Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: “Адрэналін ад выступаў Мілінкевіча ды Казуліна — сьведчаньне таго, што й нас не зламалі!”


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія

Расказваць пра выбарчую сытуацыю ў Баранавічах немагчыма без разуменьня асаблівасьцяў гэтага гораду на Берасьцейшчыне. Тут перакрыжоўваюцца чыгуначныя шляхі з усіх бакоў сьвету: Масквы — Варшавы — Віньніцы ды Роўна. У савецкія часы на тэкстыльны камбінат прыехала 11 тысяч расейскіх дзяўчат з Іванава. Да таго ж, тут разьмешчаны дзьве буйныя часткі супрацьпаветранай абароны з вайсковым аэрадромам. Магчымым закладнікам чужых геапалітычных інтарэсаў называе Баранавічы вядомы тутэйшы незалежны журналіст сп. Уладзімер Янукевіч.

(Янукевіч: ) “Расея актыўна вывучае магчымасьць адкрыцьця тут базы стратэгічнай авіяцыі, якая, на мой погляд, магла б несьці й ядзерную зброю. Гэтак я прадчуваю. Таму што два разы ў мінулым годзе выкарыстоўвалі наш аэрадром цяжкія бамбардыроўшчыкі са стратэгічнай зброяй. Мне — жыхару Баранавіч — гэта нязручна. Таму што й НАТА будзе ў адказ нацэльваць свае сродкі ўдушэньня. Ня дай божа!”

“Чаканымі” называюць 26 000 подпісаў, сабраных тут за Лукашэнку. За Казуліна было сабрана 4000, за Мілінкевіча — 3000, за Гайдукевіча — 900. Дарэчы, на этапе збору подпісаў улада паводзіла сябе прыстойна — сьведчыць кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча сп. Віктар Сырыца.



(Сырыца: ) “Падпісныя лісты візаваў намесьнік старшыні гарвыканкаму Касьцюкевіч. У любы час мы маглі падысьці й аформіць па законе. І пры здачы лістоў перашкодаў не чынілася”.

Але, як кажуць, жарты скончыліся пасьля выступаў апазыцыйных кандыдатаў па БТ, якія ў Баранавічах і дагэтуль на слыху. Кажа Тамара Карлінская, што 12 гадоў гандлюе на адным з 4-х тутэйшых кірмашоў.



(Карлінская: ) “Праслухала выступы Казуліна, Мілінкевіча — шок! Сказана ж пра тое, што набалела — як чалавеку й грамадзяніну сваёй краіны. Які адрэналін атрымалі! У нас слухалі ўсе! Яшчэ хацела б сказаць пра паказ фільму “Духоўная вайна” Азаронка. Вы ведаеце, у мяне ўражаньне, што гэты чалавек ненавідзіць свой народ, і ўсю атруту выплюхнуў у гэтым фільме. Мне хацелася ўлезьці ў тэлевізар і парваць яго на пальчаткі!”

Тутэйшая сьпявачка Галіна Ярашэвіч выпускае альбом балядаў, прысьвечаных Ларысе Геніюш, Наталі Арсеньневай, Эўфрасіньні Полацкай ды іншым вялікім беларускім жанчынам. Яе асабліва абураюць тэлеканцэрты пад лёзунгам“За Беларусь”.

(Ярашэвіч: ) “Гэта “попс”, якім проста замбуюць насельніцтва. Гэта нахабства, калі “за Беларусь” усе павінны разумець, як за Лукашэнку! Для мяне “за Беларусь”, — дык, калі ласка, ідзіце за межы Беларусі!”

Сп. Галіна ўзначальвае аб’яднаньне “Ліяра” — 7 культурна-асьветных ды грамадзкіх арганізацый, якія аніяк ня могуць супольна зарэгістравацца. Паміж іншага, сярод іх і аб’яднаньне “Пэрспэктыва”, што займаецца грамадзкім наглядам за выбарамі.

(Ярашэвіч: ) “Мы ня можам увесь час знайсьці памяшканьня — чыніцца перасьлед. Да нашага Гундара прыйшлі міліцыянты дадому й сканфіскавалі ягоны асабісты кампутар. Тры гады таму быў скрадзены нейкі кампутар, і сьляды прывялі, нібыта, да яго. Улады хочуць застацца з чыстымі рукамі, а ўсё — рукамі КДБ і міліцыянтаў!”

53-гадовы былы выкладчык гісторыі Віктар Сырыца, што 30 гадоў адпрацаваў у мясцовым эканамічна-юрыдычным каледжы, фармальна звольніўся сам. Але на самой справе ўсё выглядае трохі інакш — кажа сп. Віктар.

(Сырыца: ) “11 лістапада мінулага году да нас прыехаў Мілінкевіч. Дарэчы, гэта быў ягоны першы візыт — як адзінага кандыдата. Я арганізаваў яму сустрэчы са студэнтамі каледжу ды ўнівэрсытэту. Сустрэча была наладжана ля ўваходу. Як толькі закончылася, — прыехала загадчыца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму. І перапісалі ўсіх студэнтаў, каго не было на занятках. Сталі выклікаць на “бяседу”. Гэта рабілася кожны дзень. Выклікалі й іхных бацькоў. І каб спыніць гэты ціск, я быў вымушаны напісаць заяву аб звальненьні. Мая заява была адразу ж задаволена..."

Днямі ў кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна ды баранавіцкай філіі БСДГ — былога прадпрымальніка Ўладзімера Бомбата, была незаконна, як ён лічыць, сканфіскавана друкаваная прадукцыя. Кажа сп. Уладзімер:



(Бомбат: ) “Гэта былі два старшыя лейтэнанты. Запытваюць, ці бачыў, што ўчора ў 11 гадзін вечара адбылося насупраць майго дому — такая зачэпка, значыць. “У маім калідоры ляжала “Народная воля”. “А вы што, распаўсюднік?” Кажу: “Люблю гэту газэту, раздаю сярод сяброў. Яна зарэгістраваная ў Дзяржрэестры”. “А ў Баранавічах яна зарэгістраваная?” Кажу, што тут не павінна. Яны зьвязваюцца з начальствам. “Мы ўсё ж яе “ізымем”. Склалі акт, забралі”…

Сябра КХП-БНФ сп. Зьверава цьвердзіць, што мясцовай суполкай было сабрана 3000 подпісаў за Зянона Пазьняка, але пасьля адмовы апошняга ўдзельнічаць у кампаніі рэгістраваць іх ня сталі. Свайго выбару Тамара Мікалаеўна ня ўтойвае.

(Зьверава: ) “Я пайду галасаваць “ні за кога”…

У абодвух апазыцыйных штабах канстатуюць, што акрэсьліўся й электарат Лукашэнкі. Кажа кіраўнік штабу Мілінкевіча сп. Сырыца.

(Сырыца: ) “Пэнсіянэры й расейскія вайскоўцы вельмі агрэсіўна выступаюць за Лукашэнку. Калі я зьбіраў подпісы, шмат разоў пераконваўся: як дзьверы ў кватэру брудныя — цябе абавязкова аблаюць. Маўляў,“шпіён, прадаўся Захаду, ваш Мілінкевіч нам не патрэбен”. А калі кватэры прыгожыя, акуратныя, — за яго падпісваліся. І вельмі прыстойна сустракалі”.

(Карэспандэнт: ) “І якія надзеі ўскладаюць у сувязі з гэтым баранавічане?”

(Сырыца: ) “Каб была свабода. Каб можна было вольна займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, друкаваць газэты, выказваць думкі й не баяцца, што цябе звольняць з працы”…

* * *

Баранавічы маюць багатую гісторыю. У паўгадзіннай праграме па гарадзкім радыё дагэтуль распавядаецца пра слынных землякоў: пра стваральніка ракетнага паліва Барыса Кіта, які некалі працаваў тут, пра ўніяцкага сьвятара Льва Гарошку й дзеяча беларускай эміграцыі ў Амэрыцы Янку Запрудніка, што навучыў беларускай мове цяперашняга амбасадара ЗША сп. Крола. 75% вучняў да 1994-га году вучыліся па-беларуску, цяпер — 0,075%, ці 24 маладзёнаў з 18 000. Гэта выклікае вялікі скепсіс у галоўнага рэдактара найбуйнога ў рэспубліцы незалежнага выданьня “Інтэкс-прэс”, дырэктара аднайменнага выдавецкага дому сп. Уладзімера Янукевіча.



(Янукевіч: ) “Вытраўлена мова. Няма мовы — няма краіны. Я ня думаю, што вялікі пратэстны патэнцыял ёсьць — для гэтага жыцьцё павінна стаць немагчымым. Ці ў пляне эканамічным, ці мусіць не хапаць свабоды. Калі верыць дзяржстатыстыцы — праўда, гэта цяжка — сярэдні заробак у Баранавічах 500 тысяч. Прапаганда дае адну карцінку — як кепска жыць у Расеі, на Ўкраіне. Азаронак запаланіў эфір: як Польшча ацэньвае, што ўсё ў нас вельмі добра. Прамыўка мазгоў адбываецца: маўляў, зарабляем свае 200 даляраў, жывём у спакойнай краіне, дзе няма тэрарызму, адукацыя бясплатная, прэзыдэнт увесь час наводзіць парадак. Завод аўтаматычных ліній нядобра сябе адчувае. Тым ня менш, людзі атрымоўваюць 150 даляраў, нічога ня робячы на працы! І гэтаму люмпэну больш нічога не патрэбна! Ён вып’е сваю пляшку таннага “чарніла” — і палепшала. Воля непатрэбна — ён яе ня бачыў і не адчуў...”

Наклад “Інтэкс-прэс” пасьля агульнабеларускага зьнішчэньня падпіскі ды выгнаньня з шапікаў “Саюздруку” незалежных выданьняў скараціўся з 25-ці да 17-ці тысяч. У рэдактара Янукевіча пытаю.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вас не закрылі?”

(Янукевіч: ) “У нас даўно ўласная сыстэма распаўсюду. Улада ведае, што ў нас найбольш пададзена было заяваў у суд ад чытачоў — 15. Не жадаюць напярэдадні выбараў выклікаць адмоўныя эмоцыі — мы самая ўплывовая газэта. Я баюся наступстваў пасьля выбараў...”

(Ярашэвіч: ) “Кіраўніцтва Баранавіцкага дзяржунівэрсытэту аб’явіла студэнтам: калі на заняткі 20-га сакавіка хтосьці са студэнтаў прыйдзе ў джынсах — гэта будзе кваліфікавана як заклік “за” джынсавую рэвалюцыю, якая нібыта плянуецца. І непазьбежна ўчыняцца супраць таго, “джынсавага”, рэпрэсіі — аж да выключэньня з унівэрсытэту...”

Пра гэта распавяла памянёная ўжо сп. Галіна Ярашэвіч. Намаганьнямі сябраў аб’яднаньня “Ліяра” яна спрабуе зрабіць выбары ў Баранавічах празрыстымі ды падкантрольнымі грамадзкасьці.

(Ярашэвіч: ) “Найбольш палохае незалежнае назіраньне, якое плянуем праводзіць у часе выбараў. Мы маем дзясяткі людзей, якія будуць задзейнічаны ў гэтай справе. І мы — у выніку — рэальна маем ведаць, за каго й як будзе праведзена галасаваньне ў Баранавічах”.

13 гадоў дзейнічае ў Баранавічах Свабодны прафсаюз Беларускі, у які ўваходзяць 4000 прадпрымальнікаў. 20 сакавіка ягоныя сябры зьбіраюцца выйсьці на Пляц Незалежнасьці са сваімі патрабаваньнямі. Кажа намесьнік старшыні прафсаюзнай суполкі каапэратыўнага рынку сп. Мікалай Чарнавус.



(Чарнавус: ) “Цяпер стаўка на Менск. Баранавічы — няма пытаньняў. Прадпрымальнікі не жадаюць здаваць выручку ў банк, бо адразу здымаюць 5%. Нязручна працаваць і з кнігамі ўліку, касавымі апаратамі. На пэнсійны фонд стаў на ўлік — плаціш, з загаду прэзыдэнта, пазыкі зь першага дня працы”…

Самы малады з ахвяраў палітычных рэпрэсій у Баранавічах — 20-гадовы кіраўнік мясцовай суполкі “Маладога фронту” Сяргей Марчык. Яго выгналі з унівэрсытэту, дзе ён вывучаў фінансавае права. Распавядае сп. Марчык:

(Сяргей: ) “17 лютага мяне выклікала дэкан і сказала, што з 18-га магу не наведваць пары: “Мы цябе выключаем за адміністрацыйнае парушэньне”. Якое — заўважу — заключалася ў маім удзеле 16-га ў Акцыі салідарнасьці са зьніклымі палітыкамі й супраць рэпрэсій. Я каля тыдня хадзіў на пары. І апошняе, што зрабілі — абвясьцілі: “У кожнага выкладчыка, што цябе пускае, будуць вялізарныя цяжкасьці”. І я вырашыў пасьля гэтага нікога не падстаўляць”…

Мы гутарым зь Сяргеем у 300 мэтрах ад будынку КДБ ды міліцыі. На плоце — сымболіка экстрэмісцкай расейскай Нацыянал-бальшавіцкай партыі. Непадалёк — зафарбаванае “графіці” ў падтрымку Мілінкевіча. Я ўсё фатаграфую й дапытваю ўсьлед.



(Карэспандэнт: ) “Ты адчуваеш сябе зламаным?”

(Сяргей: ) “Ведаеце, адчуваецца падтрымка — з усёй Беларусі тэлефануюць, з бліжняга замежжа. Бліжэйшым часам вырашыцца й з вучобай. Я люблю Беларусь, а “Малады фронт” — гэта адраджэньне нацыянальнай самасьвядомасьці. Мы, беларусы, забыліся, кім былі раней. Таму далучыўся да арганізацыі — гэта нейкі ўнутраны пратэст… І мяне не зламалі”….
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG