Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтны даклад Хрушчова


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача "Вострая брама".

(Дубавец: ) “50 гадоў таму, 25 лютага 1956 году ў Маскве на 20-м зьезьдзе КПСС Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам “Аб кульце асобы і яго наступствах”. Даклад аргумэнтавана распавядаў пра злачынствы сталінізму і павінен быў зьмяніць грамадзкую думку што да ролі Сталіна. Але гэтага не адбылося, бо даклад быў сьвядома засакрэчаны, і ў СССР не публікаваўся ажно 33 гады. Тым часам у курылках і на кухнях пра яго гаварылі. У выніку, гістарычны выступ Хрушчова ператварыўся ў міт, а сам Хрушчоў стаў героем анэкдотаў.

Сёньня ў нас ёсьць тры прычыны перачытаць сакрэтны даклад Хрушчова. Большасьць слухачоў Свабоды гэтага тэксту ня ведае. І гэта першая прычына. Выкрываючы Сталіна, Хрушчоў мусіў ня толькі казаць усю праўду, але, што самае галоўнае, супрацьпаставіць наскрозь казённай, бюракратычнай і ў самай сутнасьці сталінскай аўдыторыі матывацыі і аргумэнты іншага парадку, а менавіта – аргумэнты людзкасьці і маралі. Што рабіла ягоны даклад у пэўным сэнсе пазачасавым літаратурным творам, які не старэе ў залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры. І гэта другая прычына. Трэцяя прычына перачытаць выступ Хрушчова – у тым, што ён так і ня выканаў сваю ролю, бо не дайшоў да грамадзтва, якому быў адрасаваны. Таму многія заганы таталітарнае сыстэмы, якія ў дакладзе пераадольваюцца, сёньня, празь 50 гадоў, зноў паўстаюць перад намі неадольнымі перашкодамі.

Гістарычны выступ Хрушчова на партыйным зьезьдзе стаў момантам ісьціны.

Як жа так? Няўжо ў краіне, дзе былі рэпрэсаваныя мільёны людзей, ніхто пра гэты масавы тэрор уладаў ня ведаў? Высьвятляецца, што большасьць і сапраўды ня ведала. Каб зразумець гэта, трэба на хвіліну ўявіць сабе той час і паслухаць сьведкаў. Вось як тлумачыць сытуацыю драматург Алесь Петрашкевіч:”

(Петрашкевіч: ) “Справа ў тым, што бралі ў адным горадзе і засакрэчана. Бралі ў адным сяле, і там ужо зналі, што – дзесяць мужыкоў, ці пяць, ці тры... Гэта нямнога на вёску. У сям’і гэта ведалі. А ў такой канцэнтрацыі, у мільёнах – ніхто пра гэта ня ведаў і падумаць ня мог. Вось на вайне загінулі – гэта ўсе ведалі. А тут... Разумееце, гэта было сабрана ўціхую, а адкрыта ўсё адразу. І гэта калясальнае ўражаньне зрабіла на людзей”.

(Дубавец: ) “Аднак той спосаб, які быў абраны для распаўсюду сакрэтнага дакладу, ня толькі ня даў гэтаму тэксту адыграць сваю гістарычную ролю, але ставіў пад сумнеў ягоную рэальнасьць.

Даклад чытаўся на закрытым паседжаньні і не стэнаграфаваўся. Дэлегаты яго не абмяркоўвалі і ў прэсу ён не патрапіў. Зьезд прыняў пастанову пазнаёміць з дакладам усіх камуністаў, камсамольцаў і беспартыйны актыў. Тэкст чыталі на сходах, удзельнікі якіх давалі расьпіску не разгалошваць зьместу. Словам, сакрэтны даклад быў запраграмаваны на тое, каб дайсьці да людзей праз чуткі. Гэта ня тое што аслабіла, але падарвала эфэкт. Насельніцтва вялізнай краіны, выхаванае ў пакланеньні Сталіну, даведвалася пра тое, што кумір – ня бог, а роўна наадварот – д’ябал, не з цэнтральнай газэты і не з матэрыялаў 20-га зьезду, а дзе-небудзь у парылцы на верхняй паліцы. І гэта пры тым, што насельніцтва было да мозгу костак працятае сталінізмам. У выніку гістарычны даклад ператварыўся ў фантом, а сам Хрушчоў стаў пэрсанажам калі не адмоўным, дык камічным, што ніяк не пасавала змагару з культам асобы Сталіна. Натуральна, што і наступствы культу, якія пераадольваліся ў дакладзе, не пераадольваліся ў жыцьці. Пра Хрушчова згадвае Алесь Петрашкевіч”.

(Петрашкевіч: ) “Ён гаварыў многа, гаварыў бойка. Анэкдот быў: ці можна слана ўкруціць у газэту? Можна, калі ў ёй надрукаваны даклад Мікіты Сяргеевіча...”

(Дубавец: ) “Высьмейваньне Хрушчова з кожнай нагоды – з-за кукурузы, лысай галавы ці чаравіка, якім ён грукаў па трыбуне ААН – з аднаго боку, было адхланьнем, калі народ пасьля сталінскай готыкі акунуўся ў атмасфэру барочнай “несур’ёзнасьці”, а зь іншага – з кожным годам прымяншала ролю таго даклада, які заставаўся засакрэчаным. Урэшце, пасьля сыходу Хрушчова сталінізм канчаткова аправіўся ад шоку 20-га зьезду”.

(Петрашкевіч: ) “Самае цікавае, што было пасьля Хрушчова. Як загладжвалі ягоныя сьляды. Вельмі проста. Казалі адкрытым тэкстам – цяпер такой хрушчоўскай сьвістапляскі ня будзе. Будзем працаваць спакойна, упэўнена, грунтоўна... Хвалі прайшлі, настала ціша. Потым зьявілася плесьня, ціна...”

(Дубавец: ) “Заўважым, што сам Хрушчоў выдатна ўсьведамляў, што ягоны даклад павінен стаць вакцынай супраць сталінізму і ўсякага культу асобы. Вось што ён казаў у тым выступе:

“Мы павінны сур’ёзна распрацаваць і правільна прааналізаваць гэтае пытаньне для таго, каб выключыць усялякую магчымасьць паўтарэньня нават нейкага падабенства таго, што мела месца пры жыцьці Сталіна, які выяўляў поўную нецярпімасьць да калектыўнасьці ў кіраўніцтве і працы, дапускаў грубы гвалт над усім, што ня толькі супярэчыла яму, але што здавалася яму, пры ягонай капрызьлівасьці і дэспатычнасьці, супярэчным для ягоных установак”.

Хрушчоў ставіў задачу стварыць новыя, аб’ектыўныя падручнікі гісторыі, у якіх роля Сталіна была б адлюстраваная праўдзіва. Але гэтая задача ніколі ня будзе выкананая, дзякуючы самому дакладчыку, які напрыканцы выступу зазначыў:

“Гэтае пытаньне мы ня можам вынесьці за межы партыі, а тым больш, у друк. Менавіта таму мы дакладваем яго на закрытым паседжаньні зьезду. Трэба ведаць меру, не сілкаваць ворагаў, не агаляць перад імі нашы язвы. Я думаю, што дэлегаты зьезду правільна зразумеюць і ацэняць усе гэтыя мерапрыемствы. (Бурныя воплескі)”.

Як гэта заўсёды бывала ў Савецкім Саюзе, засакрэчаным даклад застаўся не ад ворагаў, а ад уласнага народу. Ужо ў 1956 годзе яго цалкам надрукавала газэта “Вашынгтон пост”, а сьледам за ёй – прэса па ўсім сьвеце. І толькі ў СССР ён зьявіўся празь дзесяцігодзьдзі, у 1989-м, у часопісе “Известия ЦК КПСС”. У выніку ідэя асуджэньня культу асобы авалодала масамі ў Амэрыцы і Францыі, у Аўстраліі і Швэцыі, дзе заўгодна, толькі ня там, дзе масы рэальна ад гэтага культу пацярпелі.

Нехта ахвотна вучыцца на чужых памылках, а нехта проста ня бачыць сваіх.

Варта ўявіць сабе дзьве гіпатэтычныя сытуацыі: калі б даклада не было наогул і калі б ён прагучаў так, як належыць. У першым выпадку СССР пайшоў бы паўночнакарэйскім шляхам. У другім – перабудова адбылася б на трыццаць гадоў раней... Трэба сказаць, што ў Беларусі даклад Хрушчова не друкаваўся ніколі.

* * *

Цікава, што стыль гэтага даклада, у сілу людзкасьці матывацыяў, успрымаецца зусім ня так, як карыкатурна-бюракратычны стыль афіцыйных прамоваў той эпохі. Дзякуючы гэтаму даклад Хрушчова ў большай частцы чытаецца, як напісаны сёньня. Месцамі ён нагадвае літаратурны помнік. Вось як тлумачыць гэта журналіст Аляксандар Лукашук, перакладчык і публікатар першай у Савецкім Саюзе біяграфіі Хрушчова”.

(Лукашук: ) "У Менску ніколі ня будзе вуліцы Мікіты Хрушчова. Улада, падобная да цяперашняй, не даруе яму Сталіна. Дэмакратычная ўлада не даруе заявы на прыступках дзяржаўнага ўнівэрсытэту пра тое, што беларусы першымі прыйдуць да камунізму, бо ўсе гавораць па-расейску, і гэта правільна.

Сваёй прамовай – непадрыхтаванай апаратам, без паперак, насуперак іншым членам вышэйшага кіраўніцтва – Хрушчоў зрабіў больш, чым мог. У сваёй далейшай працы ён зрабіў менш, чым мог. Зь яго ініцыятывы былі рэабілітаваныя сем народаў – калмыкі, чачэны, інгушы, кабардзінцы, балкарцы, карачаеўцы і чэркесы, а таксама вернутыя з ссылкі курды, грэкі, туркі. Але не была адноўлена справядлівасьць у дачыненьні да немцаў Паволжа і крымскіх татар. Быў надрукаваны Салжаніцын, але зацкаваны Пастарнак. Скасавана маскоўская вэртыкаль улады, якая перайшла ў тэрытарыяльныя саўнаргасы, але расстраляныя рабочыя Наварасійска. Завезены ядзерныя ракеты на Кубу, але вайна была цудам пазьбегнутая. Гэты сьпіс можна працягваць.

Галоўны ўрок Хрушчова – непасьлядоўнасьць, сумяшчэньне несумяшчальнага, палавінчатасьць – не такія ўжо дрэнныя рэчы. Верагодна, у таталітарнай сыстэме зьмены могуць ажыцьцяўляцца толькі ў рэжыме пераменнага току, зьмена палюсоў забясьпечвае рух жыцьця.

Аляксандар Салжаніцын пісаў, што цуд ліквідацыі ГУЛАГУ і вызваленьня мільёнаў зьняволеных быў вынікам душэўнага руху Хрушчова, які захаваў здольнасьць да раскаяньня і дабра. І гэта другі ўрок – самыя дасканалыя машыны зла развальваюцца ад душэўнага руху".

(Дубавец: ) "Дзіўна, як тупаломны і абсурдны бюракратызм у нейкія моманты гісторыі адступае нават у самым тупаломным асяродзьдзі, і галоўнымі аргумэнтамі, хоць бы на імгненьне, становяцца звычайныя ісьціны людзкасьці – маўляў, нашто было тых “ворагаў народа” забіваць, калі зь імі трэба размаўляць, пераконваць. Яшчэ трошкі, і скажам – альбо быць перакананымі імі. Але гэта ўжо людзкасьць, так бы мовіць, абсалютная, “антыпартыйная”..."

* * *

Цяпер – пра самае галоўнае: пра тыя наступствы культу асобы, якія ў выніку засакрэчанасьці даклада засталіся для нас непераадоленымі.

Калі дэспатызм Сталіна, прызнаньне маральнага і фізычнага зьнішчэньня ім мільёнаў людзей сёньня ўспрымаюцца грамадзтвам амбівалентна – кімсьці адмоўна, а кімсьці станоўча, – дык роля Сталіна ў перамозе 1945 году зноў стала вырашальнай у сёньняшняй афіцыйнай прапагандзе. Між тым, гэтай тэме прысьвечаны ці не найважнейшы разьдзел сакрэтнага даклада. "Адзінаўладзтва Сталіна прывяло да асабліва цяжкіх наступстваў у часе Вялікай Айчыннай вайны", кажа Хрушчоў і прыводзіць факты нічым не апраўданага зьнішчэньня ледзьве не ўсяго складу камандзіраў савецкае арміі напярэдадні вайны і нічым не апраўданае гібелі соцень тысяч савецкіх вайскоўцаў у часе апэрацыяў, якімі з Крамля кіраваў сам Сталін. Прамоўца выконвае складаную задачу – пераканаць у тым, што перамога была дасягнутая ўсім савецкім народам ня дзякуючы генію Сталіна, а наадварот – насуперак яму. І гэта Хрушчову ўдаецца, бо факты на ягоным баку.

Але сёньня наша грамадзтва гэтых фактаў ня ведае, і немагчыма ўявіць сабе, каб даклад Хрушчова праз 50 гадоў зьявіўся дзе-небудзь у “Советской Белоруссии”. Наадварот, цяперашні рэжым усімі сіламі вяртае людзей да пакланеньня Сталіну, круцячы наскрозь ілжывыя фільмы пра бацьку народаў і прыдумляючы мэмарыялы кшталту “Лініі Сталіна”, ніякіх дакумэнтальных падставаў для якіх не існуе.

Грамадзтва не забясьпечанае Хрушчоўскім дакладам ад паўтарэньня самых страшных эпізодаў гісторыі сталінізму. Чытаючы сакрэтны даклад, мы ўвесь час сустракаем у ім такія знаёмыя рысы цяперашняга кіраўніка. Вось характэрныя цытаты Хрушчоўскае прамовы:

“У сьнежні 1922 году ў сваім лісьце да чарговага зьезду партыі Ўладзімер Ільліч пісаў: “Тав. Сталін, зрабіўшыся генсекам, засяродзіў у сваіх руках неабдымную ўладу, і я ня ўпэўнены, ці здолее ён заўсёды дастаткова асьцярожна карыстацца гэтай уладай”.

Цяпер – сам Хрушчоў:

“Гэты чалавек быццам бы ўсё ведае, усё бачыць, за ўсіх думае, усё можа зрабіць; ён непагрэшны ў сваіх учынках. Такое ўяўленьне пра чалавека, і, кажучы канкрэтна, пра Сталіна, культывавалася ў нас шмат гадоў”.

Хрушчоў паказвае дынаміку “пагружэньня” краіны ў таталітарызм. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што масавыя фізычныя расправы з праціўнікамі ленінізму Сталін распачаў ужо пасьля таго, як яны былі цалкам разьбітыя ідэйна.

“Сталін увёў панятак “вораг народа”. Гэты тэрмін адразу вызваляў ад неабходнасьці любых доказаў ідэйнай неправаты чалавека ці людзей, зь якімі ты вядзеш палеміку: ён даваў магчымасьць усякага, хто ў нечым ня згодны са Сталіным, хто быў толькі западозраны ў варожых намерах, усякага, хто проста стаў ахвярай паклёпу, падвергнуць самым жорсткім рэпрэсіям. Трэба сказаць, што і ў дачыненьні да людзей, якія ў свой час выступалі супраць лініі партыі, часта не было дастаткова сур’ёзных падставаў, каб іх фізычна зьнішчаць. Для абгрунтаваньня фізычнага зьнішчэньня такіх людзей і была ўведзена формула “вораг народа”.

Тое, што сёньня ў Беларусі ёсьць толькі адзін палітык, варты народнага прызнаньня, а таксама тое, што мы ўзятыя ў кола варожых краін і павінны мацаваць абароназдольнасьць, бо вораг ня дрэмле і можа напасьці ў любы момант – гэта ўсё мы ўжо маем. Таму варта зьвярнуць увагу на тое, чым такі стан грамадзкае думкі звычайна канчаецца. Хрушчоў кажа:

“Нельга ня бачыць і таго, што ў выніку шматлікіх арыштаў партыйных, савецкіх і гаспадарчых работнікаў многія нашы кадры сталі працаваць няўпэўнена, з аглядкай, баяцца новага, асьцерагацца і ўласнага ценю, менш сталі праяўляць ініцыятывы ў працы”.

Ці ж не знаёмая сытуацыя сёньняшняй беларускай намэнклятуры? Асабіста я даўно ня бачыў на БТ чыноўніка, у якога б не дрыжаў голас і які б не хаваў ад камэры вачэй.

“Трэба сказаць, што ў пасьляваенны пэрыяд становішча яшчэ больш ускладнілася. Сталін стаў больш капрызным, раздражнёным, грубым, асабліва разьвілася ягоная падазронасьць. Да неверагодных памераў павялічылася манія перасьледу. Пасьля вайны Сталін яшчэ больш адгарадзіўся ад калектыву, дзейнічаў выключна аднаасобна, не лічыўся ні з кім і ні з чым”.

Тут мне згадваецца трэці тэрмін, на які вырашыў пайсьці Аляксандар Лукашэнка, памяняўшы для гэтага Канстытуцыю. Памятаеце, як ён матываваў сваё рашэньне? Маўляў, на каго ж я пакіну народ і краіну? Хрушчоў заўважае пра тое самае ў Сталіна:

“Сталін казаў нам: “Вы сьлепакі, кацяняты, што ж будзе безь мяне – загіне краіна, бо вы ня можаце распазнаць ворагаў”.

Іншымі словамі, Хрушчоў выкрывае ў Сталіне тыя самыя адмоўныя якасьці чалавека і кіраўніка, якія ў Лукашэнку выкрываюць апанэнты ягонага рэжыму. Адсюль непрыняцьце крытыкі Лукашэнкі апалягетамі Сталіна і наадварот. Апалягеты Сталіна схільныя ягоную грубасьць і некалегіяльнасьць разглядаць як станоўчыя якасьці. А лукашэнкаўцы вызнаюць вяршэнства цьвёрдай рукі і жалезнага парадку.

Даклад Хрушчова не пазбавіў беларусаў ад гена таталітарызму. Лукашэнка выкрываў Кебіча, нехта наступны выкрые Лукашэнку. Сыстэма зьмены ўлады праз выкрыцьцё папярэдніка застаецца актуальнай для Беларусі і беларусаў. Гэта вынік прымітывізацыі ўлады, апалягетыкі парадку, а не гармоніі, да якой імкнуцца найбольш разьвітыя і дэмакратычныя краіны.

Сакрэтны даклад быў рубіконам, які наша грамадзтва мусіла перайсьці, але не перайшло. Галоўнай антрапасфэрнай зьявай у часы Сталіна быў страх. Пазбавіцца ад страху – адзін зь лёзунгаў цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі. Але страх можа сысьці толькі разам зь цемрай няведаньня, у якой жыве прывід Сталіна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG