Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Кудзіненка: “Беларускі кінэматограф знаходзіцца ў постсавецкай коме”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня афіцыйна адзначаецца 80-годзьдзе беларускага кіно, з чым прадстаўнікоў самага масавага віду мастацтва павіншаваў кіраўнік краіны. Аднак маладыя беларускія творцы лічаць, што нацыянальнага кінэматографу ў краіне як не было ўсе гэтыя гады, так няма і сёньня. Рэжысэр Андрэй Кудзіненка, фільм якога “Акупацыя. Містэрыі” забаронены да паказу ў Беларусі, мяркуе, што нацыянальнае кіно яшчэ мусіць нарадзіцца.

Андрэй Кудзіненка гаворыць, што за савецкім часам фільмы беларускіх рэжысэраў нічым не адрозьніваліся ад кінапрадукцыі іншых савецкіх рэспублік, нягледзячы на прысутнасьць у іх нацыянальнае тэматыкі. Упершыню, на ягоную думку, нейкі нацыянальны твар на беларускіх экранах пачаў зьяўляцца ў 1960-я гады ў фільмах рэжысэраў Турава, Рубінчыка, Рыбарава, некаторых іншых. Аднак гэтыя асобныя спробы так і ня сталі зьявай. Цяперашні стан у беларускім кінамастацтве малады незалежны рэжысэр ахарактарызаваў так:

(Кудзіненка: ) “Гэты кінэматограф ужо не жывы, але ён штучна падтрымліваецца, і трэба альбо не падтрымліваць гэтае кіно, альбо яно будзе й надалей у такім каматозным стане”.

Дакляраваная дзяржавай падтрымка айчынных кінатворцаў, лічыць спадар Кудзіненка, ня выратуе беларускага кіно.

(Кудзіненка: ) “Тое, што будзе рабіцца ў галіне дзяржаўнага кіно, — толькі праекты сумесна з расейскімі кінэматаграфістамі, якія ня маюць ніякіх адносін да нацыянальнага кінэматографу”.

Выйсьце з тупіковае сытуацыі Андрэй Кудзіненка зьвязвае зь недзяржаўным кіно, якое сёньня загнанае ў андэграўнд.

(Кудзіненка: ) “На маю думку, гэты працэс павінен зь андэграўнднага, незалежнага кінэматографу выйсьці”.

Умовы амаль падпольнага існаваньня новага беларускага кіно не спараджаюць у спадара Кудзіненкі спадзяваньняў на хуткія зьмены.

(Кудзіненка: ) “Гэта — індывідуальны шлях. Я ня бачу тут ніякіх калектываў. Каманды няма, няма генэрацыі, няма руху. А калі няма руху — няма кінэматографу, ёсьць кінэматаграфісты”.

Малады рэжысэр, фільм якога “Акупацыя. Містэрыі” атрымаў шырокі міжнародны розгалас і ўзнагароды, нягледзячы на забароны на радзіме, абяцае праз год-два парадаваць сваіх прыхільнікаў новай нацыянальнай кінастужкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG