З просьбай аб атрыманьні крэдыту афіцыйны Менск зьвярнуўся да Масквы на пачатку 2007 году — пасьля двухразовага падвышэньня коштаў на прыродны газ і істотнага падаражэньня нафты. Аднак прынцыповую згоду крэдытаваць беларускую эканоміку Ўладзімер Пуцін выказаў толькі ў часе нядаўняга афіцыйнага візыту ў Беларусь. Былі названыя і ўмовы атрыманьня грошай: 15 гадоў з адтэрміноўкай пагашэньня на 5 гадоў пры стаўцы 0,75% гадавых.
Крэдыт амаль удвая перавышае дзяржаўную запазычанасьць
Экспэрт дасьледчага цэнтру “Дасьледаваньні, прагнозы, маніторынг” эканаміст Аляксандар Чубрык лічыць, што расейскі крэдыт падтрымае беларускую эканоміку напярэдадні новых прагнозных падаражэньняў на сыравінным рынку. Ён думае, што з улікам ужо існуючай зьнешняй дзяржаўнай запазычанасьці Беларусі, якая складае 840 мільёнаў даляраў, сур’ёзная “кабала” краіне не пагражае — вяртаць доўг Беларусь пачне толькі празь пяць гадоў:
“Ні ў якую залежнасьць краіна ня трапіць. За пяць гадоў — па 300 мільёнаў даляраў на год аддаваць давядзецца, плюс працэнты. Нічога страшнага. Ўмовы ўвогуле выгадныя, але гэта свайго роду стабілізацыйны крэдыт. Патрапіць ён, відавочна, у рэзэрв, рэзэрвы адразу зробяцца прыкладна роўныя паказьнікам імпарту. А гэта ўжо, ведаеце, амаль “эмвээфаўскі” крытэрый. Таму мы робім тое, што можна назваць захаваньнем стабільнасьці. Перадусім каб захаваць стабільнасьць нацыянальнай валюты, каб пазьбегнуць дэвальвацыі. З улікам гэтага — мяркую, што гэта правільны крок”.
Папярэдні расейскі крэдыт, атрыманы ў 2005 годзе, быў у 10 разоў меншы і складаў блізу 150 мільёнаў даляраў.
Апроч Расеі, “эўрапейскага тыгра” фінансаваць ніхто ня хоча
Расейскі палітоляг і экспэрт у беларуска-расейскіх дачыненьнях Андрэй Суздальцаў называе суму крэдыту беспрэцэдэнтнай — больш за 4% валавага ўнутранага прадукту (ВУП) краіны. Прапарцыянальна з ВУП Расеі гэта быў бы крэдыт у памеры амаль 70 мільярдаў даляраў. Пры гэтым Суздальцаў перакананы: абурэньне Аляксандра Лукашэнкі ўмовамі, на якіх адпачатку Расея прапаноўвала крэдыт, і абяцаньні “ўзяць у сапраўдных сяброў” мелі выключна папулісцкі характар:
“Я маю інфармацыю, што ў Вэнэсуэле вельмі прасілі Уга Чавэса даць грошай. Але ён ня даў. У выніку нідзе нічога не атрымалася. Скасаваць рашэньне Масквы пра падвышэньне коштаў не ўдалося, і грошай ніхто ня даў. А калі б і далі, то зусім пад іншыя працэнты і гарантыі. Усё зноў павярнула на Маскву, на ўзровень адносінаў паміж двума прэзыдэнтамі. Сказаць, што Расея давала грошы зь вялікім задавальненьнем?
Тут таксама ёсьць вялікая праблема, найперш для беларускіх уладаў, якія трымаюць для свайго насельніцтва прапагандысцкую планку ў адносінах беларускай эканомікі вельмі высока: нейкі “эўрапейскі тыгр”, які разьвіваецца, дамінуе і ўплывае на палову зямной кулі. Народ, у прынцыпе, гэтаму верыць. Зь іншага боку, калі вядзецца размова з партнэрамі на міжнароднай арэне, з той жа Масквой, то гэта стогн, плач, сьлёзы — вы нас абрабавалі. Расейскі ўрад дэзарыентаваны: як жа так? З аднаго боку, кажаце, што ўсё цудоўна, усе праблемы вырашылі і вытрымаеце любы ўздым коштаў на энэрганосьбіты. Зь іншага, кожны даляр выклікае натуральную істэрыку: народ не зразумее, беларусы зьненавідзяць Маскву і г.д. Паслухаць — дык суцэльнае трызьненьне”.
У інтэрвію амэрыканскаму часопісу “Time” Уладзімер Пуцін адназначна выказаўся адносна стасункаў з краінамі былога СССР у галіне пастаўкі энэргарэсурсаў. Ён заявіў, што сяброўскія ці суседзкія адносіны — не падстава, каб прэтэндаваць на зьніжкі ў аплаце за пастаўленую сыравіну.