Шчасьлівы той творца, які знаходзіць сваё месца на зямлі, той ляндшафт, які яму адпавядае. Скажам, для Максіміліяна Валошына гэта быў выпалены сонцам Кактэбель. Янка Купала выбраў для сябе высокі бераг Дняпра… Адушавіць мясьціну, стаць яе genius loci — рэдка каму ўдаецца. Янка Брыль звычайна праводзіць лета ў Наднямоньні, на мяжы Карэліцкага і Стаўпцоўскага раёнаў, дзе яму добра думаецца, пішацца, успамінаецца. Днямі мы наведалі народнага пісьменьніка ў вёсцы Крынічнае, дзе і запісалі гэтую гутарку.
(Міхась Скобла: ) “Іван Антонавіч, лясное Крынічнае — ваша месца на зямлі, ці вы тут выпадкова апынуліся?”
(Янка Брыль: ) “Мая родная вёска Загора — палявая. Зь вёскі па дровы ці будаўнічыя матэрыялы езьдзілі ажно ў Налібоцкую пушчу, за 20 кілямэтраў. Дзіўна сказаць, але салаўя я ўпершыню пачуў толькі ў гадоў пятнаццаць. Вось такое ў мяне веданьне лесу. Хоць палявая вёска Загора мела сваю красу. У маленстве ж кожны кусьцік можа падказаць больш, чым цяпер пушча. Потым я ў партызанах да лесу звыкаў. А ў Крынічным я апынуўся дзякуючы свайму сябру, на жаль, яго ўжо пяць гадоў няма з намі, Яўгену Крамко, чыё роднае Беражнае недалёка ад Крынічнага, ён мяне сюды замануў. Мы ў 1978 годзе пасяліліся ў аднаго гаспадара ў Крынічным, чатыры леты ў яго пражылі, спадабалася, і тады мы пабудавалі сабе вось гэты домік, у якім мы з вамі сядзім і гаворым. Калі я сюды трапляю, у гэтую атмасфэру, у гэтае спалучэньне зялёнага, сонечнага й ціхага, то мне нікуды ня хочацца”.
(Скобла: ) “На вашым ганку сядзіш, як на каленях у прыроды. Хіба што краявід псуе старая недабудаваная хата, да якой рукой падаць”.
(Брыль: ) “А для мяне яна зьвязаная з прыемнымі ўспамінамі. Гэтая хата перавезеная сюды зь мястэчка Турэц, а належала яна памешчыцы пані Ліпінскай. Пані здавала яе пад школу, і я ў гэтай хаце канчаў сёмую клясу, праходзіў польскіх пісьменьнікаў Ажэшку, Красінскага, Славацкага, а зь беларускіх — Багдановіча, Купалу. Але хата ўжо старая, парахня адна”.
(Скобла: ) “Гэта проста неверагодна! Вы штодня бачыце сваю школу, як у маленства вяртаецеся”.
(Брыль: ) “Часта гэта паўтарацца ня можа. Але калі яе толькі перавязьлі, і я разабраўся, што гэта за дом, то было прыемна — быццам старога знаёмага сустрэў. Той чалавек, які купіў зруб, закінуў яго, больш дзесяці гадоў нічога ня робіць, толькі бур’ян навокал яго расьце”.
(Скобла: ) “Ці-шы-ня!” — так называецца разьдзел вашай новай кнігі “Блакітны зьніч”, што выйшла сёлета ў выдаецтве “Про-Хрысто”. А што яшчэ да цішыні трэба, каб пісалася?”
(Брыль: ) “Калі не карыстацца высокім словам “натхненьне”, трэба каб было што сказаць і хацелася сказаць. Першыя мае апавяданьні напісаныя пры цьмянай газавай лямпе. А потым, калі трэба было гадаваць дзяцей, то часам зь дзіцем на каленях пісалася, і таксама нядрэнна атрымлівалася. Я ня буду наракаць, і цяпер, у старасьці, у мяне жаданьне пісаць ня зьнікла, і я пішу патроху. Але з гадамі хочацца большай лучнасьці са сьветам, каб хто прыехаў, каб хто патэлефанаваў (ужо гады два ў мяне тут зьявіўся тэлефон). У Крынічным я ўжо больш за дваццаць гадоў, зь ім у мяне зьвязаныя добрыя ўспаміны: шмат што тут напісалася, вось на гэтым стале, якому больш за пяцьдзясят гадоў”.
(Скобла: ) “А ці пішацца вам у менскай кватэры?”
(Брыль: ) “Па-рознаму. Я ўсё жыцьцё не расстаюся з блякнотам, запісваю хоць два-тры сказы, каб ведаў, за што зачапіцца. А некаторыя рэчы адразу ў блякноце робіш. Цяпер халодныя раніцы жнівеньскія, гэта спрыяе добраму творчаму настрою, а калі яшчэ працуецца… Знаеш, прачнуцца ў шэсьць гадзінаў, памыцца ды сесьці за стол і раптам — пайшло. А Божа мой, як гэта добра жыць на сьвеце! — хочацца сказаць тады”.
(Скобла: ) “Усім вядома, што вы заўзяты кніжнік і чытач. Зразумела, бо літаратура — гэта вашае жыцьцё. А другія віды мастацтва? Што вас кранала і кранае ў музыцы, жывапісе, кіно, тэатры?”
(Брыль: ) “Я зь вельмі пявучай вёскі. Гэта дзіўна, у маім Загоры вельмі добра сьпявалі мужчыны, а за паўтара кілямэтра вёска маёй жонкі, там добра жанчыны сьпявалі. Таму я з маленства ў песьнях рос, я люблю харошыя хоры. Для мяне вялікім сьвятам было пабыць на канцэрце Рыгора Шырмы, Генадзя Цітовіча. Мода можа зьмяняцца, а грунт усяму — народная і клясычная музыка. Дарэчы, клясычная музыка вельмі зьвязаная з народнай. Вазьміце Чайкоўскага ці Глінку — яны чэрпалі з народнага расейскага і беларускага мэлясу”.
(Скобла: ) “А ў жывапісе якія ў вас прыхільнасьці?”
(Брыль: ) “Мне давялося пабываць у многіх краінах сьвету ў Амэрыцы, Эўропе, Азіі. Шмат дзе я пабываў у галерэях. Праўда, як у турыста, дык заўсёды мала часу на гэта. Проста сьмешна, калі прыводзяць у Люўр і даюць дзьве гадзіны часу на агляд! Але я потым пачаў вучыцца глядзець. І калі ў 1974 годзе быў у Мадрыдзе, у музэі Прадо, то абмежаваўся Гойяй і Вэляскэсам, думаю, гэтых двух пагляджу і хопіць. Я люблю графіку. Неяк на выстаўцы я пастаяў каля карціны Рыгора Сітніцы “Хата” і — нібы пагрэўся душой каля звычайнай вясковай сьцяны”.
(Скобла: ) “А да кіно якое ў вас стаўленьне?”
(Брыль: ) “Харошае кіно я вельмі люблю. Памятаю, італьянскі фільм “Два грошы надзеі” я глядзеў чатыры разы і параўноўваў гэта зь перачытваньнем Чэхава: кожны раз адкрываеш нешта новае. З францускіх актораў памятаю Жана Габэна, прыгадваю кінаэпапэю, дзе ён у ролі катаржніка цяжкім старэчым бегам уцякае ад жандармэрыі.
Шкада, што наша беларускае кіно не набыло самастойнасьці ні раней, ні цяпер. Скажам Віктар Тураў вельмі добра пачынаў з апэратарам Анатолем Забалоцкім. Але ім у Менску не далі разгарнуцца. Старыя рэжысэры не любілі моладзь, былі зайздросныя, як старыя арангутангі. Ты ж ведаеш, як старыя арангутангі распраўляюцца з маладымі? Ня ведаеш? Ну, яны выгрызаюць ім тое-сёе… Гэта пацьверджана навукай. Так было і на “Беларусьфільме”. І маладыя таленты зьяжджалі. Як потым хораша праявіўся Забалоцкі з Шукшыным!”
(Скобла: ) “А з тэатральных пастановак што памятаецца?”
(Брыль: ) “Я любіў “купалаўцаў” Глебава, Платонава, Дзядзюшку, Пола, Ржэцкую, вялікую Стэфанію Станюту — акторку Божай міласьцю, Галіну Макараву, люблю Машу Захарэвіч. На жаль, у тэатры я цяпер не бываю, бо мне цяжка па вечарах выходзіць. Апошні спэктакль, які глядзеў, — “Тутэйшыя”. Пастаўлена добра, сыграна добра. Але з купалаўскай драматургіі я больш люблю “Паўлінку” і “Раскіданае гняздо”. А “Тутэйшыя” — п’еса слабаватая, плякатная, палітычная, але і яна патрэбная, і вельмі добра, што яна ідзе”.
(Скобла: ) “Пісьменьнікі цяпер ня вельмі прыкметныя. Да нас на гадавіну па Быкаву прыяжджалі ўкраінцы. Яны паслухалі наша радыё, паглядзелі наша тэлебачаньне, пачыталі нашы газэты і спыталіся: “А дзе вашы пісьменьнікі?” А і праўда — дзе?”
(Брыль: ) “Што да прэтэнзіяў нашых украінскіх сяброў, то ім таксама няма чым хваліцца. Кожнаму, хто прыедзе ў другую краіну, хочацца сваё пахваліць. “А дзе вашы пісьменьнікі?” А можа, той пісьменьнік сядзеў і працаваў, то што, лаяцца на яго трэба, што ён не пайшоў сустракацца з тымі ўкраінцамі? З другога боку, дзе ж нам сустракацца? У нас адабралі наш Дом літаратара, мы пазбаўленыя нават сваёй пісьменьніцкай бібліятэкі!
Але і пэўная інэртнасьць ёсьць. Апошняя вечарына, якая мяне “падняла” — прэзэнтацыя ў Музэі Максіма Багдановіча часопісу “Куфэрак Віленшчыны”, які выдае ў Маладэчне Міхась Казлоўскі. Апошні, дзявяты нумар быў прысьвечаны блізкаму мне і маёй сям’і чалавеку Рыгору Семашкевічу. Харошая была вечарына, заля — паўнюткая, але з усіх сяброў-літаратараў Рыгора быў адзін Вячаслаў Чамярыцкі”.
(Скобла: ) “Вы шануеце Льва Талстога, заўсёды пішаце пра яго з адпаведным піетэтам. Тым большай нечаканасьцю быў для мяне ваш папрок Талстому, там, дзе ён піша пры канцы жыцьця, што “стаміўся мозг”. Вы іранізуеце: “Аднак ці было ў яго столькі страху, колькі перажылося намі, ці ведаў ён і такую стому?” Ці часта ў сваім літаратурным жыцьці вы зьведвалі стому ад страху?”
(Брыль: ) “Ад такой калясальнай работы, якую прарабіў Талстой (цяпер выходзіць яго збор твораў у 120 тамах) стаміцца можна. Папракаць яго я і блізка ня думаў, я падумаў, што ў яго не было яшчэ і такой стомы, якая была ў нас — стома ад вечнага страху, ад кантролю, ад цэнзуры. Талстой усяго гэтага ня ведаў. Ён пісаў, і ўсё друкавалася. Сядзеў Чарткоў у Лёндане і друкаваў поўнасьцю ўсё. Можна ўспомніць сьвятое абурэньне Талстога, калі ён прыехаў аднекуль і ўбачыў, што ў ягоную адсутнасьць жандармы зрабілі ў яго маёнтку ператрус, хочучы прыпісаць яму нейкую антыдзяржаўную дзейнасьць. І Талстой настолькі быў абураны, што напісаў цару Аляксандру ІІ пра сваё жаданьне ад такой абстаноўкі зьехаць за мяжу.
Цяжка ўявіць сабе Талстога бязь Яснай Паляны, якая была для яго ўсім. Цяпер некаторыя мудрагелістыя хлопчыкі гавораць: у Талстога маёнтак быў! Падтэкст такі, што калі б і ў гэтага маладзёна маёнтак быў, то і ён Талстым стаў бы. Справа не ў маёнтку, а ў родным гнязьдзе. У Талстога шмат розных бедаў было, у тым ліку адлучэньне ад царквы. Гэта нам здаецца, што чыесьці беды меншыя, чым нашы… Але як успомніш, як нас заганялі ў стойлы сацрэалізму — цэнзураю, рэдактураю, выклікамі наверх, заказамі, дурацкімі патрабаваньнямі! Я помню, прыехаў новы работнік у ЦК, Буслаў, выклікаў мяне: “У нас есть мнение, что вы должны написать повесть об МТС”. А я кажу — у мяне ёсьць свае задумы. Дык ён пасьля прымаў Анатоля Вялюгіна і сказаў: “Какой строптивый молодой человек этот Брыль!” Вось ад чаго мы найбольш стамляліся!”
(Скобла: ) “Наколькі істотныя для вас грамадзкія паводзіны пісьменьніка? Ці дастаткова добра пісаць і ня ўмешвацца ў грамадзкае жыцьцё?”
(Брыль: ) “Вялікі расейскі пісьменьнік Міхаіл Прышвін так і пісаў: “Пісьменьніку трэба перш за ўсё думаць пра свае паводзіны”. Я ў літаратуры ўжо шэсьцьдзесят шэсьць гадоў і сёе-тое помню. Для мяне тут прыкладам быў Максім Танк. Калісьці, памятаю, здымалі з дырэктара Маладэчанскага музэю Генадзя Каханоўскага, і ён прыйшоў да мяне, разгублены. Мы пайшлі да Танка, і ён памог. Выбавіць Натальлю Арсеньневу з казахстанскай ссылкі таксама Танк дапамагаў, і працаўладкоўваў пасьля яе. Тое самае было ў 1968 годзе, калі Алеся Разанава, Віктара Яраца выганялі з БДУ за тое, што зьбіралі подпісы ў абарону роднай мовы. Танк ім дапамог. Мала таго, напісаў ліст маці Разанава: “Вы яшчэ будзеце ганарыцца сваім сынам!” А вазьміце яго адносіны з Ларысай Геніюш. Здавалася б, генэрал, фэльдмаршал літаратуры і — апальная паэтка. А ён так па-чалавечы хораша ліставаўся зь ёю і ў Зэльву да яе езьдзіў, і дапамагаў, чым мог. І не адзін Танк.
Калісьці Міхась Лынькоў, калі абмяркоўваліся выдавецкія пляны, адмовіўся ад выданьня свайго збору твораў на карысьць маладых. Дзе вы цяпер такое бачылі? Цяпер кожны лезе, як жаба на корч, стараецца толькі для сябе!.. Той жа Лынькоў (камуніст Лынькоў!), калі арыштавалі Яўхіма Кіпеля, дапамагаў яго сям’і. Такое не забываецца. У такіх рэчах праяўляюцца па-сапраўднаму сумленьне, годнасьць і высакародзтва людзей”.
(Скобла: ) “У розныя часы літаратура займала рознае месца ў грамадзтве. Калі ўявіць будову грамадзтва ў выглядзе піраміды, дзе ў аснове народ, а наверсе ўлада, дзе ў такім разе месца пісьменьніка?”
(Брыль: ) “Па ўсёй пірамідзе яго месца. Пісьменьнік павінен быць голасам народу, перадаваць яго зьнізу даверху”.
(Скобла: ) “А голас зьверху хто павінен перадаваць?”
(Брыль: ) “А зьвеху ўніз, бывае, і каменьне скочваецца. (Сьмяецца.) Зрэшты, піраміды я толькі на малюнках бачыў, і ўявіць месца пісьменьніка ў пірамідзе мне цяжка”.
(Скобла: ) “Апошнім часам шмат гаворыцца пра глябалізацыю, пра тую пагрозу, якую яна нясе культуры. Ідзе яна да нас, як прынята лічыць, з Захаду. Але вось я чытаю ў адной моднай расейскай пісьменьніцы (прашу прабачэньня ў нашых слухачоў): “Бог трахнуў Марыю, і яна нарадзіла Хрыста”. Па-мойму, на Захадзе да такога яшчэ ніхто не дадумаўся. Дык адкуль ідзе пагроза культуры?”
(Брыль: ) “Поскудзь якая!.. Дарэчы, жаночыя дэтэктывы па мове сваёй, па вобразнасьці больш распусныя, чым мужчынскія. Што тут можна сказаць… Дурань — гэта панятак інтэрнацыянальны, дурань паўсюль дурань: і ў Амэрыцы, і ў Аўстраліі. І такая шалава, прабачце, якую вы працытавалі, можа знайсьціся на любой мове — і па расейску, і па-ангельску, і па-беларуску. Жанчына была заўсёды носьбітам маралі народнай, пачынаючы ад калыскі. Калісьці мая мама гаварыла: калі жанчына вылаецца матам, то пад ёй на сажань зямля загарыцца. А пад такой пісьменьніцай цэлая шахта вогненная”.
(Скобла: ) “Арыстоцель лічыў, што дэмакратыя магчымая толькі ў невялікіх краінах. І сапраўды, у імпэрыях дэмакратыяй і ня пахла. У сувязі з гэтым, калі і пры якіх умовах магчымы дэмакратычны лад у Беларусі?”
(Брыль: ) “Алесь Адамовіч пісаў, і тут я зь ім згодзен, што Беларусі дадзена магчымасьць паказаць сьвету высокія агульначалавечыя праўды, добрыя ўзоры паводзінаў нашай нацыі. Нас крыўдзілі вельмі многа і доўга, мы разумеем, што гэта значыць — крыўда слабейшага. І цяпер у сьвеце слабейшых крыўдзяць, няма сапраўднага міжнароднага братэрства. Ларыса Геніюш пісала ў сваёй “Споведзі”, што Міхал Забэйда-Суміцкі быў патрыётам, але ёй не падабалася, што ён патрыёт-інтэрнацыяналіст. А па-мойму, гэта ідэал: быць патрыётам роднай мовы, роднага краю і адначасова — патрыётам міжнароднага братэрства”.
(Скобла: ) “Сьпеваку лягчэй быць інтэрнацыяналістам. Забэйда-Суміцкі сьпяваў на шаснаццаці мовах, пісьменьнік ня можа пісаць на шаснаццаці”.
(Брыль: ) “Ён павінен добра пісаць на адной мове, а тады ён выступае на спаборніцтва. Трэба пісаць, а як яно адгукнецца, які атрымае міжнародны рэзананс… Мы ганарымся, што Быкаў перакладзены на пяцьдзясят моваў, а я нядаўна прачытаў у “Літаратурнай газэце”, што Чынгіза Айтматава пераклалі на 154! Гэта ж пра нешта гаворыць, і яно, як вада ў пясок, ня пойдзе, будзе працаваць на міжнароднае братэрства. Праўда, мы рознага “братэрства” наглядзеліся. Калісьці адзін з маіх польскіх сяброў выдатны паэт Уладзіслаў Бранеўскі прысутнічаў на сходзе, дзе гаварылася пра зьліцьцё моваў пры камунізьме. Бранеўскі ўстаў і сказаў, што калі пры камунізьме ня будзе польскай мовы, то ён не хацеў бы такога камунізму. Я хацеў бы бачыць Беларусь дэмакратычнай, нэўтральнай краінай, якая спавядае вялікія агульначалавечыя вартасьці. І каб мы экспартавалі ня толькі МАЗы ці трактары, але й добрыя кнігі”.
(Скобла: ) “Любая ўлада ня здольная палюбіць таго, хто, мякка кажучы, ня любіць яе. Але ж узаемная нелюбоў непрадукцыйная, ды і не па-хрысьціянску гэта. Ці павінен пісьменьнік шукаць прымірэньня з уладай?”
(Брыль: ) “Тут нельга ўніфікаваць улады, яны розныя і па-рознаму ставяцца да літаратуры. Калі мяне спыняў на вуліцы Машэраў, каб падзяліцца ўражаньнямі пра нейкі мой твор, то я нічога ня маю супраць такой улады. Такую ўладу было за што шанаваць. Я ня думаю, што прынцыпова трэба выступаць супраць улады. Калі яна перашкаджае мне быць свабодным мастаком — іншая справа. А калі не, то я не цікаўлюся, хто там сядзіць наверсе і хто яго заменіць”.
(Скобла: ) “Ці мае пісьменьнік права на маўчаньне? Ці павінен жыць паводле прынцыпу “ні дня без радка”?”
(Брыль: ) “Некаторыя мае сябры гаварылі: я павінен кожны дзень дзьве староначкі зрабіць. А я адказваў: калі ў мяне ёсьць адпаведны настрой, то чаму толькі дзьве? У гэтым сэнсе мне спадабалася выказваньне Аляксандра Твардоўскага: “Як можна дакараць пісьменьніка, што ён мала піша, калі ў першую чаргу ён сам пакутуе, што ня пішацца”. Тут усё залежыць ад тваёй унутранай гатоўнасьці гаварыць тое, што ты павінен і можаш сказаць. Мы ж не марксісты, у нас колькасць у якасьць ніколі не пераходзіць”.