Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: рассакрэчаны дакумэнты пра галадамор


Юры Сьвірко, Кіеў Служба бясьпекі Ўкраіны рассакрэціла шэраг архіўных дакумэнтаў пра галадамор 1932 – 1933 гадоў. Тады ва Ўкраіне ад штучна створанага савецкімі ўладамі голаду загінула некалькі мільёнаў чалавек, фіксаваліся масавыя выпадкі людажэрства. На пятнічнай прэзэнтацыі электроннай калекцыі архіўных дакумэнтаў, што зьмешчаныя на сайце СБУ (ssu.gov.ua), кіраўнік дзяржкамітэту архіваў Украіны Генадзь Барак заявіў, што раней такія дакумэнты нідзе ў былым СССР не абнародаваліся.

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) – гэта пераемнік КГБ – НКВД – ОГПУ – ВЧК. Яна ўпершыню наважылася дакумэнтальна пацьвердзіць тое, што незалежная Ўкраіна даўно прызнала.

Кожны візыт замежнага дзеяча ў Кіеў суправаджаецца ўскладаньнем кветак да манумэнту ахвярам савецкіх галадамораў, які стаяць ля ўваходу ў МЗС Украіны. Гэты помнік паводле значэньня – тое самае, што манумэнт на плошчы Перамогі ў Менску.

Аднак камуністычная партыя Ўкраіны, якая мае найменшую фракцыю ў Вярхоўнай Радзе, дагэтуль адмаўляе, што савецкая ўлада штучна стварыла голад у 30-х гадох мінулага стагодзьдзя.

Зрэшты, асобныя дакумэнты былі рассакрэчаныя ў незалежнай Украіне раней. Але ўпершыню на дзяржаўным інтэрнэт-сайце зьявілася частка сыстэматызаванага архіву. Сёньня апублікаваны матэрыялы толькі трох справаў з архіваў КГБ нумар 228 – 230, але гэта некалькі соцень інтэрнэт-старонак.

На прэзэнтацыі ў штаб-кватэры СБУ заявілі, што ўпершыню пасьля развалу СССР цягам трох-чатырох гадоў было праведзенае дасьледаваньне фондаў савецкіх органаў дзяржбясьпекі, каб выявіць дакумэнты пра гісторыю галадамору 1932-33 гадоў.

Кіраўнік дзяржархіву СБУ Сяргей Багуноў расказаў, што знойдзены нарматыўныя дакумэнты ГПУ Ўкраінскай ССР, дырэктывы ды інструкцыі цэнтральных органаў ОГПУ з Масквы, сьведчаньні відавочцаў, дзёньнікі й матэрыялы крымінальных справаў. З апошніх, напрыклад, уражвае справа аб забойстве 16-гадовага камсамольца Кармаліты, мяса якога зьелі. Але такіх фактаў масавага людажэрства падчас галадамору было шмат. Забівалі й варылі мяса нават уласных дзяцей, каб накарміць іншых.

Упершыню абнародаваны цыркуляры з Масквы й зьвесткі пра асуджаных “судовай тройкай”, статыстыка барацьбы ўкраінскіх чэкістаў з так званым сельскім тэрорам у 1930-х гадох. Ёсьць старонкі з подпісам Сталіна.

“Па гэтых дакумэнтах мы бачым мэханізм арганізацыі галадамору ва Ўкраіне”, – заявіў кіраўнік архіву СБУ Сяргей Багуноў. А намесьнік дырэктара Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Станіслаў Кульчыцкі назваў сёньняшнюю падзею беспрэцэдэнтным і калясальным прарывам. Усяго рассакрэчана 5 тысячаў старонак архіўных дакумэнтаў – гэта, паводле прэсавай сакратаркі СБУ Марыны Астапенкі, усё, што было ў архівах спэцслужбаў. З тым, чаго няма на сайце СБУ, можна азнаёміцца ў папяровым выглядзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG