. Замест іх манэтызацыі, як у Расеі, уводзіцца адрасная сацыяльная дапамога найбяднейшым. Таксама адмяняюцца працяглыя адпачынкі для работнікаў шэрагу прафэсій.

Такім чынам, падзеі гэтага году паказваюць, што пад узьдзеяньнем жорсткіх абставінаў наяўная сыстэма можа выявіцца гнуткай і мае здольнасьць рэагаваць на вонкавыя выклікі, адаптавацца да іх. Дзеля палітычнага выжываньня ўлады гатовыя ахвяраваць ня толькі ідэалягічнымі канструктамі, пакладзенымі ў падмурак беларускай мадэлі, але і сымпатыямі свайго электарату.

Ужо ня раз адзначалася, што беларускі рэжым — самы ідэалягізаваны на прасторы былога СССР, найбольш зацыклены на савецкім мінулым. Дык вось, паводле вынікаў гэтага году можна канстатаваць, што мы назіраем пачатак пераходу ад ідэалягізацыі да прагматызацыі. Акрамя згаданых сацыяльна-эканамічных зрухаў, можна ўзгадаць, што леташняе сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці праходзіла пад лёзунгам “За независимую Беларусь!”

Можна, вядома, сьцьвярджаць, што ўсе гэтыя захады і зрухі слабыя, носяць касмэтычны характар, не мяняюць прынцыпова наяўную мадэль, палітычны рэжым. Больш таго, яны робяцца на тое, каб умацаваць сыстэму. Напрыклад, тыя ж крэдыты бяруцца замест рэформаў і дзеля прадухіленьня рэформаў. Але ж і пагрозы мінулым годам былі яшчэ слабыя, хутчэй патэнцыйныя, чым рэальныя. Зьявяцца мацнейшыя выклікі, будуць і глыбейшыя зьмены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG