Як беларуская эканоміка вытрымала сёлета шок ад скачка цэнаў на энэрганосьбіты? Карысная ці шкодная палітыка замежных запазычанасьцяў, якую сёлета пачаў праводзіць беларускі ўрад? Якім быў вынік гонкі цэн і заробкаў? Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, незалежны эканаміст Міхась Залескі і экспэрт Інстытуту мэнэджмэнту і прыватызацыі Аляксандар Чубрык.
Дракахруст: “Адна з галоўных эканамічных падзеяў года, які празь некалькі дзён адыдзе ў мінулае, адбылася напачатку гэтага году, а пачалася напрыканцы мінулага – нафтагазавая вайна. Справа тады дайшла да адключэньня на некалькі дзён паставак і транзыту нафты, у выніку краіна ўвайшла ў новы год са значна больш высокімі цэнамі на энэрганосьбіты. Тады не было недахопу ў алярмічных прагнозах, многія экспэрты казалі, што эканоміка ня вытрымае такога цэнавага шоку, што крыніца працьвітаньня апошніх гадоў, продаж нафтапрадуктаў, закрыецца, і знакаміты “беларускі цуд” у хуткім часе лясьнецца. Былі і аптымістычныя прагнозы, што цудадзейная “беларуская мадэль” ўсё вытрымае і ніякіх катастрофаў ня будзе.
Я прапаную адысьці ад ідэалягічных падыходаў і паспрабаваць ацаніць: якім жа быў вынік гэтага эканамічнага шоку, адказаць, чаму, за кошт чаго не адбылося прагназаванай катастрофы (калі яе не адбылося)?”
Багданкевіч: “Ну, я тады належаў да тых эканамістаў, якія не прагназавалі катастрофы, бо лічылі, што катастрофа ў нашай эканоміцы – гэта тая адміністрацыйна-камандная мадэль, якая ўсталяваная ў Беларусі.
Катастрофа ў нашай эканоміцы – гэта тая адміністрацыйна-камандная мадэль, якая ўсталяваная ў Беларусі.
С.Багданкевіч
С.Багданкевіч
Я ў свой час апублікаваў дадзеныя, што яшчэ да падвышэньня цэн у нас сукупны зьнешні доўг краіны павялічыўся ў 1,6 разы – з 5 мільярдаў даляраў да 6,9 мільярдаў. Унутраны доўг дзяржавы вырас на паўтара трыльёна, склаўшы 6,5% валавога ўнутранага прадукту.
Абвал, катастрофа закладзеная ў самой мадэлі, а падвышэньне цэн на энэрганосьбіты толькі патэнцыйна пагоршыла гэтую праблему, якая зьвязаная з мадэльлю гаспадараньня.
А ўлічваючы тое, што, як пісаў вядомы расейскі эканаміст Уладзімер Маў, наша эканоміка экзатычная, мы вырабляем тавары ў тых галінах, якія нізкарэнтабэльныя і нават стратныя. Таму ацэньваць яе паводле стандартных крытэрыяў, прынятых для рынкавай эканомікі, досыць складана. На паверхні ўсё яшчэ шоку няма”.
Дракахруст: "Аляксандар Чубрык, для звычайнага чалавека паняцьце эканамічнай катастрофы зразумелае – калі нацыянальная валюта абвальваецца, заробкі зьніжаюцца, беспрацоўе і цэны рэзка растуць. Здаецца, сёлета такога не было. Ці было?"
Шмат беларусаў скажуць Вам, што 2006 г. быў вельмі пасьпяховым годам і для краіны, і для іх асабіста. А вось пра 2007 г. далёка ня кожны можа сказаць тое самае.
А.Чубрык
А.Чубрык
Чубрык: "Эканоміка зрэагавала так, што менавіта просты чалавек можа ўспрыняць такія эканамічныя "посьпехі" як катастрофу. Шмат беларусаў скажуць Вам, што 2006 год быў вельмі пасьпяховым годам і для краіны, і для іх асабіста. А вось пра 2007 год далёка ня кожны беларус можа сказаць тое самае.
Чалавек хутчэй за ўсё скажа, што яго матэрыяльнае становішча ў параўнаньні з 2006 годам не пагоршылася, але і не палепшылася. Калі паглядзець на дадзеныя выбарачнага абсьледваньня хатніх гаспадарак, то бачна, што структура спажываньня хатніх гаспадарак амаль не зьмянілася. Гэта гаворыць пра тое, што якасныя зьмены, якія звычайна суправаджаюць рост даходаў, спыніліся. Гэта гаворыць пра тое, што эканоміка спрацавала нармальна, ніякага крызысу не адбылося, але ж праблемы некаторыя выявіліся".
Дракахруст: "Міхась Залескі, напачатку гэтага году нават афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі казалі, што "гнілая" беларуская эканоміка ня вытрымае скачку цэнаў на энэрганосьбіты. Ці сапраўды гэты шок дэстабілізаваў беларускую эканоміку? А калі не, то чаму?"
Залескі: "Ідэалам лідэраў нашай эканомікі зьяўляецца ваенны камунізм, гэта эканоміка мабілізацыйная. І яна здольная, і гэта вельмі слушна заўважыў прафэсар Багданкевіч, заганяць свае хваробы глыбока пад скуру, бо можа перамяшчаць свае рэсурсы і даваць абсалютна парадаксальныя посьпехі і правалы там, дзе іх ніхто не чакаў.
Беларуская эканоміка здольная заганяць свае хваробы глыбока пад скуру, бо можа перамяшчаць свае рэсурсы і даваць абсалютна парадаксальныя посьпехі і правалы там, дзе іх ніхто не чакаў.
М.Залескі
М.Залескі
Пры такім значным падвышэньні коштаў на нафту і ўсё астатняе, міністэрства фінансаў паказала ці не мільярд даляраў прафіцыту ў бюджэце. Як гэта так можа атрымацца?
З другога боку, па выніках году мы бачым, што такі анархічны крытэрый (бо я анархіст), як ступень аўтаномнасьці грамадзянаў улада падвышае штучна, пазбаўляючы грамадзянаў сацыяльных ільготаў. Яна пачынае скідваць гэты "баляст", а ваенныя камуністы разважаюць пра людзей менавіта так, са свайго аэрастату, каб ляцець далей і вышэй".
Дракахруст: "Міхась, калі тыя тэндэнцыі ў нафтагазавай галіне, якія панавалі сёлета, працягнуць на наступны год – пра якія зьявы адыходзячага году мы будзем размаўляць у сьнежні 2008 году?"
Залескі: "Мы будзем разважаць пра тое, што галоўнымі гульцамі на беларускай пляцоўцы зьяўляюцца Расеі і Эўропа з аднаго боку, і Злучаныя Штаты – з другога. І Расея робіць усё, дае грошы, каб мы не патанулі. А амэрыканцы наадварот – блякуюць рахункі беларускіх прадпрыемстваў, каб паўплываць на сытуацыю".
Дракахруст: “Калі сёлетнія тэндэнцыі ў галіне энэргазабесьпячэньня працягнуць далей, хаця б на год наперад – чаго трэба чакаць, да чаго гэтыя тэндэнцыі прывядуць?”
Багданкевіч: “Я магу паўтарыць тое, пра што я казаў раней. Я не чакаю абвалу нашай эканомікі ў наступным годзе. Абвал адбываецца, але ён не праяўляецца відавочна для ўсяго насельніцтва. У чым абвал? На 1 лістапада ў нас дэфіцыт гандлёвага балянсу – прынамсі 3 мільярды даляраў. Мы спажылі больш, чым вытварылі і прадалі на 3 мільярды даляраў болей. За кошт чаго? Прадалі на мільярд дзяржаўнай уласнасьці і зьелі, узялі крэдытаў больш, каб аплаціць гэтыя паступленьні, зараз ужо доўг перавысіць 10 мільярдаў даляраў, а на пачатак 2006 году ён быў 5 мільярдаў.
Зьнешне абвал ня будзе заўважальным і ў канцы наступнага году. Я думаю, што ў любым выпадку афіцыйны тэмп росту ВУП скароціцца і не перавысіць 6%, будуць зьніжацца заробкі ў рэальным вылічэньні. Але катастрофы, аб якой раней казаў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і журналісты, а не сур’ёзныя эканамісты, яе зьнешне ня будзе.
Але калі ўрад ня зробіць належных высноваў, то гэты абвал праявіцца недзе к 2011 году, калі цэны на энэрганосьбіты будуць агульнаэўрапейскія.
Калі рэальная эканоміка запазычылася ў банкаў на 50% больш, чым летась, а прадукту вытварыла толькі на 8% больш, то гэта гаворыць аб велізарным унутраным крызісе. С.Багданкевіч
Сёлета для нас цана на тону сырой нафты была на 100 даляраў ніжэй, чым для Эўропы, на газ – у 2,5 разы ніжэй, чым для Прагі ці Варшавы. Такім шляхам гэта і балянсуецца. Але растуць даўгі. Трэба ж разумець, што калі рэальная эканоміка запазычылася ў банкаў на 50% больш, чым летась, а прадукту вытварыла толькі на 8% больш, то гэта гаворыць аб велізарным унутраным крызісе, які ў рэшце рэшт можа прывесьці да абвалу.
Я мяркую, што ў наступным годзе ня будзе нават вялікай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, хаця невялікая будзе працягвацца, ужо зараз нацыянальная валюта падае разам з падаючым далярам і абясцэньваецца адносна эўра і расейскага рубля. Але адчувальны ў народзе абвал будзе пазьней”.
Дракахруст: “Здаецца, надзвычай важнай для эканомікі стала новая палітыка запазычанасьцяў і прыватызацыі. Калекцыю “фамільнага срэбра” адкаркавалі ізноў жа ў апошні дзень 2006 году, калі было падпісанае пагадненьне пра продаж паловы “Белтрансгазу”. А потым пайшло – “Мотавела”, Velcom і далей.
З другога боку, беларускі ўрад разьвіў надзвычайную актыўнасьць на крэдытным рынку: крэдыты бяруцца паўсюль, ад Нямеччыны да Кітаю, але самы значны крэдыт, якога дамагаліся ўвесь год, прыйшоў напрыканцы году ад Расеі – 1,5 мільярды даляраў. Наколькі карысным, наколькі вымушаным і наколькі небясьпечным быў гэты паварот эканамічнай палітыкі?
Дарэчы, падчас падпісаньня дамовы пра 1,5-мільярдны расейскі крэдыт з расейскага боку прагучала гатоўнасьць у наступным годзе даць крэдыт ужо ў 2 мільярды даляраў. І што атрымліваецца, калі працягнуць сёлетнія тэндэнцыі ў гэтай галіне на наступны год?”
Багданкевіч: “Калі пачаць з канца, то я лічу, што стабілізацыйны крэдыт на 15 гадоў на вельмі ільготных умовах, які мы атрымаем ад Расеі – гэта надзвычай выгадна для Беларусі. Калі нам толькі зрабіць урад рэфарматарскім, кваліфікаваным, то гэта б дазволіла бяз шокавай тэрапіі стабілізаваць гэтыя выклікі, гэтыя рызыкі, не дапусьціць абвалу, пра які мы сёньня так шмат гаворым. Таму апошні крэдыт безумоўна карысны для эканомікі. Ён быў бы карысны ў квадраце, калі б была стратэгія эканамічных пераўтварэньняў, скіраваная на тэхналягічнае пераўзбраеньне.
Крэдыт быў бы карысны ў квадраце, калі б была стратэгія эканамічных пераўтварэньняў, скіраваная на тэхналягічнае пераўзбраеньне. С.Багданкевіч
Я толькі што перагледзеў апошні “Банкаўскі весьнік”. Там апублікаваная справаздача Нацбанку і там ёсьць такая лічба – зьніжэньне энэргаёмістасьці эканомікі за 2006 год толькі 4,3%. Мы адстаём ад рынкавых эканомік у 2,5-3 разы па энэргаёмістасьці. Мы ізноў не праводзім аднаўленьне, якое трэба праводзіць, мы толькі кансэрвуем старыя буйныя прадпрыемствы і мала што робім для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу.
Крэдыты, якія бяруць банкі – я баюся гэтых крэдытаў. Атрымліваем крэдыт у мільярд даляраў. Пазыкі эканоміцы больш чым напалову даем у рублях, іншымі словамі, мільярд нясем у Нацбанк, прадаем, атрымліваем рублі і імі даем крэдыты эканоміцы. Але потым жа гэтыя крэдыты трэба пагашаць, тым больш што гэтыя крэдыты на 70% кароткатэрміновыя.
Гэта пагроза ліквіднасьці банкаў і банкаўскай сыстэмы, ліквіднасьці ўкладаў. Гэтае падваеньне за два гады зьнешняй сукупнай запазычанасьці вядзе да таго, што мы будзем у даўгах як у шаўках, і цяперашняе маладое пакаленьне будзе разьлічвацца за іх. Гэта велізарныя рызыкі”.
Дракахруст: “Дагэтуль мы размаўлялі ўсё ж пра макраэканоміку. Гэта не абстракцыі, з будзённым жыцьцём людзей гэтыя праблемы зьвязаныя насамрэч даволі шчыльна. Але я прапаную пагаварыць пра паказчыкі, якія тычацца жыцьця людзей наўпрост – цэны і ільготы.
Гледзячы па ўсім, у гэтым годзе інфляцыя перавысіць заплянаваную, асабліва заўважальны скачок адбыўся напрыканцы году – кастрычнік-лістапад. А ў сьнежні ўступіў у дзеяньне і закон аб скасаваньні ільготаў. Але ж і заробкі і даходы насельніцтва на працягу году працягвалі расьці, як яны расьлі ўжо некалькі год запар. Які балянс гэтых набыткаў і стратаў – кашалёк сярэдняга беларуса патлусьцеў ці наадварот? І ізноў жа – тэндэнцыя, калі яе з гэтага году працягнуць на наступным: зь якімі заробкамі і якой інфляцыяй будзем сустракаць 2009 год? Аляксандар Чубрык”.
Чубрык: "Вядома, здабытак такі, што рэальныя даходы беларусаў сёлета расьлі. Але сёлета яны расьлі не такімі тэмпамі, як раней. У 2006 годзе рэальныя даходы павялічыліся на 18%, сёлета добра калі будзе 9-10%.
Чаму гэта адбылося? Па-першае, таму, што дзяржава спыніла ранейшым тэмпам падвышаць намінальныя заробкі, бо выбары далёка, і выбарцаў ня трэба карміць у рэжыме выбарчай кампаніі.
Другі момант – гэта паскарэньне інфляцыі. Прычым інфляцыя гэтая паскаралася менавіта рукамі ўраду, а ня дзякуючы дзеяньням Нацбанку. Менавіта рукамі ўраду напачатку году падвысіліся цэны на камунальныя паслугі, і напрыканцы году – на харчаваньне. Урад абгрунтаваў гэта тым, што ўсясьветныя цэны на харчаваньне падвысіліся. Гэта сапраўды так, але ці далёкія беларускія цэны ад усясьветных?
40% выдаткаў сярэдняй беларускай сям'і ідзе на ежу.
А.Чубрык
А.Чубрык
Дзе таньнейшыя прадукты харчаваньня – у нас ці ў суседніх краінах? У нас харчаваньне зусім не такое таннае, якое павінна было б быць паводле нашых заробкаў. 40% выдаткаў сярэдняй беларускай сям'і ідзе на ежу.
Што тычыцца наступнага году, то мы бачым, што ўрад плянуе падвысіць цэны на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Я думаю, што будуць падвышацца ўсясьветныя цэны на харчаваньне, таму ўрад будзе патрошкі падвышаць іншыя цэны.
Як выяўляецца, цэны на тавары для простых людзей, пра якіх нібыта асабліва клапоціцца ўрад, як раз гэтыя цэны і растуць найбольш імкліва.
Так што на наступны год інфляцыя будзе як мінімум ня меншай, чым сёлета, а сёлета яна ўжо перавысіла 10%, лістапад да лістападу – інфляцыя 10.1%. Гэта даволі вялікая лічба.
І з гэтага пункту гледжаньня нельга чакаць паскарэньня росту рэальных даходаў. Хутчэй за ўсё, рост рэальных заробкаў і пэнсіяў будзе запавольвацца і надалей".
Дракахруст: "Міхась, наколькі я ведаю, МВФ якраз увесь час крытыкуе беларускі ўрад за тое, што апошні зашмат людзям плаціць. Ну не МВФ потым з беларускім насельніцтвам разьбірацца, калі менш плаціць. І таму беларускія ўлады сапраўды спрыяюць таму, каб грашовыя даходы насельніцтва расьлі, па меншай меры намінальна. Які вынік гэтай гонкі даходаў і цэнаў і які прагноз?"
Залескі: "Беларус – зьява непераможная і невыкараняльная. Сёлета беларусы на 2 мільярды даляраў і мільярд даляраў прапілі. Гэта значыць, што ня сходзіцца дзяржаўная бугальтэрыя. А ня сходзіцца таму, што мы маем 30% "шэрага" сэктару прыбыткаў, і паводле дадзеных міжнародных арганізацый, якія адсочваюць ператок грошай, 2,5 мільярды трансфэртаў ад людзей, якія працуюць за мяжой, а іх прыкладна паўмільёна.
Сёлета больш чым на траціну ўзрасла колькасьць забойстваў на побытавай глебе. Гэта індыкатар таго, што адбываецца ўсярэдзіне грамадзтва.
М.Залескі
М.Залескі
А адкуль бярэцца "шэры" сэктар і такая вялікая працоўная эміграцыя? Таму што людзі насамрэч разумеюць сапраўдны кошт гэтай дзяржаўнай падтрымкі. У нас адбываецца не анархія, а фэадалізацыя эканамічных адносінаў, грубы пошук зыску там, дзе яго нельга шукаць афіцыйна. І з гэтага мы ў наступным годзе, як і ў гэтым, убачым рост непадкантрольных дзяржаве працэсаў.
Сёлета больш чым на траціну ўзрасла колькасьць забойстваў на побытавай глебе. Гэта велізарны скачок і гэта індыкатар таго, што адбываецца ўсярэдзіне грамадзтва. І такія рэчы будуць працягвацца. Я баюся, што існуе небясьпека ўзрастаньня крыміналізацыі, ўзрастаньня такой непажадана высокай аўтаноміі грамадзянаў, скіраванай не на лепшае, бо бізнэс разьвіваць дастаткова цяжка, а на горшае. І дзяржава, здаецца, усьведамляе гэта, і таму даецца пэўная воля ў стварэньні новых бізнэсаў. Але ці не запозна?"
Дракахруст: "Спадар Багданкевіч, а які Ваш прагноз вынікаў гэтай гонкі даходаў і цэнаў?"
Багданкевіч: “Сёлета ў нас яшчэ гэтая гонка можа быць і станоўчай для насельніцтва, калі ўзяць у цэлым. Але я мяркую. што наступны год – гэта пачатак пагаршэньня жыцьця насельніцтва, галоўным чынам за кошт перавышэньня росту цэн над ростам грашовых даходаў насельніцтва.
Цэны стрымаць немагчыма, гэта зьвязана з тым, што ў нас пачынаючы з 2006 году адмоўнае сальда па спажывецкіх таварах. Раней мы ўвесь час прадавалі лішнія спажывецкія тавары за мяжу, сёньня мы прадаем толькі прадукцыю машынабудаваньня, нафтапрадукты, калійныя солі, а імпартуем і абутак, і макаронныя вырабы, і нават хлеб і хлебабулачныя вырабы. Цэны на гэтыя прадукты ў большай ступені залежаць ад зьнешняга рынку і яны будуць расьці.
Рост намінальных даходаў у параўнаньні з ростам нацыянальнага прадукту – гэта міна запаволенага дзеяньня. Гэта было ў Савецкім Саюзе, і празь дзясяткі гадоў прывяло да абвалу і абясцэньваньня ўкладаў. С.Багданкевіч
Што да таго, што ў нас хутка расьлі намінальныя даходы ў параўнаньні з ростам нацыянальнага прадукту – гэта міна запаволенага дзеяньня. Гэта было ў Савецкім Саюзе калісьці, і празь дзясяткі гадоў гэта прывяло да абвалу і велізарнага абясцэньваньня ўкладаў. Такая ж тэндэнцыя нарастае і ў нас.
Калі ў нас сёлета на 22% вырасьлі ўклады, то вытворчасьць тавараў народнага спажываньня – на 10-11%, а валавы ўнутраны прадукт – толькі на 8%. Ні да чаго добрага гэта прывесьці ня можа, і гэта зразумела ня толькі эканамісту. Гэта велізарныя рызыкі для эканомікі, і ўлада павінна была б гэта разумець.
Карацей кажучы, кашалек худзее, цэны будуць расьці, і непазьбежная дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Дэвальвацыя наагул неабходная, калі такі велізарны дэфіцыт гандлёвага балянсу. Любая цывілізаваная рынкавая краіна дэвальвуе сваю валюту, калі імпарт значна перавышае экспарт, каб выправіць гэты дысбалянс, трэба дэвальваваць нацыянальную валюту. Нашы гэтага ня робяць, відаць, баяцца панікі на грашова-валютным рынку, але я баюся, што напрыканцы году давядзецца гэта рабіць”.