Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: “Пажыцьцёвым бывае толькі зьняволеньне”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Не жыцьцё ў нас пайшло, а адны нараканьні. На надвор’е, на саміх сябе, на ўладу. Як азону ў паветры, людзям не хапае пазытыву. Мабыць, гэта адчуў пісьменьнік Барыс Пятровіч, які сваю нядаўна выдадзеную кнігу назваў “Шчасьце быць…”

(Міхась Скобла: ) “Барыс, у Беларусі апошнім часам рэдка выходзяць кнігі з такім пазытыўным назовам, як у цябе. Быцьцё ў нас доўгі час вызначала сьвядомасьць, пакуль нейкі дасьціпнік “быцьцё” не замяніў на “біцьцё”. Гэткі сабе беларускі варыянт вядомай формулы Маркса. А паводле Барыса Пятровіча, быцьцё вызначае шчасьце, так?”

(Барыс Пятровіч: ) “Адказ на гэтае пытаньне ёсьць у адным з тэкстаў, зьмешчаных у кнізе. Ён так і называецца: “Шчасьце быць”. Для мяне любое быць — шчасьце. Лісточкам, травінкай, мурашом... А ўжо чалавекам — няважна, здаровым ці цяжка хворым, калекам — тым болей. Трэба толькі ўмець бачыць гэтае шчасьце і ўмець браць яго ад жыцьця... Ну а найбольшае шчасьце, найвышэйшая ступень яго — ня быць увогуле і ня ведаць, што ёсьць жыцьцё... Гэта такі відочны парадокс, якія я люблю, і якіх нямала ў кнізе... З-за якіх мяне часам не разумеюць.

Да прыкладу, падобны парадокс быў закладзены некалі і ў прадмове да першага нумару “Дзеяслова”. Там сказана, што сапраўдная літаратура заўсёды была па-за палітыкай і сапраўдная літаратура заўсёды была ў апазыцыі да ўладаў... Нібыта, відочная супярэчнасьць: па-за палітыкай і ў апазыцыі. Аднак гэта па сёньняшнім часе так здаецца, калі нават размова па-беларуску лічыцца палітыкай. Хоць правільнасьць і лягічнасьць гэтых пастулятаў даказваецца вельмі проста. Возьмем канкрэтнага пісьменьніка, скажам, Караткевіча. Зь ім гэтая формула стасуецца абсалютна: у сваёй творчасьці на той — савецкі — час, ён абсалютна быў па-за палітыкай з аднаго боку, а з другога, ён быў у апазыцыі да тагачасных уладаў”.

(Скобла: ) “Адзін з тваіх герояў, раней у сувязях з Кітаем не заўважаны, нечакана на пару з кітайскім паэтам Ду Фу ідзе ў госьці да Лі Бо. А да каго зь беларускіх клясыкаў у патойбочны сьвет ты хацеў бы наведацца і пра што пагаварыць?”

(Пятровіч: ) “З Лі Бо я так і ня ўбачыўся — прачнуўся... А з кім хацеў бы пабачыцца, каго прысьніць? Менавіта прысьніць, як нешта выпадковае, бо я не кірую сваімі снамі, хоць шмат увагі надаю ім у творах. Ну, пэўна, з Ластоўскім, Луцкевічам, Дубоўкам, Гарэцкім, Геніюш, Караткевічам... Сустрэцца, і ня тое, каб спытаць у іх нешта (зрэшты, у Купалы я спытаў бы пра абставіны ягонай сьмерці), а сказаць ім: усё ня так кепска, хлопцы: Беларусь жыве! Болей за тое: стала незалежнай, пра што яны ў сваім далёкім мінулым марылі, за што змагаліся, але адышлі ў іншы сьвет, мажліва, у поўным пэсымізме... Цяжка ім там цяпер. Многія зь іх нарадзіліся і жыцьцё пражылі пры саветах, як той жа Караткевіч, нават і ня думаючы, што так хутка ўсё зьменіцца. Цяжка і нам тут, але ёсьць каму змагацца за Беларусь і працягваць іхную справу.

А яшчэ хацеў бы пагутарыць з маім дзядзькам Барысам Іванавічам Сачанкам. Ён вельмі шмат зрабіў для мяне ў дзяцінстве, фактычна ўратаваў ад сьмерці. Мы часта зь ім бачыліся, але неяк не гаварылі пра тыя гады, я сам адкладваў размову на потым... Барыс Іванавіч адышоў так раптоўна, што я нават не пасьпеў яму падзякаваць за тое ўратаваньне. І цяпер шкадую, што ў свой час не сказаў патрэбных словащ... Вельмі важна, па-мойму, своечасова сказаць дзякуй чалавеку, каб потым не пакутаваць, не шкадаваць з-за свае сьціпласьці й непатрэбнае сарамлівасьці”.

(Скобла: ) “У цябе ёсьць нізка кароткіх, на адзін-два абзацы, твораў — піліпікаў, названых так па імю галоўнага героя. Ён мне нагадвае літоўскага Кукуціса — героя балядаў Марцэліюса Марцінайціса. Дарэчы, Алесь Разанаў, калі перакладаў тыя баляды, так увайшоў у ролю, што напісаў некалькі “Балядаў Кукуціса” сам. Кукуціс — увасабленьне літоўскай кемлівасьці, хітрасьці, жыцьцёвай практычнасьці. А твой Піліп — увасабленьне чаго?”

(Пятровіч: ) “Дужа не люблю, калі на літаратуру накладваць дадатковыя клопаты, тым самым нібыта падвышаючы яе значэньне. Я маю на ўвазе — канцэнтравана адбіваць рэчаіснасьць, шукаць у ёй нейкія агульназначныя, грамадзказначныя моманты і падаваць у вобразе аднаго героя цэлы народ... Ня ведаю, як там Кукуціс, а мой Піліп такі адзін, ён індывідуал, а ня нейкі зборны вобраз народу. Ён такі, як ёсьць, ён жывы чалавек, з усімі ягонымі слабасьцямі. Ён ня можа быць увасабленьнем народу, бо ён адзіны такі, адзінкавы... Зрэшты, гэтыя савецкія традыцыі — Платон Каратаеў, дзед Шчукар…”

(Скобла: ) “Чаму толькі савецкія? У чэхаў ёсьць салдат Швэйк”.

(Пятровіч: ) “Ну так. Але тыя, што навязваюцца нам з боку расейскай літаратуры, трэба паціху забываць. Тым болей, што і Платон Каратаеў, і дзед Шчукар — таксама адзіныя і непаўторныя, інакш бы яны не запомніліся, згубіліся б. А ўвогуле Піліп хутчэй нагадвае гэтак званых “чудзікаў” — герояў Шукшына. Такіх “чудзікаў” у Расеі мала, але на іх творчым патэнцыяле і трымаецца Расея. У нас такіх Піліпаў мноства... Зноў парадокс і супярэчаньне самому сабе: індывідуал і мноства, але хіба гэта кепска, калі неадназначных, непадобных да іншых, асобаў шмат?”

Зь “Піліпікаў” Барыса Пятровіча:

* * * Прыдумаў аднойчы Піліп показку. Пра прэзыдэнта. Хацеў расказаць жонцы, аднак перадумаў: не зразумее. Хацеў расказаць сябрам, ды пабаяўся: заложаць. Хацеў расказаць простым сустрэчным на вуліцы, але не асьмеліўся падысьці да іх: сорамна. Хацеў запісаць: асадкі не знайшоў, а дзеці якраз у школе былі. Прыйшлі дзеці, ды тут жонка некуды паклікала... Так і прапала показка — забылася. А шкада: як-ніяк фальклёр.

* * * Піліп сустрэўся на вуліцы з прэзыдэнтам. Былым, хоць і першым. Нос у нос. І не разьмінуцца ім: зьлева лужына, і справа лужына. Піліп падскочыў, каб прэзыдэнт прашмыгнуў пад ім, ды той не здагадаўся: стаіць, як укапаны. І ні ўзад, ні ўперад. Так і не разьмінуліся.

* * * На шпалах ляжаць было нязручна. На рэйцы яшчэ горш. Тады Піліп лёг на шпалу, а галаву паклаў на рэйку, як на падушку. І адразу заснуў…

* * * У тэатры Піліп быў двойчы. У адзін і той жа дзень. Спачатку ранкам, калі набываў білет у касе, а потым — увечары, у залі. Піліпу больш спадабалася ўвечары. Сядзець было мякка, зручна (гэта ж не ў чарзе, хай і з двух чалавек, стаяць), і ён нават трохі падрамаў. Аднекуль грала музыка, па сцэне хадзілі й бегалі нейкія людзі, нешта гаманілі, спрачаліся між сабою, але Піліп іх ня слухаў. Ён ведаў, што ў тэатар людзі ходзяць адпачываць. І ён адпачываў…”

(Скобла: ) “У сувязі з апошнімі падзеямі ў нашай краіне з-за мяжы можна пачуць розную рэакцыю, у тым ліку й спачуваньні беларускаму народу. Ты ў сваёй кнізе таксама спачуваеш народу. А ўвогуле, калі й пры якіх абставінах мастак можа й павінен апэляваць да народу?”

(Пятровіч: ) “Цяжкае для мяне пытаньне. Адзін з маіх герояў, разважаючы пра сытуацыю ў краіне, зрываецца на раздражненьне і злосьць, называе народ быдлам, якому трэба толькі сытая паша ды жорсткі пастух... А потым апамятваецца, згадвае пра сваіх бацькоў і думае: дык што — і яны таксама быдла?.. Не. І далей, ня ведаю хто, я ці герой думаем: народ ні ў чым не вінаваты, народ у масе сваёй — дзіця, якому можна паабяцаць прыгожую цацку, прыгожае жыцьцё заўтра і падмануць... Такія прыёмы ў цывілізаваным сьвеце, у нармальным, дэмакратычным грамадзтве забароненыя. У нас жа можна ўсё. Увогуле няма кепскіх народаў, згадаем хоць бы прыклад Нямеччыны, дзе да ўлады прыйшоў Гітлер. Ёсьць кепскія лідэры, кіраўнікі, і зь іх трэба пытаць напоўніцу за кожнае абяцаньне, за кожны падман дзеля нейкіх сваіх інтарэсаў. Я спачуваю народу і ні ў чым яго не абвінавачваю... І слова “дзіця” зусім ня трэба ўспрымаць як нейкую адмоўную ацэнку. Якраз наадварот. Бо, паўтаруся, вінаваты не народ, а тыя, хто ім кіруе і хто дазваляе сабе ісьці на падман”.

(Скобла: ) “Заможнае жыцьцё нам, колькі сябе помню, абяцаюць. Вось і перад рэфэрэндумам тое самае было. Як ты лічыш, пасьля яго нешта зьмянілася ў нашым грамадзтве, ці ўсё засталося па-ранейшаму? Увогуле, як адчувае сябе пісьменьнік у краіне, у якой дзейны прэзыдэнт мае права абірацца пажыцьцёва?”

(Пятровіч: ) “Пажыцьцёвым ня можа быць шчасьце, радасьць, пажыцьцёвым можа быць толькі зьняволеньне, пакараньне. Той чалавек, які дамагаецца “пажыцьцёвасьці”, пакуль, відаць, не разумее гэтага. Калі б ён задумаўся на хвіліну, ён сказаў бы сабе: а навошта? Усё жыцьцё змагацца зь ветракамі, змагацца за тое, каб уседзець у крэсьле... Ці ня лепш аддацца простым чалавечым радасьцям, пабыць ня толькі “бацькам”, але і дзедам”.

З “Фрэсак” Барыса Пятровіча: ГЭТАНЯШЧАСЬЦЕ? Рука ўзьнятая — ён вітаецца, прыціснутая да грудзей — просіць прабачэньня. Жэсты простыя, як у нэандэртальцаў, як у малпавым статку — як у людзей. Словаў ня трэба, дастаткова мімікі. Непасрэднае — неапасродкавае — разуменьне. Нічога лішняга. Хто сумняваецца, што ён пераможа? З тых, што бачаць яго цяпер — ніхто. Бо каб засумнявацца, трэба зрабіць намаганьне над сабою, а навошта... Усё зразумела, усё проста: ня варта прымушаць сябе ня верыць яму. Ён кажа: кожнаму мужу па жонцы, кожнай жонцы па ложку, кожнаму ложку па коўдры, кожнай коўдры... Як справядліва: кожнаму — кожнае! Мы нічога іншага і не жадаем. Мы хацелі пачуць толькі гэта. Вы за каго? Я за яго! І я за яго! І я! І я! І я! І я!.. За яго! Гэта сон? Не, гэта ява. Гэта жыцьцё, якое мы жывем. Прайшло дваццаць гадоў, прайшло трыццаць. Дзеці сталі бацькамі. Ён стаў дзедам. Ён таксама пражыў жыцьцё. Разам з усімі, разам з кожным. Дзеля чаго? Космас ня стаў бліжэй, зямля ня стала радней. Людзі не зрабіліся лепшымі. Павуцінка не зрабілася таўсьцейшай. Мора засталося далёкім, а дзяцінства — недасягальным. А былі ж яшчэ мары. У кожнага — кожныя. Асабістыя з асабістых. Аднак прыйшоў ён, і ўсе пачалі жыць так, як палічыў патрэбным ён, а тыя, хто не забыў пра сваё, хто думаў іначай, ужо даўно ня тут. Слова “супраціў” стала сынонімам слова “сьмерць”. Ворагі! Так ім і трэба... І мяне гэта не датычыць. Мая хата — інтэрнат... Я вельмі люблю яго. Больш за маці, за сваіх дзяцей... І я люблю толькі яго. І я! І я! І я!.. А я яшчэ больш люблю яго... А хто сумняваецца ў тым? Ніхто. Жыць і радавацца, радавацца і дзякаваць. Ці ж гэта ня шчасьце? Ціжгэтаняшчасьце? І баяцца толькі аднаго: як мы будзем жыць безь Яго?”

(Скобла: ) “Ты зьяўляесься галоўным рэдактарам часопісу “Дзеяслоў”, які, я тут дазволю сабе цытату з кнігі “Гісторыя Беларусі” Захара Шыбекі, “гуртуе вакол сябе здаровыя пісьменьніцкія сілы”. Няўжо ў Беларусі гэтых здаровых пісьменьніцкіх сілаў настолькі няшмат, што ўсе яны патрапяць згуртавацца вакол аднаго-адзінага выданьня?”

(Пятровіч: ) “Я заўсёды нагадваю ў такіх выпадках, што выходзіць ня толькі “Дзеяслоў”, выходзіць яшчэ і “Полымя”, “Маладосць”, часам друкуе літаратуру “Архэ”... Ня трэба іх скідваць з рахунку, бо і дзякуючы ім літаратура жыве, і выданьні гэтыя займаюць пэўную нішу. Пра здаровы сілы... Хто будзе спрачацца з фактам, што вакол “Дзеяслова” сапраўды аб’ядналіся лепшыя на сёньня беларускія літаратары? Пагартайце “Полымя” і “Дзеяслоў” і параўнайце. І ўсё адразу стане зразумелым... Але мы нікога ні ў чым не абмяжоўваем. Мы кажам, што друкуем усіх, незалежна ад іх пазыцыі й літаратурных прыхільнасьцяў.

Нас могуць абвінаваціць і абвінавачваюць, хіба, у элітарнасьці, у тым, што мы “задужа высока паднялі планку”. Але, думаю, маладым прыемна друкавацца, дэбютаваць побач з Быкавым, Брылём, Барадуліным, Бураўкіным, Гілевічам, Някляевым, Законьнікавым, якія, дарэчы, нідзе, апроч “Дзеяслова”, не друкуюцца.

А лепшых і сапраўды ніколі не было шмат. Але, вось жа, зноў парадокс. Кажу: лепшых няшмат, але згадваю нядаўні рэфэрэндум і бачу, што не знайшлося сярод нашых вядомых і маладых пісьменьнікаў такіх, хто б заклікаў народ галасаваць так, як патрэбна было ўладзе. Давялося ў каторы раз выпісваць агітатараў з Масквы: таго ж Праханава, таго ж Куняева”.

(Скобла: ) “Ты першы намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які, у адрозьненьне, скажам, ад Саюзу кампазытараў, не падтрымаў рэфэрэндуму. Якія могуць быць пэрспэктывы ў СБП у пасьлярэфэрэндумнай Беларусі?”

(Пятровіч: ) “Сваю пазыцыю перад рэфэрэндумам выказалі вядомыя пісьменьнікі, у іх ліку і старшыня Саюзу. Хоць многія сёньня лічаць за лепшае маўчаць. Але ў нашай краіне маўчаньне расцэньваецца не як згода, паводле прыказкі, а як як нязгода. Трэба крычаць: адабраем, паддзержываем! Тады цябе “правільна” зразумеюць. Асабіста я і маўчаньне Пуціна, хоць пайшоў ужо другі тыдзень пасьля рэфэрэндуму, расцэньваю не як падтрымку рэжыму, а наадварот.

Што тычыцца будучыні Саюзу, дык, я думаю, нічога ня зьменіцца. Бо зьмяніцца можа толькі ў горшы бок. А куды ўжо горш, чым ёсьць? Хіба забяруць апошні пакой, які мы займаем цяпер у Доме літаратара, выганяць са свайго дому... На жаль, у сёньняшняй Беларусі да творцаў не прыслухоўваюцца, іх проста не заўважаюць. Творцаў у нашай краіне цалкам замянілі спартсмэны. І камусьці гэта дужа падабаецца.

Але па жыцьці я аптыміст. Хаця тыя, хто мяне ведае асбіста, могуць з гэтым не пагадзіцца. Называюць маімі найперш заўважнымі рысамі сум, самоту, адвечную стому. Але гэта толькі чыста зьнешняе ўражаньне, бо вочы ў мяне яшчэ не патухлі. Я аптыміст, я веру, я ўпэўнены, што гэты час і гэты лад не назаўсёды.

Некалі ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя мы зь сябрамі зьбіраліся на кватэры ў Гомелі й казалі, што будзем змагацца за Беларусь нават са зброяй у руках. І ніхто тады ня думаў, што СССР, гэты “волат на гліняных нагах”, так хутка рухне: літаральна праз пару гадоў... І якой бы беспрасьветнай камусьці не здавалася сёньня нашая будучыня, я ўпэўнена паўтараю: і гэты час, і гэты лад не назаўсёды!.. У мяне ў адным з тэкстаў ёсьць словы, якія могуць стаць своеасаблівым дэвізам: “Не чакаць, а быць гатовым!” Гэта зусім не азначае, што трэба сядзець склаўшы рукі й чакаць, пакуль нешта зьменіцца. Якраз наадварот: заўсёды быць гатовым — да працы, да барацьбы, да зьменаў... Гэта вельмі цяжка, быць увесь час у стане сьціснутай спружыны. Але, па-мойму, іначай жыць нельга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG