Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні села ні пала – падай, баба, сала


Антаніна Хатэнка, Менск Як дасканала ўладкавана людзкая памяць: бывае, колер ці слоўца ўваскрашаюць перад вачыма зьявішчы даўно прамінулага часу

Вось і я, чуючы гэта насьмешна-іранічнае: ні села ні пала – падай, баба, сала, – шторазу спамінаю мажную й сьмяшлівую цётку Насту, такую лянотную, што ўмудрылася ў сялянскай хаце служку займець. А як шыкоўна яна распараднічала – чыстая княгіня: узмахне пульхнай белай рукою – і круцяцца вакол сыны, муж, нявесткі, унукі... Толькі наймітка-Фрося буркае сабе пад нос: “Ні села ні пала – падай бабе сала!” Але спраўна выконвае ўсе просьбы-загады.

Расейцы азначаюць нейкі выпадковы, нечаканы факт, якую недарэчнасьць выслоўем ни с того, ни с сего, а ў нашых краёх з падобных абставін падзіўляюцца: безь нічога ніякага, безь нічога нічагусенька. Ці ўдакладняюць: з дабрамеру. Але куды характэрнейшае тое, згадванае мною ў зьвязку з жыцьцярадаснай цёткай Настай: ні села ні пала – падай, баба, сала. Казалі яшчэ: ...падай, котка, сала. Уявеце сабе, каб зь нейчай прыхамаці котка-пястуха падала ўласаванага сала. А цётцы Насьце паслугавалі ўсе, хоць і кпілі зь ейных выбрыкаў.

Усё ж нешта магічнае заселена ў гэты рытмічны радок: ні села ні пала – падай, баба, сала. Выплывае ўсьлед лірычны вобраз прадаўніх песень, як ляцелі здаля птахі, селі-палі пры дарозе. Пэўна, сесьці-пáсьці ў народным разуменьні азначае прытуліцца душою, прыгарнуцца – аж да роднасьці, да шкадаваньня.

А ні села ні пала – тое адчужанасьць, раптоўнасьць, парывальнасьць у жаданьнях. Не да спадобы гэткае людзям – крыўдуюць, абураюцца, асуджаюць. Ды ўсё ж як ярка, калярытна выдае сутнасьць чалавечае натуры, неўтаймоўнай да насалод і хоць мізэрнага валадараньня: ні села ні пала – падай, баба, сала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG