Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не Ларыса Геніюш страціла шанец на рэабілітацыю"


Грамадзкі аргкамітэт дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі і суайчыньнікаў за мяжой у сувязі з тым, што Ларысе Геніюш было адмоўлена ў рэабілітацыі.

З просьбай рэабілітаваць паэтку да генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча зьвярталіся Аргкамітэт, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі Хэльсынскі камітэт. Генэральная пракуратура Беларусі адмовіла ў рэабілітацыі Ларысы Геніюш.

Як гаворыцца ў звароце, “Ларысы Геніюш даўно няма на гэтым сьвеце. Даўно імя славутай паэткі i патрыёткі Бацькаўшчыны стала легендай для беларусаў. А вызваліць хаця б добрую памяць аб ёй з калючых дратоў ГУЛАГу немагчыма. Для улады яна па-ранейшаму вораг. I рэабілітацыі не падлягае”.

Генэральная пракуратура абгрунтоўвае сваё рашэньне тым, што ў 1999 годзе Прэзыдыюм Вярхоўнага Суду Беларусі прызнаў рэабілітацыю Ларысы Геніюш немагчымай, а Генэральны пракурор не надзелены правам апратэставаньня пастаноў Прэзыдыюма Вярхоўнага Суду.

У звароце адзначаецца, што “на працягу ўсяго 2007-га, абвешчанага грамадзянскай супольнасьцю Годам Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, з якой бы прапановай не зьвяртаўся Аргкамітэт у шматлікія дзяржаўныя ўстановы, у адказ прыходзілі ўсё тыя ж бюракратычныя адпіскі: нельга, немагчыма. Дзяржаўныя ўстановы ўcix узроўняў імгненна ператвараліся ў бездапаможныя i недзеяздольныя. Нічога немагчыма зрабіць на дзяржаўным узроўні ў гэтай краіне дзеля ўшанаваньня памяці бязьвінных ахвяр сталінскага тэрору. I Ларыса Геніюш - не выключэньне”.

7 лютага 1949 года Ларыса Геніюш была асуджана на 25 гадоў. Па артыкулах Крымінальнага кодэкса БССР 66 i 76, прынятых яшчэ ў 1926 годзе. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: "контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасьць" i "дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыцьцяўленьні варожай дзейнасьці".

Гэта не Ларыса Геніюш страціла шанец на рэабілітацыю. Яе сьветлая памяць ня мае ў гэтым патрэбы. Для беларускага народа яна заўсёды застанецца патрыёткай і выдатнай асобай Бацькаўшчыны”, -- гаворыцца ў звароце грамадзкага аргкамітэту. Яго падпісалі Уладзімер Халіп, Анатоль белы, Уладзімер Раманоўскі, Вячаслаў Сіўчык, Зінаіда Тарасевіч, Ігар Кузьняцоў, Алена Кобец-Філімонава, Ларыса Андросік ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG