Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі шакаваныя выказваньнямі Лукашэнкі


30 сьнежня падчас наведваньня "SOS-Дзіцячай вёскі" ў Бараўлянах А.Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў.


Сярод іншага, ён сказаў: “Падпісваючы ўказ № 760, я яго сам жа крытыкаваў. Гэта ўказ на іх карысьць. Што мы робім? Мы далей працягваем падтрымліваць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія завозяць нам з трэціх краін, з Расеі, цераз Расею гэты шырспажыў, у асноўным няякасны, і мы іх за гэта яшчэ льгатуем. Гэта значыць, мы для ІП стварылі льготны рэжым".

Выказваньні А.Лукашэнкі камэнтуе адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў:

“Куды б я на рынак ні прыехаў, а я ўжо на трэцім рынку знаходжуся, паўсюль ідзе абмеркаваньне таго, што ён сказаў. Людзі шакаваныя гэтымі заявамі ў дачыненьні да сябе”.

Віктар Гарбачоў заяўляе, што ад заўтра на рынках Беларусі распачынаюцца акцыі пратэсту.

“Першыя тыдні хто ня зможа працаваць, сыходзіць у адпачынак, а 10 студзеня ўсё застаецца ў сіле, на Кастрычніцкай плошчы, і зь 1 лютага ў рэгіёнах – страйк, ужо агульнарэспубліканскі”.

Напярэдадні Лукашэнка заявіў, што прадпрымальнікі завозяць у Беларусь шырспажыў з трэціх краінаў сьвету на льготных умовах і па нізкіх коштах, і тым самым яны нібыта “ўгробілі тысячы працоўных месцаў”. Гэтае меркаваньне эканаміст Леў Марголін лічыць спрэчным:
Такое ўражаньне, што нехта яму ўбіў у галаву, што калі прадпрымальнікі ня будуць вазіць замежных тавараў, тады беларускія прадпрыемствы уздыхнуць з палёгкай.


“У мяне складаецца такое ўражаньне, што нехта яму гэта аднойчы ўбіў, як кажуць, у галаву, што калі прадпрымальнікі ня будуць вазіць замежных тавараў, тады беларускія прадпрыемствы змогуць уздыхнуць з палёгкай і будуць працаваць на поўную моц. Гэта, вядома ж, ня так. Каб яны зараблялі, яны павінны вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, а вось гэтага яны ня могуць”.

На сёньня ў Беларусі амаль 200.000 індывідуальных прадпрымальнікаў праігнаравалі прэзыдэнцкі ўказ нумар 760. Лукашэнка мусіў адступіць – ён даў яшчэ два месяцы для пераходу прыватных гандляроў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.

Экспэрт Леанід Злотнікаў кажа, што дзяржава мае права рэгуляваць дзейнасьць прыватнага бізнэсу, але ўлада ў Беларусі не заўсёды абыходзіцца з прыватнікамі справядліва:

“Залатая сярэдзіна: у кожнай дзяржаве праводзіцца палітыка падтрымкі малога бізнэсу. Вось гэтыя дробныя прадпрымальнікі – гэта той “булён”, дзе нараджаюцца капіталы, якія потым ідуць у іншыя сфэры, таму тут ёсьць інтарэс дзяржавы. Сярэдзіна ў тым, каб тым прадыпрмальнікам, якія маюць ня больш за дзясятак чалавек наёмых працаўнікоў, гэтым прадпрымальнікам мусілі б быць ільготы. Можна было б пакінуць усё так, як яно ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG