Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добра там жывецца, дзе гуртам сеецца і жнецца


Алесь Аркуш, Полацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

У беларусаў шмат прымавак пра карысьць працы талакой, пра ўзаемадапамогу і салідарнасьць.

Аднаму ў сьвеце жыць цяжка – гэта добра ведалі людзі ў нашым краі. Гэта тычыцца нават таго, хто цягавіты і моцны, як дуб. Бо адзін дуб у полі – то ня лес. А яшчэ беларусы кажуць, што адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзьве і ў полі ня тухнуць. Прымаўкі гэтыя зусім не пра калгас і сацыялістычныя мэтады працы на сяле. Бо пра калгас у народзе казалі іншае: у калгасе добра жыць: адзін косіць, сем ляжыць, а як сонца прыпячэ, дык і гэты ўцячэ. І ў той самы час людзі ўпарта паўтаралі: добра там жывецца, дзе гуртам сеецца і жнецца.

Ясная рэч, што тут гаворка ідзе аб працы вольных людзей на ўласнай зямлі. Пры іншых абставінах колькі ні гуртуйся дзеля працы, добрага жыцьця не заробіш.

Цікава, што ў расейскай мове калектыўная праца найперш атаесамляецца з выправаю ў мора: один в море не рыбак, а без артели не моряк. У моры сапраўды ад зладжанасьці дзеяньняў каманды залежыць ня толькі вынік плаваньня, але й жыцьцё саміх мараходаў. Але ж у моры не жывуць. У гарах, напрыклад, таксама цяжка без узаемадапамогі. І на вайне.

Беларусы ж найперш шануюць ўзаемадапамогу ў мірны час. Адзін дасужы, ды ня дужы. Адна пчала мёду не наносіць. З адной краскі вянка не саўеш. Адна ластаўка вясны ня робіць. Прымаўкі нагадваюць, што трэба памятаць пра ўзаемадапамогу ня толькі тады, калі жыцьцё патрабуе ратаваньня, а і ў самых звычайных побытавых сытуацыях. Бо добра там жывецца, дзе гуртам сеецца і жнецца.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG