Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай фільгармоніі – 70 гадоў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адзначалася 70-годзьдзе Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі.

Увечары ў Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі адбыўся сьвяточны канцэрт, які пачаў дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі. Выконваўся твор Андрэя Мдзівані “Полацкія пісьмёны”, дырыгаваў народны артыст Беларусі Міхась Казінец.

У фільгармоніі многа вядомых калектываў. Дастаткова згадаць акадэмічную харавую капэлю імя Шырмы, акадэмічны народны аркестар імя Жыновіча, ансамбаль салістаў “Класік-авангард” і ансамбаль народнай музыкі “Сьвята”. Аднак Беларуская фільгармонія, як цьвердзяць адмыслоўцы, з-за адсутнасьці сродкаў усё яшчэ ня мае магчымасьці запрашаць замежных зорак.

Чыноўнікі раздавалі сёньня граматы артыстам. А ў фае гучала музыка. Там я сустрэў вядомых асобаў. Кампазытар Дзьмітры Смольскі сказаў:

“Мой лёс, мая творчасьць – усё зьвязана з фільгармоніяй. Я з 1961 году супрацоўнічаю з аркестрам. У 1961 годзе было першае выкананьне маёй першай сымфоніі, і з таго часу я кожны год зьвязаны з сымфанічным аркестрам. Гэта мой другі дом, а можа, і першы ў музычным пляне”.

Сярод гасьцей кампазытар Сяргей Картэс:

“Фільгармонія для мяне – гэта другі дом. Ужо 52 гады, мы якраз зь сястрой гаварылі, 52 гады я тут, спачатку ў клюбе Дзяржынскага, а потым ужо тут зь першага канцэрту літаральна. І самыя лепшыя канцэрты, якія былі ў Менску, застануцца ў памяці да канца дзён”.

Гутару з пробашчам менскага касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Ўладыславам Завальнюком. Ён, відаць, невыпадкова прыйшоў на гэты вечар?

“Я прыйшоў таксама таму, што мы вельмі цесна супрацоўнічаем: частачка фільгармоніі дзейнічае таксама ў нашым Чырвоным касьцёле. І я радуюся, што шмат людзей пазнаюць праз Чырвоны касьцёл нашу велічную фільгармонію. Так што няхай Бог бласлаўляе на многія, многія 70-годзьдзі”.

Адна са сталых наведніц фільгармоніі, лекарка Элеанора Ламаносава:

“Я наведваю фільгармонію ад першых дзён яе існаваньня, бо мы вярнуліся ў Менск пасьля вайны, пасьля эвакуацыі ў 1944 годзе. І першыя канцэрты праходзілі ў тым памяшканьні, дзе цяпер знаходзіцца кансэрваторыя. Была адна заля, але заўсёды поўная. Я памятаю, як ствараўся гэты будынак, як ён быў адчынены”.

Які канцэрт вам спадабаўся найбольш, які вы можаце згадаць?

“Мне вельмі спадабаўся “Рэквіем” нашага аркестру і хору беларускага. Я люблю Моцарта. І вельмі добра, што цяпер праводзяцца канцэрты опэрных сьпевакоў у малой залі. Вельмі добра, што стварылі гэтую залю”. Юбілейны канцэрт

Ксёндз У.Завальнюк сярод гасьцей сьвяточнай імпрэзы

С.Картэс на юбілеі фільгармоніі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG