Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску ацэньваюць візыт Пуціна?


Belarus -- President Alyaksandr Lukashenka and his Russian counterpart Vladimir Putin in Minsk, 14Dec2007
Belarus -- President Alyaksandr Lukashenka and his Russian counterpart Vladimir Putin in Minsk, 14Dec2007

Зь якой мэтай Уладзімер Пуцін наведваў Менск? Што можна чакаць ад візыту прэзыдэнта Расеі ў Беларусь? На гэтыя пытаньні адказваюць беларускія палітыкі і палітолягі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец адзначае:
Масква ня будзе фарсіраваць аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў

“Калі б Пуцін наведаў Лукашэнку разам зь Мядзьведзевым, дык магло б вырашацца пытаньне аб пэрспэктывах саюзнай дзяржавы. Але паколькі візыт адбыўся без наступнага прэзыдэнта Расеі, дык зразумела, што Масква ня будзе фарсіраваць аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў.

А цяпер — чаму Пуцін наведваў Лукашэнку? На маю думку, можна меркаваць пра тое, што з боку Лукашэнкі была прапанова падтрымаць прэзыдэнцкую кампанію ў Расеі ў 2008 годзе. А цяпер былі кансультацыі пра тое, што ён можа атрымаць узамен. На мой погляд, ён можа атрымаць газ коштам 120 даляраў за тысячу кубамэтраў і далейшую падтрымку на міжнароднай арэне”.
Гэты візыт адзначае сабою пэўную адкрутку назад, да тых самых “брацкіх адносінаў”


Палітоляг Аляксей Кароль зьвязвае гэты візыт з выбарамі прэзыдэнта Расеі, якія маюць адбыцца ў сакавіку:

“Гэты візыт адзначае сабою пэўную адкрутку назад, да тых самых “брацкіх адносінаў”. А значыць, ён прыцягне ўвагу ды сымпатыі той значнай часткі расейскага электарату, якая мае ілюзіі наконт рэжыму ў Беларусі і ролі Аляксандра Лукашэнкі”.


Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў, наадварот, лічыць, што вяртаньня да ўзроўню былых дачыненьняў паміж Расеяй і Беларусьсю ня будзе:
Пачала адбывацца манэтызацыя дачыненьняў зь Беларусьсю.
Магчыма, Беларусь будуць прымушаць прадаць найбольш прыбытковыя прадпрыемствы


“Расея зрабіла стаўку на тое, каб паступова адыходзіць ад сваіх усходнеэўрапейскіх сатэлітаў. Гэта назіралі і ва Ўкраіне, і на Каўказе. І гэта, прынамсі, з 2003 году назіраецца і ў дачыненьнях зь Беларусьсю.

Расея кансалідуецца. Але яна не зацікаўленая ў канфліктах або моцнай прысутнасьці ў суседніх дзяржавах. Бо цяпер, наколькі я бачу, для расейскага кіраўніцтва галоўнае — танная сыравіна, яе здабыча і продаж на Захад. На гэта і працуюць расейская эканоміка і ўся палітычная сыстэма. Таму і пачала адбывацца манэтызацыя дачыненьняў зь Беларусьсю.

Магчыма, Беларусь будуць прымушаць прадаць найбольш прыбытковыя прадпрыемствы. А вось што будзе прагрэс у прыняцьці Канстытуцыйнага акту, я ня думаю. Гэта, хутчэй, ужо справа пазаўчорашняга дня”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG