“Сялянская ніва” ў 1927 годзе хвалюецца з прычыны прыродных катаклізмаў: “Хваля маразоў насунулася на Эўропу з Сібіры праз Расею... У Англіі наступіла халодная зіма. Марозы дасягаюць да 20 градусаў нават у Лёндане. У-ва Францыі таксама пануюць марозы ў 20 градусаў. Ёсьць нават сьмяротныя выпадкі ад замярзаньня. У Югаславіі ад сільных марозаў замерзьлі на вартах жаўнеры, пільнаваўшыя граніцу. Знойдзена замёршымі 17 чалавек. Нават на Рыверы, куды зьяжджаюцца буржуі для адпачынку, дзе вечна зелянеюць дрэвы, і то мароз дасягаў да 3 градусаў”.
“Віцебскі пролетарый” у 1937 годзе зьмясьціў такую аб’яву: “Кіраўніцтва віцебскага трамвая даводзіць да ведама, што, у мэтах лепшага распазнавання трамвайных маршрутаў у вячэрні і начны час ва ўсіх гарадах СССР уводзяцца аднастайныя маршрутныя каляровыя ліхтары на ліцавой частцы вагона. Трамвайныя вагоны г. Віцебска будуць мець наступныя каляровыя ліхтары на маршрутах: №1 — пляц Волі-фабрыка імя Кагановіча: чырвоны; №2 — пляц Леніна-вакзал: зялёны; №3 — вакзал-фабрыка імя Кагановіча: сіні; №4 — пляц Волі-праспект Вінчэўскага: жоўты; №5 — пляц Волі-новая бальніца: аліўкавы; №6 — Чырвоны пляц-цагельны завод: фіялетавы”.
“ЛіМ”, год 1957. Г.Барышаў нагадвае: “У Беларусі ў канцы XVIIІ-пачатку XIX ст.ст. у многіх сядзібах буйных памешчыкаў пачалі ўзнікаць прыгонныя тэатры. Дзеля панскай пацехі ў гэтых маёнтках прыгонныя архітэктары будавалі тэатральныя будынкі, мастакі пісалі дэкарацыі, а прыгонныя акцёры пад кіраўніцтвам якога-небудзь заезджага іншаземца выконвалі пантамімы і балеты... Беспраўе акцёраў было надзвычайным. Іх прадавалі, як жывёлу, а прыгонных музыкантаў — нават цэлымі аркестрамі”.
Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі