Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Еж, пакуль рот сьвеж


Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

За традыцыйным беларускім сталом нельга без прымусу. Гасьцінны гаспадар заўсёды ўгаворвае госьця зьесьці і выпіць яшчэ і яшчэ. І няма яму супакою, аж пакуль госьць не адваліцца бяз задніх ног. Кажуць, у Янкі Купалы ў ягоным гасьцінным доме быў такі прымус, што выйсьці адтуль цьвярозым нікому не ўдавалася.

Гасьцей прымушаюць ня сілай, вядома, а рознымі дасьціпнымі прыгаворкамі. Уявім сабе такую сцэну. Госьць ужо глядзець ня можа на пятую місу мачанкі і шаснаццаты куфаль піва, а гаспадары ўсё каля яго завіхаюцца. Сярод угавораў напэўна можна будзе пачуць і такі: еж, пакуль рот сьвеж. Рацыянальны розум беларуса патрабуе абгрунтаваньня, і яно лёгка знаходзіцца: еж, пакуль рот сьвеж, бо як памрэш, то калом ня ўб’еш. Альбо нават і так: пі і еж, пакуль рот сьвеж, бо як у роце завяне, дык і муха не загляне.

А то, можа, маці корміць капрызьлівае дзіця, тое адбрыкваецца, а яна яму: еж, пакуль рот сьвеж, бо як памрэш, то і не лізьнеш. Малое заслухаецца, а тут яму лішнюю лыжку ў рот боўць!

За гэтай застольнай прыгаворкаю – цэлы сьветапогляд. Яна кажа: давайце цешыцца жыцьцём, пакуль самі жывыя. Gaudeamus igitur, як той казаў. Разам з тым яна кажа пра сьмерць як рэч натуральную, якая існуе побач з жыцьцём і прыйдзе сабе ў сваю пару. Але чым разводзіць гэткую філязофію, лепш як мае быць пад’есьці і выпіць. Памятаючы, штопраўды, перасьцярогу Рыгора Барадуліна:

Вядома, еж, пакуль рот сьвеж, Ды не ўзялі каб сыць і заеж. Ня покуль жуеш, датуль жывеш, – Пакуль надзею ў сэрцы маеш.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG