Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму адбываецца дэсакралізацыя Калядаў?


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня хрысьціяне ўсіх веравызнаньняў – каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных па ўсім сьвеце (за выключэньнем тых, хто прытрымліваецца юліянскага календара) – адзначаюць першы дзень вялікага гадавога сьвята: Раства Хрыстовага, Калядаў. Аднак шэраг тэолягаў і проста людзей, набліжаных да Царквы, устрывожаныя імклівай сэкулярызацыяй гэтага сьвята. Рэлігійны сэнс Калядаў адыходзіць на другі плян: з прыгожага, сямейнага сьвята яны з кожным годам усё больш ператвараюцца ў сьвята гандлю. Сьвятога Мікалая выцясьняе сьвецкі, глябальны “Санта Клаўс”. Пад узьдзеяньнем назойлівай і паўсюднай рэклямы людзі паддаюцца ўсеагульнаму шаленству закупак.Чым патлумачыць гэтую зьяву?

(Бандарук: ) “Прыблізна каля 1 мільярда чалавек па ўсім сьвеце зьбіраюцца ў сямейным коле на куцьцю, сьпяваюць калядкі, наведваюць блізкіх і сяброў, дораць адны адным сьвяточныя падарункі, а некаторыя ўдзельнічаюць у калядных багаслужбах. Яшчэ задоўга да Сьвята на ўсіх мовах сьвету гучаць сьвяточныя віншаваньні.

Для вернікаў Раство Хрыстовае– пачатак “ новай эры” і пераломны момант ў гісторыі сьвету. Ня ўсе ведаюць, што нашае летазьлічэньне пачынаецца менавіта ад нараджэньня Хрыста. Факт ягоных народзінаў і жыцьця згодна апісалі эвангелісты і старажытныя гісторыкі. Дабравешчаньне Арханёла Гаўрыіла аб тым, што Дзева Марыя народзіць Божага Сына, падарожжа Язэпа і Марыі ў Бэтлеем дзеля ўдзелу ў перапісе насельніцтва, нараджэньне Ісуса ў ясьлях, пакланеньне пастухоў, бэтлеемская зорка, якая прывяла валхвоў да Ісуса, масавае забойства немаўлятак, уцёкі Сьвятой Сям’і ў Эгіпет – гэта адзін з найпрыгажэйшых біблейскіх аповедаў.

Аднак каталіцкі тэоляг з Унівэрсытэту ў Мюнхене Герд Гефнэр кажа, што гэты біблейскі сюжэт, які нагадвае казку для дзяцей, ня трэба ўспрымаць літаральна.

(Герд Гефнэр: ) “Аповеды пра Раство Хрыстовае маюць на мэце прадставіць значнасьць асобы Ісуса. Гэта неабавязкова аповед пра тое, што дакладна ў той момант адбылося. І трэба аналізаваць гэтыя аповеды, каб даведацца пра іхную сапраўдную сутнасьць”.

Ісус Хрыстос – гістарычная асоба, аднак дакладная дата ягонага нараджэньня: дзень, месяц і год чыста ўмоўныя. У сьвятле цяперашніх ведаў, Хрыстос нарадзіўся паміж 8 і 6 годам да нашай эры падчас панаваньня рымскага кесара Актавія Аўгуста, у часе перапісу насельніцтва, абвешчанага губэрнатарам Сырыі Сатурнінусам. Ня ведаючы сапраўднай даты народзінаў, з IV стагодзьдзя ўсе хрысьціяне мэтанакіравана абралі сымбалічную дату – 25 сьнежня. Гэткім чынам, яны супрацьпаставілі дзяржаўнаму, паганскаму сьвяту нараджэньня “Бога Сонца” раство Бога-Чалавека, Ісуса Хрыста, “Сонца Праўды” (Мацьв.3,20), “Сьвятла Сьвету” (Ян. 8,12).

Аднак для хрысьціянаў ня дата нараджэньня Хрыста – галоўная. Яны вераць, што Хрыстос – спрадвечны Сын Божы. Ён нарадзіўся ад Сьвятога Духа і Марыі Дзевы, і прыняў чалавечае цела дзеля нас і нашага збаўленьня. Прадказанае прарокамі й чаканае многімі пакаленьнямі людзей нараджэньне адбылося тады, калі, паводле Сьвятога Пісаньня, “наступіла паўната часу” (Гал. 4,4), калі ў людзях дасьпела неадольная прага вызваленьня ад граху і сьмерці.

Хрыстос прыйшоў на сьвет, каб прамовіць да людзей на іхнай чалавечай мове, прымірыць іх з Богам-Айцом, павучыць, як маюць жыць, да чаго імкнуцца, і на што спадзявацца.

Бадай, найболей ўрачыста адзначае Раство Хрыстовае рымска-каталіцкая Царква. Ў гэты дзень Папа служыць урачыстую Імшу на плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме. На Каляды Папа віншуе вернікаў са сьвятам і перадае сваё блаславенства “гораду і сьвету” – Urbi et Orbi.

Разам з каталікамі ўрачыста сьвяткуюць Раство Хрыстовае ўсе адгалінаваньні пратэстантызму: англікане, лютэране, кальвіністы, мэтадысты, баптысты, адвэнтысты і шэраг іншых канфэсіяў.

Што тычыцца праваслаўнай Царквы, дык існуе стэрэатып, нібыта яны адзначае Каляды паводле старога, юліянскага календара – 6 студзеня. Гэта ня цалкам праўда. Большасьць з 15 аўтакефальных і 3 аўтаномных цэркваў перайшлі на гэтак званы “нэаюліянскі” каляндар і сьвяткуюць Каляды разам з астатнімі хрысьціянамі. Пры старым календары засталіся, што праўда, найбуйнейшыя цэрквы: Расейская, украінская і беларуская.

Каляды традыцыйна лічацца сямейным сьвятам. У заходніх грамадзтвах ўжо даўно няма традыцыйных сем’яў, дзе ўсе, ад дзядоў да праўнукаў, жывуць пад адным дахам. Усе жывуць і працуюць асобна, але ўсё ж на Каляды яны намагаюцца прынамсі раз у год сустрэцца са сваімі блізкімі. Дзеці, але таксама й дарослыя нецярпліва чакаюць на той момант, калі можна пачаць распакоўваць падарункі.

Каляды маюць багатую абрадавую абалонку. У храмах і хатах ставяцца ўпрыгожаныя елкі. Яны сымбалізуюць тое, што прырода чалавечая, якая сама па сабе бездапаможная, у Хрысьце здольная ажыць і прынесьці духоўны плён. Вечна зялёнае дрэўца сымбалізуе жыцьцё вечнае, вернутае Ісусам Хрыстом. Агонь сьвечак зьвяртае ўвагу на тое, што Сьвятло Праўды Хрыстовай разганяе цемру граху.

У пэрыяд Раства Хрыстовага сьпяваюцца калядкі. Гэтыя адмысловыя песьні, пераважна плён народнай творчасьці, у простай і даступнай форме адлюстроўваюць радасную падзею Раства Хрыстовага, якое мы адзначаем і сёлета.

З кожным годам мы назіраем ўсё больш заўважны адыход ад рэлігійнага характару Калядаў. З 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя сьвятога Мікалая паступова выцясьняе “Санта Клаўс”. Калі глябалізацыя і мае сваё сьвята, дык, напэўна, ім становяцца Каляды. Апранутыя ў чырвоныя плашчы і шапкі барадатыя “Санта Клаўсы” зьявіліся нават у Пэкіне і Токіо, дзе хрысьціяне – гэта экзатычная меншасьць.

З прычыны назойлівай рэклямы і маркетынгавых трукаў ў перадсьвяточны пэрыяд людзей ахоплівае шаленства пакупак. Для вялікай колькасьці вытворцаў і прадаўцоў гэта сапраўднае жніво. Паводле падлікаў, у пераднавагодні час яны ў сярэднім атрымліваюць ажно траціну свайго гадавога прыбытку. Такім чынам, адбываецца дэсакралізацыя сьвятаў і нараджаецца новая сьвецкая традыцыя. Герд Гефнэр лічыць, што вернікі павінны гэтаму супраціўляцца.

(Герд Гефнэр: ) “Як мінімум гэта стварае пагрозу таго, што сапраўдная мэта сьвята можа быць страчаная. Такая небясьпека існуе, і кожны павінен паўстаць супраць гэтага, каб ня быць празьмерна ўцягнутым у гэтыя камэрцыйныя дзеяньні”.

Паводле іншага каталіцкага тэоляга, рэктара Папскай Акадэміі ў Кракаве біскупа Тадэвуша Пяронка, мы зьяўляемся сьведкамі несумленнай практыкі: скарыстоўваньня рэлігійных сымбаляў у мэркантыльных мэтах і адначасова пазбаўленьне іх сакральнага зьместу.

(Біскуп Тадэвуш Пяронак: ) “Зьява камэрцыялізацыі сьвятаў, асабліва Раства Хрыстовага – ня новая, але цягам апошніх гадоў яна вельмі пашырылася. З часу як паўсюднымі сталі супэрмаркеты, гандляры – і на маю думку, несумленныя гандляры – зразумелі, што на сьвятах можна добра зарабіць. Я думаю, што ёсьць і іншыя прычыны гэтай зьявы. Гэта імкненьне да сэкулярызацыі грамадзтва, альбо да гэтак званай “паліткарэктнасьці”. Напрыклад, мы назіраем безьліч “сьвятых Мікалаяў”. Падчас конкурсу ў партугальскім горадзе Порту іх выступіла 900 чалавек. Гэта ж звычайнае “шоў”, ігнараваньне таго, што за гэтай зьнешняй абалонкай сьвятаў ёсьць нешта важнейшае, больш істотнае.

Насамрэч, сутнасьць Калядаў – гэта прымірэньне з Богам і паміж людзьмі, напамін, што чалавечае жыцьцё не канчаецца разам са сьмерцю і мае глыбейшы сэнс, каб людзі навучыліся жыць пабожна, маючы на ўвазе пэрспэктыву вечнасьці. На жаль, тая “паліткарэктнасьць” прыводзіць да таго, што ў гандлі й рэкляме ў мэркантыльных мэтах выкарыстоўваюцца рэлігійныя атрыбуты : ёлкі, калядкі, батлейкі. Але іх выцясьняюць з публічных месцаў нібыта таму, што яны могуць пярэчыць перакананьням тых, хто вераць інакш, альбо цалкам ня вераць. Давайце, на прамілы Бог, вернемся да нармальнасьці. Што мы зь сябе робім?"

(Бандарук: ) “У сваю чаргу, праваслаўны вернік, філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч мяркуе, што адбываецца нешта горшае: дэсакралізацыя ўсіх сфэраў жыцьця:

(Валянцін Акудовіч: ) “Я амаль цалкам згодны з біскупам Тадэвушам Пяронкам. Я, са свайго боку, хацеў бы проста дадаць, ператлумачыць яго ў трошкі іншай пэрспэктыве, але менавіта салідарызуючыся зь ім. У сваю пару Ісус выгнаў гандляроў з храму. Дык што прыдумалі гандляры? Яны перанесьлі храм на свае кірмашы. Зрэшты, ня станем вінаваціць адных гандляроў. У нашую спажывецкую эпоху ўжо даўно сапраўдным храмам для чалавека сталі гандлёвыя дамы, а тым болей фірмовыя крамы. Спрэс дамінуе ня проста матэрыялізм, а найгоршая зь ягоных вэрсіяў – спажывецкі матэрыялізм. Жыцьцё відавочна прафанізуецца. Нават сакральныя акты прафанізуюцца. Сустрэчы каталіцкага Папы з мільёнамі вернікаў па сутнасьці ператвораныя ў тыя ж самыя “шоў”. На іх людзі зьяжджаюцца як на рок-канцэрты.

Нам нікуды не падзецца ад высновы, што прафаннае сёньня спрэс перамагло сакральнае. Нядобра, што яно перамагло і ў храме. Але сапраўдная праблема палягае ў тым, што яно перамагло ў сэрцы чалавека. І тут я магчыма трохі пачынаю апаніраваць біскупу Пяронку, бо, як мне здаецца, праблема далёка не толькі ў тым, што несумленныя людзі карыстаюцца рэлігійным дзеля сваёй нажывы. Здарылася нешта значна горшае. Чалавек болей ня хоча неба. Калі б гэта магло суцешыць шчырых вернікаў, то я б суцешыў іх тым, што падобнае адбываецца паўсюль, ня толькі ў сфэры рэлігійнага. Нават філязофія, якая цягам папярэдніх тысячагодзьдзяў імкнулася разгадаць таямніцы быцьця і бачыла ў гэтым сваё галоўнае пакліканьне, сёньня грэбуе праблемамі трансцэндэнцыі, непазнавальнага як крывадушнымі. Філязофія таксама апусьцілася з сакральных нябёсаў на прафанную зямлю й корпаецца цяпер у сацыяльным. Паўтару: чалавек болей ня хоча неба. Ён ня хоча яго бачыць, нічога пра яго чуць і ведаць. Яму становіцца дастаткова самога сябе і таго, што можна памацаць рукамі. так яно ёсьць. Добра гэта ці дрэнна, гэта ўжо іншае пытаньне, але так яно ёсьць”.

(Бандарук: ) “Мабыць у гэтым прычына таго, што з двух вялікіх сьвятаў, што адбываюцца амаль у адзін час, сьвецкі Новы Год для шмат каго важнейшы за Раство Хрыстовае. Валянцін Акудовіч лічыць, што прычыны – не ў камуністычнай спадчыне, а ў тым, што беларусы не надта рэлігійныя”.

(Валянцін Акудовіч: ) “Сапраўды, гэта так. Для бальшыні беларусаў Новы год – сьвята большае, чым Каляды. І тут ёсьць розныя меркаваньні, чаму так адбываецца. Кажуць, што прычыны ўся ў тым, што за 70 гадоў панаваньня камуністаў традыцыя сьвяткаваньня Калядаў была вынішчаная так глыбока, што ніяк яна ня можа вярнуцца. Але ж 15 гадоў рэлігійнай свабоды ў сучасным інфарматыўна адкрытым сьвеце дастаткова, каб радыкальна перамяніць сытуацыю. Аднак яна радыкальна не мяняецца. Новы Год застаецца галоўным сьвятам беларусаў. Значыць, прычыны не ў камуністычнай спадчыне. Прынамсі, ня толькі ў ёй. Адным з адказаў тут можа быць тое, што беларусы ў сваёй сутнасьці не зьяўляюцца глыбока рэлігійным народам, як, напрыклад, палякі. Містычны складнік займае ў нашых сэрцах ня шмат месца. Натуральна, беларусы таксама бываюць розныя. але для бальшыні зь іх вера – гэта толькі аптымізацыя жаху небыцьця. Яны проста хаваюцца ў веру ад страху сьмерці. Каляды, гэта сьвята Нараджэньня Сына Божага, а Новы Год – сьвята нараджэньня чалавека, бо ў кожны новы год чалавек як бы нараджаецца нанова. І калі чалавек з большым імпэтам сьвяткуе свае народзіны, а не народзіны Хрыста, то гэта азначае, што ён лічыць галоўным у гэтым сьвеце сябе, а ня Бога. Інакш кажучы, ён сябе любіць болей, чым Бога”.

(Бандарук: ) “Гэта даволі катэгарычнае цьверджаньне, зь якім, як мяркую, ня ўсе пагодзяцца. Калі б, аднак, дэсакралізацыя сьвятаў аказалася такой глыбокай, як кажа спадар Акудовіч, дык застаецца іншае: сьвяты могуць застацца блаславёным часам сямейнай гармоніі, духоўнай радасьці, міру, любові і згоды. Хай такімі яны будуць і сёлета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG