Спадарыня: “Стаўлюся да іх вельмі спакойна і прыязна. Лічу, што ў сваёй большасьці гэта вельмі добрыя людзі. Працавітыя. Няхай прыяжджаюць і жывуць на здароўе”.
Спадар: “Мае адносіны – станоўчыя. Мяркую, што ім трэба даваць працу”.
Юначка: “Я стаўлюся да іх станоўча. Калі яны будуць працаваць на карысьць нашай краіны, то я ня бачу ў гэтым нічога дрэннага”.
Спадар: “Міграцыя — гэта, вядома, рэч змушаная. Таму да гэтых людзей трэба ставіцца вельмі паважліва. Разумець, у якіх яны абставінах. Разьвітвацца з радзімай вельмі балюча. Напрыклад, цяпер у Беларусі цяжкое становішча. Узмацняецца ціск з боку дзяржавы. Вельмі важна, каб нас добра прымалі ў Эўропе”.
Пэўна, што патрэбны індывідуальны падыход. Бачыце, ксэнафобію вельмі лёгка разбудзіць
Карэспандэнт: “Як вы ставіцеся да нелегальных мігрантаў у Беларусі? Што зь імі трэба рабіць? Як зь імі абыходзіцца?”
Спадарыня: “Няхай жывуць, канешне. Бо кожны з нас можа апынуцца ў такім становішчы, калі трэба будзе зьехаць. Кожны мае права на жыцьцё, дзе б ён ні быў”.
Спадарыня: “Паўтару тое ж самае. Я цалкам згодная. Аднак, па шчырасьці, сама пакуль ніколі не сутыкалася зь мігрантамі”.
Спадар: “Разумееце, гэта пытаньне вельмі складанае. Што-небудзь адназначна сьцьвярджаць нельга. Таму што сытуацыі розныя. У Францыі — з арабамі, у Нямеччыне – з туркамі. Пэўна, што патрэбны індывідуальны падыход. Бачыце, ксэнафобію вельмі лёгка разбудзіць. Таму трэба ствараць адпаведныя ўмовы”.
Спадар: “Трэба нешта рабіць. Пытаньне: што? У нас не хапае жыльля для сваіх родных жыхароў. І ў той жа час даваць кватэры мігрантам? Гэта таксама было б няправільна. Трэба, каб была адпаведная праграма. Сур’ёзная праграма, распрацаваная спэцыялістамі”.