Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Кіт: “Чыстае сумленьне спрыяе даўгалецьцю”


Акадэмік Барыс Кіт – госьць “Начной Свабоды”.

Каліноўскі: Барыс Уладзімеравіч, перадача “Начная Свабода” больш для моладзі, і моладзь хацела б пачуць ад Вас Вашы сакрэты посьпеху. З чаго пачынаўся Ваш посьпех? Якім чынам хлопец, які вырастаў у панскай Польшчы, у вёсцы Агароднікі, трапіў у Вільню, атрымаў добрую адукацыю?

Кіт: Самае важнае – ахвота, вялікая прага вучыцца. Бо з самага пачатку ня толькі я, але і ўсе мае сябры, хлопцы зь бедных сем’яў у Беларусі, хацелі як найбольш атрымаць добрую асьвету. Мы стараліся – спачатку ў народнай школе, пазьней у беларускай гімназіі ў Наваградку, – рабілі ўсё магчымае, скончылі гімназію, пасьля яшчэ паехалі ў Вільню ва ўнівэрсытэт, і гэтак далей ува ўсім, што я меў у сваім жыцьці.

Каліноўскі: Але як было забясьпечыць грашыма вашую вучобу?

Кіт: Я заўсёды быў самы выдатны вучань і атрымліваў ад гімназіі стыпэндыю, а таксама пазьней ва ўнівэрсытэце – ад дзяржавы. Наваградзкі ваявода Зыгмунд Бычковіч, польскі лібэрал, апекаваўся нашай гімназіяй у Наваградку і выдаваў стыпэндыі самым выдатным вучням.

Найважнейшае шчасьце было, што мы маглі вучыцца і атрымліваць асьвету. Я хачу сказаць усёй цяперашняй моладзі: найбольш трэба як мага лепш вучыцца, вучыцца і вучыцца. У 1920-я гады ў нас была страшэнна вялікая прага вучыцца. Калі я быў ужо настаўнікам пяці сярэдніх школаў у Беларусі, я ўвесь час бачыў гэтую прагу беларускай моладзі вучыцца ўва ўсіх сваіх школах.

Каліноўскі: Віленская гімназія, у якой Вы пазьней працавалі настаўнікам матэматыкі – таксама вялікі посьпех беларускай справы. Яе вучні сталіся найлепшымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, рухавікамі нацыянальнай справы. Які быў Ваш унёсак у працу гімназіі? Якім чынам яе ўдалося зрабіць такой цікавай у тых умовах?

“Мы, вучні, былі найвялікшымі беларускімі патрыётамі”

Кіт: Беларуская Віленская гімназія, як яе назваў наш вялікі пісьменьнік Васіль Быкаў, лічыцца калыскай беларускага адраджэньня ўсяго народу. І мы, вучні, усе былі найвялікшымі беларускімі патрыётамі і рабілі ўсё патрэбнае для адраджэньня Беларусі.

Каліноўскі: А ці былі ў гімназіі праблемы з польскімі ўладамі?

Кіт: Вельмі вялікія праблемы. Польскія ўлады ставіліся да нас вельмі нэгатыўна. Іхным імкненьнем у тыя часы было зьнішчыць беларускі народ як народ, палянізаваць яго і прылучыць да сябе, асымілівяць у Польшчу. І такая палітыка праводзілася ў апошнія гады старой Польшчы паміж першай і другой усясьветнымі войнамі.

Напрыклад, віленскі ваявода прыходзіў да нас візытаваць. Глядзіць – вісяць партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа. “Што гэта такое? Зьняць і павесіць Міцкевіча і Славацкага, нашых польскіх паэтаў!” Тады ён візытаваў усё ў школе, шукаў што-небудзь такое, да чаго прычапіцца. Прыходзіць на кухню, а там усе дакумэнты вяліся на беларускай мове. “Што, і тут беларуская мова?” Бярэ гэтую кнігу і бразгае аб зямлю. Такімі былі адносіны паміж польскімі ўладамі і беларускай гімназіяй.

Каліноўскі: Віленскую гімназію можна, бадай, параўнаць з сучасным ліцэем імя Якуба Коласа, які зараз зачынены і дзейнічае ў падпольных умовах...

Кіт: Безумоўна. Яны падобныя паводле духу: такі ж дух, як сёньня ў ліцэі, быў і ў нас. Сытуацыя ў тыя часы дайшла да такой ступені, што беларускі актыў вырашыў паехаць у Варшаву і дамагацца выпраўленьня становішча. У гэты актыў уваходзілі дырэктар Астроўскі, адвакат Глінскі і я. Але мы даведаліся, што ня толькі ў Вільні нэгатыўныя адносіны да беларусаў, але і ў Варшаве, на вышыні вышэйшых уладаў. Гэта значыць, што мы не дамагліся таго, што мы хацелі – спаткаць высокіх міністраў. Гаварылі толькі зь ніжэйшымі загадчыкамі аддзелаў міністэрства і вярнуліся дахаты. Як толькі віленскія школьныя ўлады даведаліся, што мы гэта зрабілі, сказалі: “Ды вы дазволу ня мелі ад нас!” Па-першае, звольнілі Астроўскага з працы, перавялі яго настаўнікам у Лодзь. А мяне таксама ўжо падрыхтавалі на выгнаньне з гімназіі, але дзеля таго, што не было наступнікаў пасьля мяне, дык я застаўся, пакуль не пачалася вайна, калі ўсё перамянілася.

“Увесь народ падняўся, хацеў нешта рабіць сваё, рабіць сваю незалежнасьць”

Каліноўскі: Барыс Уладзімеравіч, быў адзін посьпех беларускай палітычнай справы – была створаная Беларуская сялянска-работніцкая грамада, якая ахапіла ўвесь край, якой польскія ўлады нават спалохаліся. Скажыце, у чым была прычына такой вялікай, усеабдымнай папулярнасьці гэтай партыі?

Кіт: Я лічу, што гэта ўсё натуральна. Беларускі народ – жывы народ, патрыятычны народ. Пачатак быў пасьля першай усясьветнай вайны, калі атмасфэра ў Польшчы была даволі лібэральная і дэмакратычная. Але калі зьмянілася ўсё на фашыстоўскую сыстэму, тады беларусы падняліся, увесь народ падняўся, хацеў нешта рабіць сваё, рабіць сваю незалежнасьць. І за кароткі час Грамада мела 100.000 сябраў.

Я сам таксама браў у ёй актыўны ўдзел. Мы, вучні Наваградзкай гімназіі, езьдзілі па гарадох і закладалі гурткі Грамады. Я, між іншымі, заклаў гурток у Агародніках, дзе майго бацьку выбралі старшынёй. Але польскія ўлады гэтага спужаліся, і праз кароткі час пачалі рэпрэсаваць Грамаду, і гэта мы ўсе адчувалі ў Наваградку – я быў вучнем шостай клясы, калі ў Наваградку арыштавалі адразу 50 чалавек. І выпусьцілі з турмы толькі трох чалавек – настаўніка Чатырку, майго сябра Гоцку і мяне, а рэшту пасадзілі ў турму.

Каліноўскі: І як Вам удалося пазьбегчы турмы?

Кіт: Колькі там ні стараліся паліцэйскія, каб я выдаў розныя сакрэты Грамады, я гэтага не зрабіў – увесь час толькі казаў, што я нічога ня ведаю, і гэта мяне выратавала. А іншыя, якія трошкі нешта гаварылі, усіх арыштавалі. Ёсьць супрацоўніца музэю ў Карэлічах сёньня, яна выкапала ў гарадзенскім архіве копію майго паліцэйскага дазнаньня. Цяпер яна вісіць на сьцяне ў музэі – як трэба адказваць падчас такіх суадносінаў (сьмяецца).

Каліноўскі: Цяпер беларускія дзеячы таксама часта трапляюць у міліцыю, іх дапытваюць у КДБ, іх дапытваюць у турмах...

Кіт: У КДБ ня трэба прызнавацца.

Каліноўскі: Барыс Уладзімеравіч, сыходзячы з вашага досьведу ў Грамадзе, што б Вы параілі сучасным беларускім палітыкам, каб іхныя партыі сталі такімі ж уплывовымі?

Кіт: Трэба, можа, рабіць усё больш асьцярожна, і трэба прадбачыць, што можа стацца. Ну і безумоўна трэба рабіць, рабіць і рабіць.

“Я заўсёды на пачатку лекцыі чытаў беларускую паэзію”

Каліноўскі: Вам давялося пасьля вайны эміграваць, і ў складаных умовах, бязь веданьня мовы, ужо ў сталым узросьце – што Вы зрабілі, каб дамагчыся посьпеху на чужыне?

Кіт: Трэба працаваць і працаваць, мець дастаткова энэргіі, цярпліва чакаць на ўсялякія магчымасьці, выпрабоўваць розныя магчымасьці, а не засесьці дзе-небудзь на чорную работу і сядзець толькі. Мы шукалі працы ў розных месцах, стараліся навучыцца як найлепш мову – калі вы добра ведаеце мову, тады вам усё дапамагае. Проста адны людзі маюць больш шчасьця, іншыя – менш шчасьця.

Каліноўскі: У Вашым выпадку у Вас быў посьпех, і вельмі істотны посьпех – Вы ўдзельнічалі ў касьмічных праграмах, сталі заслужаным чалавекам, навукоўцам...

Кіт: Гэта залежыць вельмі ад таго, якую вы мелі прафэсію, чаму вы вучыліся. У Амэрыцы было так, што на ўзыходзе касьмічнай эпохі Амэрыка хацела разьвіць гэтую справу. Але для такой працы, для касьмічных дасьледаваньняў патрабуюцца пэўныя прафэсіі. Найбольш патрабавалася прафэсія матэматыка і інжынэра. Гуманітарныя прафэсіі былі амаль што непатрэбныя. Але самае было важнае – матэматыкі, і добрыя матэматыкі. Усё пачыналася з матэматыкі: спачатку матэматыкі распрацоўвалі ўсе праекты, а пасьля перадавалі гэтыя пляны і праекты інжынэрам, якія ўжо выконвалі канкрэтныя рэчы.

Каліноўскі: Яшчэ адзін Ваш посьпех – гэта Вашыя дзеці і Вашыя вучні. Ці былі ў Вас тут якія сакрэты ў выхаваньні?

Кіт: Я ў гімназіі меў вялікі посьпех. Выкладаць матэматыку – гэта ня ёсьць выкладаць гісторыю ці што іншае. Ня ўсе вельмі ахвотна адносіліся да гэтага прадмету. Каб дапамагчы, зацікавіць я заўсёды, з самага пачатку лекцыі чытаў беларускую паэзію – чытаў Ільляшэвіча, Хмару, Купалу, і гэтым захопліваў сваіх вучняў, гэта іх падганяла пазьней слухаць матэматыку.

Каліноўскі: Такі цікавы, нечаканы падыход. Вашыя дзеці – як яны выгадаваліся, кім яны сталі?

Кіт: Мае дзеці зрабілі вельмі шмат. Абодва мае сыны маюць па чытыры скончаных унівэрсытэты. Мой старэйшы сын – адзін з намесьнікаў міністра ў НАСА ў Вашынгтоне, а другі – вельмі кваліфікаваны хірург. Абодва вучыліся вельмі добра, мне ня трэба было ні аднаму, ні другому памагаць у матэматыцы, як гэта звычайна робяць бацькі. Напэўна, ёсьць ад нараджэньня нешта, прырода нам таксама дае базу, на якой асноўваецца пазьнейшае разьвіцьцё.

“Вучыцца – самае галоўнае ў нашым жыцьці”

Каліноўскі: І адзін з галоўных Вашых жыцьцёвых посьпехаў – гэта даўгалецьце: актыўнае даўгалецьце ў навуцы, працы і проста ў жыцьці. Вам 97 гадоў, Вы цікава жывеце, сочыце за ўсімі падзеямі ў Беларусі, у сьвеце. Як Вам гэта ўдалося, у той час як многія Вашыя сябры ўжо даўно не жывуць?

Кіт: Напэўна, патрэбна найбольш сілы ад прыроды, потым – цікавае, інтэлектуальнае жыцьцё, і потым – чыстае сумленьне. Я нікому дрэннага нічога не зрабіў. Наадварот, вельмі шмат якім людзям дапамагаў, а былі такія выпадкі, што выратаваў і жыцьцё. І вось гэта ўсё ўплывала пазытыўна на мой арганізм, я так думаю. А яшчэ – наш лёс залежыць ад Бога, і гэта Бог так хацеў зрабіць.

Каліноўскі: Барыс Уладзімеравіч, якое Вашае пажаданьне нашым слухачам, маладзейшаму пакаленьню беларускіх актывістаў, удзельнікам партыяў, рухаў, студэнтам, якія зараз Вас чуюць?

Кіт: Усім гэтым дзеячам, беларускаму народу жадаю як найбольшага шчасьця, посьпеху. Нашай моладзі – далей змагацца за сваю Бацькаўшчыну, і – вучыцца, бо гэта, можа, самае галоўнае ў нашым жыцьці, тое, што дае нам лепшае і цікавейшае жыцьцё.

Каліноўскі: Дзякуй Вам за гутарку і жадаю Вам абавязкова дажыць да ста гадоў, каб парадаваць гэтым юбілеем родных, блізкіх і беларускі народ.

* * *
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбурзе. Бачыў лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям'ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Закончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў ў космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднаньняў. Мае двух сыноў. Апошні час жыве ў ФРГ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG