Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае на Беларусь уступленьне Расеі ва УГА?


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі ўрадаў ЗША і Расеі падпісалі ў Ханоі пагадненьне аб заканчэньні перамоваў наконт далучэньня Расейскай Фэдэрацыі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Гэта апошні пратакол, які завяршае двухбаковыя перамовы Расеі і адкрывае ёй шлях для сяброўства ў арганізацыі ўжо ў 2007 годзе. Як паўплывае чаканы ўступ Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі на яе эканамічныя адносіны зь Беларусьсю?

Сяброўства ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі сярод іншага прадугледжвае лібэралізацыю імпарту, зьніжэньне мытных пошлін, скасаваньне іншых захадаў дзеля абароны ўнутранага рынка. Паводле міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, у бліжэйшыя гады стаўкі тарыфнай абароны расейскіх тавараў зьнізяцца на 4 адсоткі. Беларускія таваравытворцы апошнім часам нарошчвалі прысутнасьць на расейскім рынку дзякуючы таму, што і яны падпадалі пад гэтую абарону. Цяпер ім прыйдзецца дзейнічаць ва ўмовах больш жорсткай канкурэнцыі.

У сувязі з сяброўствам Расеі ва УГА спрыяльная сытуацыя для беларускіх тавараў на расейскім рынку зьменіцца, але не адразу, – перакананы менскі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “За 3 4 гады вельмі значна зьменіцца, таму што ў самой Расеі адбудуцца вельмі значныя зьмены. Яны павінны будуць адпусьціць цэны на энэрганосьбіты на сваім рынку. Расейскі рынак стане адкрытым для канкурэнцыі замежных тавараў з усіх краін, а ня толькі зь Беларусі, ён стане больш канкурэнтным. Вось гэта для Беларусі нічога добрага не азначае ў пэрспэктыве”.

Канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў на расейскім рынку і так зьніжаецца, у тым ліку за кошт падвышэньня цэнаў энэрганосьбітаў. Пераход Расеі на стандарты УГА толькі падштурхне гэтыя працэсы, перакананы спадар Злотнікаў. Паводле іншага эканаміста Міхала Залескага, пасьля далучэньня Расеі да УГА 98 % беларускага зьнешняга гандлю будзе прыпадаць на краіны-сябры гэтай арганізацыі.

(Залескі: ) “І вось тут паўстае пытаньне, ці здолеем мы вытрымаць рэальную глябальную канкурэнцыю? І высьветліцца, што мы мала змагаліся зь некаторымі рэчамі: энэргаёмістасьцю, матэрыялаёмістасьцю нашых тавараў і іх недастатковай якасьцю”.

Беларусь таксама імкнецца да сяброўства ва УГА, перамовы на гэты конт вядуцца ўжо 10 гадоў. Раней А.Лукашэнка нават заклікаў Расею і Ўкраіну, каб яны далучаліся да УГА сынхронна з Беларусьсю. Цяпер такія заявы зьніклі, бо Менск моцна адстаў, – з 20 краін, якія пажадалі весьці перамовы з Беларусьсю наконт яе сяброўства ва УГА, станоўчы адказ далі толькі 7. Зь іншымі 13 дыялёг працягваецца.

Як паведаміў прадстаўнік МЗС Беларусі Антон Кудасаў, партнэры на перамовах выказваюць прэтэнзіі да беларускай практыкі “залатой акцыі” і дзяржаўных датацыяў таваравытворцам, у тым ліку аграрнаму сэктару. Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што беларускі ўрад не гатовы да выкананьня да стандартаў СГА:

(Злотнікаў: ) “Першая ўмова – каб эканоміка стала рынкавай, каб зьмянілася сама сутнасьць беларускай мадэлі. І пры цяперашнім прэзыдэнце гэта можа адбыцца, калі сытуацыя запатрабуе, калі беларуская эліта зразумее, што інакш нельга. Можа й такое адбыцца, але ўсё роўна патрэбен яшчэ доўгі час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG