Калі гавораць пра жывёльны сьвет Беларусі, часта згадваюць зубра, бусла і нават каларадзкага жука. Пры гэтым незаслужана забытай застаецца сьвіньня, якую продкі шчыра любілі і шанавалі як спаконвечную крыніцу сала. Нягледзячы на любаснае стаўленьне, беларусы ня мелі ніякіх ілюзіяў што да сваіх гадаванцаў.
Ведаў Бог, што ня даў сьвіньні рог – найбольш праўдападобна, што веданьне адметнасьцяў характару памянёнае жывёліны і прычынілася да ўзьнікненьня гэтае прыказкі. І хаця фігуруе ў прыказцы сьвіньня, пацьвельваюць гэтак з чалавека. З чалавека дробязнага, зласьлівага і помсьлівага. Ды толькі помста ягоная звычайна памерам з камарыны нос. У больш разгорнутым выглядзе прыказка гучыць як ведаў Бог, што ня даў сьвіньні рог, яна б увесь сьвет пабадала. Часам можна сустрэць і больш катэгарычнае цьверджаньне: ня дай Бог сьвіньні рог, а хамуйлу панства.
Сапраўды, сьвіньня – яна і ў Афрыцы сьвіньня, як ты яе ні назаві. Нездарма разглядаючы гербы розных гарадоў і краінаў, сярод іклатых, крылатых, хвастатых, кіпчастых, капытастых выяваў мы ня ўгледзім ніводнага ганарлівага лыча. Затое зірнуўшы, напрыклад, на герб Вялікае Брытаніі, я ўбачыў аднарога – з выгляду гожага белага коніка, якому надае ваяўнічасьці кручаны ражок. Дзіўна, але ў часткі нашага грамадзтва геральдычная выява белага коніка выклікае страшэнную алергію. Пакласьці крэс усім спрэчкам пра гістарычнасьць-негістарычнасьць сымболікі можна, калі прапанаваць у якасьці альтэрнатыўнага варыянту выяву рагатае сьвіньні. Гэты вобраз можа ўвасобіць повязь шматвяковай сельскагаспадарчай традыцыі з сучаснасьцю. Адна бяда: сьвінарогі, у адрозьненьне ад сваіх суродзічаў, маюць характар дзікі і непрадказальны. Вынікі іхняе актыўнае жыцьцядзейнасьці можна заўважыць паўсюдна. Але самі яны надзвычай спрытна хаваюцца ад староньняга вока, што дае падставу скептычна пасьміхнуцца, махнуць рукою ды сказаць: “Ведаў Бог, што ня даў сьвіньні рог”.
Насампраўдзе ў параўнаньні зь сьвінарогам знакаміты сьвінтус грандыёзус Кандрата Крапівы – зусім не грандыёзус, а проста нядошлае парася. Таму будзьма пільныя. Спаткаўшы на сваёй ніве сьвінарога, трэба не марудзячы скарыстацца з парады вышэйзгаданага клясыка сацрэалізму і “біць проста па пятачку”.
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)